На гэтыя пытаньні адказвае незалежны сацыёляг Аляксандар Сасноў
Цыганкоў: «Наколькі вялікая частка людзей у беларускім грамадзтве, якіх можна назваць расчараванымі – тыя, якія ня вераць ані прэзыдэнту, ані апазыцыі?»
Сасноў: «Трэба адзначыць, што ў многіх грамадзтвах значная частка насельніцтва абыякава ставіцца да таго, што адбываецца ў палітыцы. Але ў такім грамадзтве, як наша, большасьць палітычных праблемаў адразу выклікае падзел насельніцтва на дзьве групы. Першая ніколі не падтрымлівае існуючую ўладу – яна дасягае да 30 працэнтаў, другая амаль заўсёды падтрымлівае ўладу і іхняя колькасьць дасягае часам 50 працэнтаў. Засталося 20 працэнтаў, іх і можна назваць расчараванымі.
Але гэта палітыка. А калі пытаньне ўзьнікае наконт сацыяльных праблемаў – дабрабыту, цэнаў, даходаў – то гэтыя «абыякавыя» таксама пачынаюць адыходзіць да тых групаў, якія альбо ўспрымаюць дзеяньні ўлады, альбо не»
Цыганкоў: «Як можна дастукацца да гэтай групы насельніцтва? Што зрабіць, каб яны пачулі тую ці іншую пазыцыю, з якімі лёзунгамі да іх ісьці?»
Сасноў: «Пытаньне яшчэ ў тым, наколькі вялікія патрэбы гэтых людзей. Калі Лукашэнка казаў пра «чарку ды шкварку», ён у значнай ступені меў рацыю. Пэўная частка беларусаў абыходзіцца гэтай «чаркай ды шкваркай», «абы не было вайны». Калі гэта ёсьць, то астатняе, у тым ліку і ў сацыяльным аспэкце, асабліва не турбуе. Калі ж стане зусім цяжка з «чаркай і шкваркай», кажучы фігуральна, бо да гэтага можна аднесьці ўсе прадметы першай неабходнасьці, тады да гэтых людзей можна дастукацца. Пакуль такой сытуацыі ў краіне няма»
Цыганкоў: «Няўжо гэтыя людзі зусім не цікавяцца такімі праблемамі, як, напрыклад, сацыяльная справядлівасьць ці правоў чалавека? Іх можа хваляваць, калі кагосьці незаконна затрымалі -- бо тое самае можа адбыцца і зь імі?»
Сасноў: «Гэтыя людзі такія праблемы ўспрымаюць толькі тады, калі такая зьява адбудзецца зь імі асабіста. Калі затрымалі «кагосьці» - гэта іх не цікавіць».