Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі генэрал на бясьпекавым форуме ў Кітаі агучыў ініцыятыву глябальнага саміту. Але яна ня новая


Дыскусія на міжнародным форуме ў пытаньнях бясьпекі. Пэкін (КНР), 18 верасьня 2025 году
Дыскусія на міжнародным форуме ў пытаньнях бясьпекі. Пэкін (КНР), 18 верасьня 2025 году

Першы намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Андрэй Маціевіч на 12-м Сяншаньскім форуме ў пытаньнях бясьпекі агучыў ініцыятыву, на якой яшчэ год таму настойваў Аляксандар Лукашэнка.

«Мы таксама вылучаем ідэю арганізацыі сустрэчы найвышэйшых адказных асобаў рэгіянальных арганізацыяў ASEAN, АДКБ, ШАС, СНД, Нарады аб узаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі, Рады супрацы краін Пэрсыдзкай затокі з мэтай абмеркаваньня праблемных аспэктаў фармаваньня бясьпечнай прасторы ў Эўразіі», — сказаў Андрэй Маціевіч, выступаючы на форуме ў Кітаі. Тэкст яго выступу апублікавала прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.

Сярод працэсаў, якія дэстабілізуюць сьвет, беларускі вайсковец назваў разбалянсаванасьць усясьветнай эканомікі, зьвязаную зь пераразьмеркаваньнем сфэраў уплыву і наступствамі санкцыйнага ціску, рост пагрозаў «палітычнага ціску і экстрэмізму» і аслабленьне ўплыву міжнародных інстытутаў бясьпекі.

«Істотна нэгатыўна ўплываюць і транснацыянальныя праблемы, якія нікуды ня зьніклі — напрыклад, нелегальная міграцыя, незаконнае абарачэньне наркотыкаў, зброі і боепрыпасаў, кібэрзлачыннасьць, экалягічныя катастрофы, харчовая і біялягічная бясьпека, праблемы ў глябальнай сыстэме здароўя і шмат іншага», — сказаў Андрэй Маціевіч.

У той жа час ён не згадаў таго, што Беларусь падтрымала расейскую агрэсію супраць Украіны, а гэтая вайна паўплывала на сыстэму бясьпекі ў сьвеце, а таксама справакаванага супольна з Расеяй мігранцкага крызісу на межах з краінамі Эўразьвязу.

Аляксандар Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзеньня глябальнага саміту ў лістападзе 2024 году на саміце АДКБ ў Астане (Казахстан). Экспэрты адразу назвалі гэтую ініцыятыву ўтапічнай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG