«Для яго Беларусь — найвышэйшая каштоўнасьць». Жонка Статкевіча расказала, чаму ён застаўся ў Беларусі

Марына Адамовіч, архіўнае фота

З Марынай Адамовіч, жонкай Міколы Статкевіча, пагутарыла спэцкарэспандэнтка «Новой газеты Европа» Ірына Халіп.

У нядзелю вечарам Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Міколы Статкевіча, які зьнік на беларуска-літоўскай мяжы, падала заяву ў міліцыю пра зьнікненьне чалавека. На той час прайшло трое сутак з таго моманту, як Мікола патэлефанаваў ёй зь мяжы і сказаў, што яго разам зь іншымі палітвязьнямі спрабуюць вывезьці ў Літву, але ён нікуды не паедзе і вернецца ў Беларусь. Пасьля ён зьнік. Без дакумэнтаў, бяз рэчаў, бязь лекаў.

Заяву ў Марыны прынялі. У панядзелак раніцай выданьне «Наша Ніва» паведаміла са спасылкай на крыніцу, што Статкевіч знаходзіцца ў той жа калёніі ў Глыбокім, зь якой яго вывезьлі 11 верасьня. Але пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма. У сваю чаргу, прапагандысты сьцьвярджаюць, што ён у Літве, а памежная служба Літвы гэта абвяргае.

«Новая-Европа» паразмаўляла з Марынай Адамовіч пра Міколу, рэжым інкамунікада, адзіны званок зь мяжы і пра тое, чаго варта чакаць у будучыні.

— Марына, вы зь Міколам калі-небудзь наогул абмяркоўвалі тэму магчымага адʼезду зь Беларусі?

— Ніколі. Для нас гэта імпэратыўна, па змаўчаньні, немагчыма. І ў 2015 годзе, калі Мікола выйшаў пасьля папярэдняга турэмнага тэрміну, велізарная колькасьць людзей на вуліцах падыходзілі да яго, каб паціснуць руку, і ледзьве ня кожны пытаўся: «Ну вы ж ня зьедзеце? Вы ж нас не пакінеце?» Мікола заўсёды адказваў, што нікуды ня зьедзе. І, натуральна, мы гэта нават не абмяркоўвалі.

— Як вы даведаліся пра тое, што Мікола больш не ў калёніі?

— Я даведалася пра гэта ад свайго сына Юры. Магчыма, гэта было яшчэ да першых паведамленьняў у мэдыя. Ён напісаў мне ў мэсэнджэр: «Мама, гэта пі**ц». Я яму ператэлефанавала, і ён крычаў: «Мама, ён вяртаецца!» Я спачатку не зразумела: хто, што, куды вяртаецца?.. Юра сказаў: «Міколу вывозяць з краіны, а ён вяртаецца ў Беларусь». Аказалася, Мікола тэлефанаваў мне з чужога тэлефона практычна адразу ж, як выскачыў з таго аўтобуса, але не дазваніўся: нумар быў адключаны, я ў той момант знаходзілася не ў Беларусі. І тады ён патэлефанаваў Юру. Увогуле, у выніку я прадыктавала Юру нумар дзяўчыны, якая знаходзілася побач са мной, і Мікола змог мне патэлефанаваць — з чужога тэлефона на чужы. Гэта было неверагодна — той жа голас, тая ж упэўненасьць, тая ж любоў.

Ён сказаў: «Нас спрабуюць вывезьці, але я гэтага ім не дазволю, я вяртаюся ў Беларусь».

На жаль, мы змаглі паразмаўляць вельмі коратка. Побач зь ім, па словах тых, хто знаходзіўся ў аўтобусе, стаялі двое гэбістаў — яны правільна стаялі, на камэры назіраньня ня трапілі. Іх не відаць.

Мікола Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы 11 верасьня 2025 году


— Вы не прасілі яго хоць бы дзеля бясьпекі на гэты раз пагадзіцца і зьехаць?

— Не. Я толькі прасіла, каб ён мяне дачакаўся на мяжы. Я хацела яго абняць. Я гатова была заставацца зь ім на нэўтральнай паласе столькі, колькі спатрэбілася б, хоць усё жыцьцё. Але не пасьпела. Я разумела, што ён ня будзе мяне чакаць. Гэта было б занадта невыносна. Потым я ідэнтыфікавала гэтае месца, дзе Мікола знаходзіўся: шлягбаўм, побач будка і перад шлягбаўмам бэтонны адбойнік. Мэтар плошчы.

— І з таго моманту, калі ён вам патэлефанаваў, не было ніякіх зьвестак? Можа, нейкія неафіцыйныя «сыгналы»?

— Ну што вы. Я наогул зьдзіўляюся, як яны такі пракол дапусьцілі: паспрабаваць вывезьці Міколу, улічваючы характарыстыкі яго асобы, — зусім бессэнсоўная задума. Ня толькі для мяне, але і для іх павінна было быць відавочна, што вывезьці яго не атрымаецца. Калі пачаліся дэпартацыі пад выглядам вызваленьня, асабліва пасьля ўгоды з вывазам Сяргея Ціханоўскага, я больш за ўсё баялася, што зь Міколам паспрабуюць зрабіць гэтаксама: ведала дакладна, як ён сябе павядзе. І яшчэ ён мне пасьпеў па тэлефоне сказаць: «Яны вывозяць патрыётаў. Што будзе з краінай?» Яны ж сапраўды ўсю «старую гвардыю» сабралі на ноч перад дэпартацыяй у адной камэры СІЗА КДБ. Хлопцы, якія правялі ноч у гэтай камэры, казалі мне потым, што Мікола адразу сказаў: «Я нікуды не паеду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я са сваёй радзімы ня зьеду». Мікалай Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь пасьля вызваленьня


— Колькі часу доўжылася інкамунікада Міколы? Ці можаце падлічыць час ад апошняга званка з калёніі да званка з нэўтральнай паласы?

— У нас не было званкоў з калёніі нават да поўнай ізаляцыі. Быў адзін-адзіны званок у 2022 годзе — гэта ў іх па крымінальна-выканаўчым кодэксе называецца выключнымі абставінамі: «Сьмерць або цяжкае захворваньне блізкага сваяка, якое пагражае яго жыцьцю». Спатканьняў у калёніі ў нас не было наогул ні разу за тры гады і амаль тры месяцы, якія ён правёў у Глыбокім, — гэта адзіная ў Беларусі калёнія асаблівага рэжыму. У апошні раз я яго бачыла на кароткатэрміновым спатканьні, якое нам далі пасьля апэляцыі, 1 чэрвеня 2022 году. З таго часу я Міколу ня бачыла і ня чула. А поўнае інкамунікада пачалося 9 лютага 2023 году і доўжылася два гады, сем месяцаў і два дні — да званка зь мяжы. Зь Міколы ўсё пачалося, потым у поўнай ізаляцыі апынуліся і іншыя палітвязьні — увогуле, распаўсюджваньне перадавога досьведу.

— І як вы трымаліся гэтыя два гады сем месяцаў і два дні, калі ніхто ня ведаў, ці жывы Мікола ўвогуле?

— Я ведала, што ён жывы. Паміж намі заўсёды ёсьць сувязь — ня ведаю, як гэта растлумачыць. Праз Бога, напэўна. Я заўсёды адчуваю, калі яму дрэнна, а калі добра. І я ўвесь гэты час проста разумела, што ён жывы. Дарэчы, хлопцы, якія сядзелі зь ім у тую апошнюю ноч у камэры СІЗА КДБ, сказалі, што ён падчас адседкі перанёс інфаркт. І я ўспомніла, як аднойчы мне стала невыносна дрэнна. Я проста качалася па падлозе і выла. І ў нядзельны вечар ірванула шукаць яго па турэмных шпіталях. Гэта было ў красавіку. Думаю, менавіта тады ў яго і быў інфаркт.

— Вы меркавалі, што ён можа проста выскачыць з аўтобуса?

— Вядома. Па-першае, ён абяцаў людзям. Па-другое, для яго Беларусь — найвышэйшая каштоўнасьць. Па-трэцяе, для яго гэта азначала б здрадзіць самому сабе. І, урэшце, ён павінен быў зламаць гэтую гульню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хаўрусьнік Статкевіча: «Ён будзе там, дзе хоча, і пляваць хацеў на „калгаснага лідэра“»

— Паплечнік Міколы Яўген Вільскі, які прыяжджаў у той дзень на мяжу і спрабаваў угаварыць Міколу паехаць у Літву, казаў, што Мікола адказаў: «Лукашэнка ня будзе распараджацца маім жыцьцём».

— Не зусім дакладна.

Ён казаў, што Лукашэнка ніколі ня будзе вырашаць, дзе яму, Міколу Статкевічу, жыць. Ягоным жыцьцём Лукашэнка якраз можа распарадзіцца, але не свабодай, выбарам, каштоўнасьцямі.

Для Міколы застацца сабой заўсёды было важней, чым знаходзіцца ў бясьпецы і на волі. Ён заўсёды казаў: «Нашы каштоўнасьці каштуюць роўна столькі, колькі мы гатовыя за іх заплаціць». Я за апошнія дні прачытала столькі ўсялякага пра выбар Міколы, што камэнтаваць магу толькі матам: пра тое, што «чаго ён там дабʼецца, застаўся б на волі ў Літве і мог бы прынесьці больш карысьці». Ага, паўмільёна тых, хто зьехаў, прынесьлі такую карысьць Беларусі, што на Марсе будуць яблыні квітнець пры такой вось актыўнасьці.

— Колькі ў агульнай складанасьці Мікола адсядзеў?

— Практычна 12 гадоў. У гэты раз ён правёў за кратамі пяць гадоў тры месяцы і 12 дзён. І ня проста за кратамі, а ў адзіночнай камэры. У мінулы раз — чатыры гады восем месяцаў і тры дні. Плюс два гады «хіміі», плюс СІЗА пасьля Маршу свабоды ў 1999 годзе. А адміністрацыйныя содні нават падлічыць немагчыма. Для мяне гэта вельмі балюча, калі нядбайна падаюць інфармацыю пра яго. Вось чытаю: «Пасьля выбараў 2010 году Мікола Статкевіч адседзеў больш за чатыры гады». Што значыць «больш за чатыры»? А давайце вы адседзіце гэтыя восем месяцаў і тры дні, якія пазначылі невыразным словам «больш», і зразумееце, што гэта значыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11,5 году за кратамі. За што Лукашэнка адпраўляў Міколу Статкевіча ў турму і на колькі

— Цяпер, калі вы падавалі заяву ў міліцыю пра зьнікненьне Міколы, вам не спрабавалі перашкодзіць?

— Не, заяву яны прынялі. Праўда, гэта было вельмі доўга, пратрымалі мяне тры гадзіны ў нядзельны вечар. І пакуль я сядзела, назірала: там цяпер усе такія маладыя-зялёныя, што проста страшна.

— Якой рэакцыі вы чакаеце?

— Калі яны два гады і сем месяцаў маглі трымаць майго мужа ў поўнай ізаляцыі, то што можа прымусіць мяне думаць, быццам цяпер мне раптам патэлефануюць і скажуць што-небудзь? Я буду шукаць яго ўсімі магчымымі спосабамі. Я вельмі спадзяюся, што ўгоду з амэрыканцамі, у рамках якой палітвязьняў вывезьлі з турмаў, рэжыму адмяніць ужо не захочацца. І гэта дае надзею, што Мікола жывы і вернецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У іх ніхто не пытаецца». У сацыяльных сетках разгарнулася дыскусія вакол апошняга вызваленьня палітвязьняў