Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр апошні з братоў Бельскіх, якія ў часе вайны стварылі пад Налібакамі «Лясны Ерусалім»


Арон Бельскі на месцы партызанскага лягеру, 2019 год
Арон Бельскі на месцы партызанскага лягеру, 2019 год

Пайшоў з жыцьця Арон Бельскі — апошні з чатырох братоў, якія ў часы ІІ усясьветнай вайны заснавалі ў Налібацкай пушчы найбуйнейшы габрэйскі партызанскі рух у Эўропе — свой атрад, які яшчэ называлі «Лясным Ерусалімам».

Пра гэта паведаміла старонка The legacy of the Belsky brothers.

Ад Галакосту ў атрадзе ўратаваліся больш як тысяча чалавек. Туды бралі ня толькі ўзброеных людзей, а ўсіх, каго маглі ўратаваць.

«Цалкам адданы памяці сваіх братоў і бацькоў, ён ніколі не казаў пра сябе як пра героя, для яго героямі былі ягоныя браты. Ён таксама быў абавязаны ім сваім жыцьцём, як і тысячы іншых габрэяў. Нягледзячы на ўсе свае недахопы, ён жыў з Богам у сэрцы і лічыў любоў сапраўднай каштоўнасьцю жыцьця. Спадчынная трываласьць, любоў і ўдзячнасьць Арона дазволілі яму пражыць доўгае жыцьцё і несьці спадчыну братоў Бельскіх. Быць Бельскім было для яго вялікім гонарам. Няхай яго душа спачывае зь мірам!» — напісала Тамара Вяршыцкая, дасьледніца, якая стварала ў Наваградку Музэй габрэйскага супраціву.

Браты пасьля вайны адправіліся ў Польшчу, а адтуль у Ізраіль. Затым жылі ў ЗША. Пра братоў здымалі фільмы і пісалі кнігі, а ў Савецкім Саюзе іхную дзейнасьць замоўчвалі.

Зь верасьня 1943-га да ліпеня 1944 году асноўная база атраду «Лясны Ерусалім» месьцілася ў Налібацкай пушчы, дзе ад зьнішчэньня выратаваліся 1200 чалавек.

У 2019-м 93-гадовы Арон Бельскі разам з нашчадкамі іншых удзельнікаў атраду ўпершыню пабываў на месцы былога лягеру. На пытаньне, ці памятае ён гэтую мясьціну, Арон Бельскі адказваў па-філязофску:

«Лес — гэта лес. Мне было тут 10-13 гадоў. Мне яго хапіла. Калі мы ўжо адсюль паедзем?»

Яго сваячка Асаэль Бельская, дачка Асаэля Бельскага, падкрэсьліла важнасьць місіі свайго бацькі і дзядзькаў:

«Тувія казаў: важней выратаваць аднаго габрэя, чым забіць 10 немцаў. Ён гаварыў: не ідзі забіваць немцаў, бо расейцы зробяць гэта лепш, чым мы. А мы мусім ратаваць жыцьці габрэяў».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG