Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вывеў 24 гектары з рэкрэацыйнай зоны Менску для будаўніцтва шматпавярховікаў


Зьмены ў Генэральны плян Менску каля раёну Навінкі
Зьмены ў Генэральны плян Менску каля раёну Навінкі

Менскі мікрараён Навінкі​ разрастаецца ў бок Цнянскага вадасховішча. Па другі бок вуліцы быў скандал зь перакупліваньнем кватэраў.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб зьменах у генэральны плян Менску (PDF). Паводле ўказу, зь ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны між мікрараёнам «Навінкі» і Цнянскім вадасховішчам вымаецца ўчастак у 24 гектары для пабудовы шматкватэрных дамоў і школы.

Гэта ўчастак на ўсходнім баку вуліцы Паўліны Мядзёлкі. Там цяпер землі сельскагаспадарчага прызначэньня — зносіць нічога не давядзецца. У 2009 годзе на месцы тутэйшых палёў пачалі праектаваць мікрараён «Паўночны» і нават далі назвы будучым вуліцам. Але Аляксандар Лукашэнка абурыўся, што пад будаўніцтва аддаюць палеткі, і пляны скасавалі.

Па другі бок вуліцы вядзецца будаўніцтва, дзе патэнцыйныя пакупнікі наракалі на масавае перакупліваньне кватэраў па 600–650 даляраў за м² — падобна, менавіта пра гэты раён казаў Лукашэнка, калі ў лістападзе расказваў, што «адзін курносы ці ўдвох» скупілі і перапрадалі дзясяткі кватэраў па такой цане. Тады Лукашэнка даў загад «усіх у сьледчы ізалятар, надзець кайданкі, разабрацца і вярнуць грошы народу», бо пабачыў магчымую карупцыйную схему — і загадаў узмацніць адказнасьць за карупцыйныя злачынствы.

У Беларусі нярэдка ўзьнікаюць канфлікты з забудовай і «ўшчыльненьнем» жылых раёнаў. Бываюць нават праціўнікі будаўніцтва ў чыстым полі.

Так, жыхары пасёлка Сонечны, што ля менскага «Экспабелу», нядаўна расказвалі Naviny.by, што будаўніцтва новага жытла ля іхных дамоў пачалі без належнага грамадзкага абмеркаваньня і без вырашэньня ўжо наяўных праблемаў – вузкіх дарог безь сьвятлафораў, адсутнасьці дзіцячых садкоў, школаў і паліклінік.

У сьнежні мінулага году Лукашэнка таксама адсякаў частку ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны Менску пад забудову — у тым ліку 0,13 гэктары асабліва ахоўнай тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны», дзе на той момант кампанія «Тапас» ужо пачала будаўніцтва забаўляльнага комплексу.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG