Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр сустрэлася з прадстаўнікамі штабу Віктара Бабарыкі


Іван Краўцоў, Антон Раднянкоў, Джулі Фішэр і Тацяна Хоміч.
Іван Краўцоў, Антон Раднянкоў, Джулі Фішэр і Тацяна Хоміч.

26 красавіка прадстаўнікі аргкамітэту партыі «Вместе» экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі сустрэліся з амбасадаркай ЗША ў Беларусі.

У тэлеграм-канале зьняволенага палітыка ўдакладняецца, што Іван Краўцоў, Антон Раднянкоў і Тацяна Хоміч падчас сустрэчы з Джулі Фішэр асаблівую ўвагу аддалі парадку дня падрыхтоўкі да перамоваў з уладай і сцэнарам выхаду з палітычнага крызісу.

Таксама абмяркоўвалася агульная стратэгія дзеяньняў дэмакратычных сіл, палітычны перасьлед Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай і каманды штабу, ціск на адвакатуру і грамадзянскую супольнасьць, парушэньне правоў палітычных зьняволеных.

«Злучаныя Штаты добра інфармаваныя адносна сытуацыі ў Беларусі, і задача вырашэньня палітычнага крызісу застаецца адной з прыярытэтных у зьнешнепалітычных дзеяньнях», — сказана ў паведамленьні.

Да таго Джулі Фішэр сустрэлася ў Вільні зь лідэрам дэмакратычных сілаў Сьвятланай Ціханоўскай.

Штаб экс-прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду ў канцы сакавіка адкрыў збор заявак ад ахвотных уступіць у партыю «Вместе». Сам Віктар Бабарыка ад сярэдзіны чэрвеня мінулага году ўтрымліваецца за кратамі нібыта за «эканамічныя злачынствы».

У канцы мінулага году Дзярждэпартамэнт зацьвердзіў Джулі Фішэр амбасадаркай у Беларусі — ад 2008-га пасада заставалася вакантнай. Аднак сёлета ў інтэрвію Нацыянальнаму грамадзкаму радыё ЗША яна заявіла, што ня можа прыехаць у Беларусь, бо ня мае дыпляматычнай візы.

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей днямі заявіў, што Менск гатовы прыняць амэрыканскага амбасадара ў любы час, але хоча мець «выразную і зразумелую пэрспэктыву далейшага ўзаемадзеяньня па ўсіх напрамках».

Літоўскае зьнешнепалітычнае ведамства выказала гатоўнасьць акрэдытаваць Джулі Фішэр, што кіраўніцтва Беларусі рэзка скрытыкавала.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG