Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Малдовы правяла сотні ператрусаў пасьля расьсьледаваньня ўмяшаньня Крамля ў парлямэнцкія выбары


Супрацоўнікі паліцыі спэцыяльнага прызначэньня Малдовы
Супрацоўнікі паліцыі спэцыяльнага прызначэньня Малдовы

Ператрусы адбыліся ранкам 22 верасьня, рэйды прайшлі больш як у 100 паселішчах.

У межах крымінальнай справы, заведзенай у Малдове за падрыхтоўку Расеяй беспарадкаў і дэстабілізацыі на парлямэнцкіх выбарах у Малдове, прайшлі звыш 250 ператрусаў.

Адзін з кіраўнікоў апазыцыйнага блёку «Патрыятычны», кіраўнік Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова (ПСРМ) і колішні прэзыдэнт дзяржавы Ігар Дадон заявіў, што паліцыя правяла рэйды ў тэрытарыяльных арганізацыях яго палітычнай сілы ў гарадах Дрокія і Рышкань.

Дадон назваў гэтыя дзеяньні «запалохваньнем» і падрыхтоўкай дзейнага ўраду «да скасаваньня выбараў» у выпадку паразы на выбарах 28 верасьня. Партыя «Дзеяньне і салідарнасьць» (Partidul Acțiune și Solidaritate, PAS) пакуль не адказала на гэтыя абвінавачваньні.

У сваім паведамленьни паліцыя Малдовы ўдакладніла, што ў меркаваныя дэстабілізацыйныя дзеяньни былі таксама залучаныя крымінальныя элемэнты.

Таксама 22 верасьня супрацоўнікі Нацыянальнага антыкарупцыйнага цэнтру і пракуроры Кішынёва правялі ператрусы ў сталіцы і горадзе Архэй у справе аб незаконным фінансаваньні партыящ і подкупе выбарнікаў. У выніку аднаго чалавека затрымалі ў падазрэньні ў датычнасьці да злачынства незаконнага фінансаваньня партыящ.

Гэта ня першая сэрыя ператрусаў у падобных справах у верасьні. 8 верасьня на поўначы Малдовы прайшлі 60 ператрусаў, 15 чалавек затрымалі, а каля 3 мільёнаў леяў сканфіскавалі ў справе аб незаконным фінансаваньні палітычных партыяў, подкупе выбарнікаў і адмываньні грошай.

16 верасьня пракуроры і супрацоўнікі антыкарупцыйнай службы сканфіскавалі больш за 20 мільёнаў леяў пры ператрусах у Кішынёве ў справе аб незаконным фінансаваньні партыяў «пры абцяжлівых абставінах». Расьсьледаваньне накіраванае супраць зьвязаных з палітычнымі партыямі асобаў, імёны якіх праваахоўныя органы не раскрываюць.

Расьсьледаваньне крамлёўскага ўплыву на выбары ў Малдове

Журналісты BBC укараніліся ў сетку, каардынаваную праз Telegram, і высьветлілі, як яна працуе на зрыў парлямэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў Малдове 28 верасьня. Нованабраных запрасілі на адмысловыя онлайн-сэмінары, на якіх «рыхтавалі апэратыўнікаў». Сярод тэмаў сэмінараў была і такая: «Як прайсьці шлях ад кухні да нацыянальнага лідэра».

Каардынатарка паабяцала плаціць тры тысячы малдоўскіх леяў (170 даляраў у эквіваленце) на месяц за публікацыі ў TikTok і Facebook перад выбарамі праз расейскі «Промсвязьбанк», які знаходзіцца пад санкцыямі і лічыцца афіцыйным банкам Міністэрства абароны Расеі.

Апроч таго, гэты банк ёсьць акцыянэрам адной з кампаніяў Ілана Шора — зьбеглага малдоўскага алігарха, чый міжнародны вышук абвясьцілі паводле падазрэньня аб крадзяжы мільярда даляраў з банкаўскай сыстэмы Малдовы. Цяпер ён хаваецца ў Расеі і намагаецца ўплываць на палітыку ў Малдове.

Згодна з вынікам расьсьледаваньня, у сетцы такіх прапагандыстаў функцыянуюць сама меней 90 профіляў TikTok (некаторыя зь іх маскуюцца пад інфармацыйныя агенцтвы), якія апублікавалі тысячы відэаролікаў, набраўшы больш за 23 мільёна праглядаў і 860 тысяч падабаек з студзеня 2025 году. Насельніцтва Малдовы складае 2,4 мільёна чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG