Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня бачыць пагрозаў і небясьпекі ў замінаваньні суседзямі памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі


Польскія памежнікі. Ілюстрацыйнае фота
Польскія памежнікі. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію часопісу «Разведчик», афіцыйнаму органу Службы вонкавай выведкі Расеі, дзе зноў заявіў пра сваю гатоўнасьць ісьці ў суседнія краіны «не на танках, а толькі на трактарах». Так ён ужо казаў раней, але ў 2022 годзе падтрымаў агрэсію Расеі зь беларускай тэрыторыі.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што замінаваньне Польшчай і краінамі Балтыі памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі — адна з формаў ціску на краіну.

«Непрыязная палітыка Захаду датычна нас перарастае ў адкрыта агрэсіўную. Пакуль асаблівай рызыкі і простых вайсковых пагрозаў ня бачым, бо супрацьпяхотныя міны — абарончы тып зброі. Пагатоў у нас няма плянаў пераходзіць межы суседзяў без запрашэньня», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку.

«Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў аб гатоўнасьці Беларусі сябраваць і супрацоўнічаць з усімі, хто шчыра гэтага хоча, ісьці туды, дзе нас чакаюць. Але ісьці «не на танках, а на трактарах», — адзначаецца ў публікацыі.

Польшча і краіны Балтыі ўхвалілі рашэньне аб замінаваньні памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі з прычыны ваеннай пагрозы, а таксама мігранцкага крызісу, які працягваецца з 2021 году і які, паводле экспэртаў, улады Беларусі арганізавалі супольна з Расеяй.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.

Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.

Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG