У якасьці аргумэнта палітоляг нагадаў пра сьмерці ў вязьніцах ужо прынамсі 9 палітычных зьняволеных.
«На фоне ўсяго гэтага абясцэньваньне намаганьняў амэрыканцаў у вызваленьні палітвязьняў, пакепліваньне з гэтых намаганьняў — гэта праява крайняй неадказнасьці.
Калі ўжо так хвалюе сувэрэннае права палітвязьня застацца ў Беларусі — нават цаной знаходжаньня ў турме — то заўважце, што такая магчымасьць застаецца. Кейс Статкевіча гэта выдатна ілюструе.
Усё проста: людзей вызваляюць з турмаў і прымусова вывозяць за мяжу, а пазьней кожны можа прыняць індывідуальнае рашэньне: ці вяртацца назад у Беларусь (рызыкуючы зноў трапіць у турму), ці застацца за мяжой да лепшых часоў.
Але такое рашэньне няхай застаецца за самімі зацікаўленымі. Не трэба за палітвязьняў вырашаць, ці ім лепш быць у Беларусі і ў турме, ці быць вызваленымі і вывезенымі ў цывілізаваныя краіны», — лічыць Пётра Рудкоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта працяг рэпрэсій, а не вызваленьне». Чаму палітвязьняў, якіх адпусьцілі з-за кратаў, вывозяць за мяжуБылая палітзьняволеная Натальля Дуліна, якую вызвалілі і зь мехам на галаве вывезьлі да літоўскай мяжы сёлета ў чэрвені, шмат у чым з Рудкоўскім ня згодная.
«Даведкі аб вызваленьні ні ў каго з нас, выправаджаных, няма. Я і такія, як я, пазбавіліся пэнсіі. Я напісала заяву ў калёнію, каб яны аформілі гэтую даведку і накіравалі яе на адрас маіх блізкіх, якія маюць генэральную даверанасьць і могуць атрымліваць мае дакумэнты. Месяц мінуў — адказу няма. Але я не спынюся. Бо максымалістка, паводле Вашага азначэньня.
Фінал у Вас, я сказала б, матэматычны. Нават для матэматыкі ён надта абстрагаваны. Вы пішаце: усё проста. Маўляў, палітзьняволенага вызваляюць, прымусова вывозяць, а пазьней ён вырашае, вяртацца яму ў Беларусь, рызыкуючы турмой, ці застацца там, куды вывезьлі, да лепшых часоў. Вось такі альгарытм.
А, прабачце, можа, прасьцей вырашыць на месцы, перад прымусовым вывазам? Каб, як кажуць, „двойчы не ўставаць“.
А ў канцы Вы з дакорам тлумачыце праціўнікам вызваленьня палітвязьняў узамен на саступкі аўтакрату: ня трэба за іх, зьняволеных, гэта вырашаць, хай самі вырашаюць.
Паважаны Пётра, але ж ніхто не пытаецца! Статкевіч пайшоў у Беларусь, а зь „Белавія“ зьнялі (ці прыпынілі) санкцыі — але ўсё роўна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты, актывісты, філёзаф. Хто сярод вызваленых 11 верасьняДа дыскусіі далучыўся экспэрт, амэрыканіст Антон Пянькоўскі.
«Беларускае грамадзтва, здаецца, застаецца закладнікам чаканьняў „ідэальных сцэнароў“. Фантазіі аб тым, што вызваленьне ўсіх палітвязьняў адбудзецца адразу, у поўным складзе, без кампрамісаў і зь пераможным фіналам, фармуюць загадзя нерэалістычныя чаканьні. Менавіта на такім фоне вызваленьне 52 чалавек на гэтым тыдні ўспрынятае многімі з расчараваньнем, а не з разуменьнем маштабу падзеі. За апошнія пяць гадоў ніхто не дабіўся вызваленьня беларускіх палітвязьняў — акрамя ўраду ЗША. Ані эўрапейскія сталіцы, ані міжнародныя арганізацыі, і сапраўды не беларускія дэмакратычныя сілы. Пасьлядоўны вынік у гэтай галіне ёсьць толькі ў Вашынгтону, і гэта факт, які непрыемна прызнаваць, але немагчыма ігнараваць», — адзначыў Антон Пянькоўскі ў сваім фэйсбуку.
Экспэрт спадзяецца, што ў гэтым кірунку можна чакаць новых добрых вынікаў.
«Найлепшае, што можна зрабіць зараз, — не расчароўвацца ў рэальным прагрэсе, а падтрымліваць і ўзмацняць яго. Галоўнае — выказваць падзяку і трансьляваць запыт на працяг такой лініі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Бо толькі так вызваленьне зьняволеных перастане быць выпадковасьцю і стане працэсам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьлёзы, эмоцыі, радасьць. Як у Вільні сустракалі вызваленых палітвязьняў. ФОТАЗ аўтарам допісу згодны Андрэй Старжыцкі, які, як відаць, моцна незадаволены пазыцыяй Эўразьвязу.
«ЭЗ нас адкрыта здае, Украіну выкарыстоўвае як заслону для працягу свайго летаргічнага сну. І толькі ЗША зараз думаюць пра доўгатэрміновыя наступствы. І толькі пры Трампу, бо камуністы (закрэсьлена) дэмакраты на тых жа пазыцыях, што ЭЗ, і шмат у чым яны гэтую моду распаўсюдзілі».
Палітоляг Вадзім Мажэйка робіць істотную заўвагу.
«Усё праўда — як праўда і тое, што калі б не было артыкуляванага запыту на „ідэальныя сцэнары“, то не было б і кампрамісных. У простых лічбах — калі б столькі гадоў столькі разоў у столькіх месцах не казалі пра 1300/1400+ вязьняў, то не было б кроку ў 52. Так і з усімі іншымі патрабаваньнямі адпаведна», — мяркуе Вадзім Мажэйка.
Паводле Вадзіма Мажэйкі, шлях да вызваленьня палітвязьняў — гэта шлях кампрамісу.
«Менск публічна заяўляе, што хоча скасаваньня ўсіх санкцыяў; Вашынгтон — вызваленьня ўсіх закладнікаў. На практыцы — выходзяць* 52 чалавекі (*дэпартуюць, прычым у тым ліку тых, каму мала заставалася сядзець), скасоўваюцца санкцыі* супраць адной авіякампаніі (*у такіх фармулёўках, што яшчэ невядома, што гэта дазволіць на практыцы). Гэта ж і ёсьць кампраміс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленьне 52 палітвязьняў: рэакцыя беларускіх палітыкаў і экспэртаўПалеміка вакол дакладнасьці вызваленьняў з вывазам атрымлівае новы паварот. Былы спартовец Аляксандар Апейкін, завочна асуджаны ў Беларусі на 12 гадоў, мяркуе, што вызваленыя палітвязьні ўжо не апынуцца ў «грамадзкім авангардзе».
«Людзі выходзяць на волю, і гэта вельмі добрая навіна для іхных блізкіх і родных. Але сфармаваць якую-небудзь палітычную плынь ці выкарыстаць сымбалічны капітал з гэтага ўжо ня ўдасца. Як бы цынічна гэта ні гучала, але палітычны кантэкст 2020 году ўжо цалкам нерэлевантны для грамадзтва. Гэта можна добра пабачыць на прыкладзе Сяргея Ціханоўскага.
Беларуская дзяржава і грамадзтва ўвайшлі ў новы вэктар разьвіцьця, фармуючы новую сацыяльную дамову (нагадвае пэрыяд 2015–2017 гг). Праявы гэтай новай дамовы можна ўжо добра было фізычна пабачыць у першыя два тыдні верасьня: больш за 25 тысяч удзельнікаў Менскага паўмаратону 7 верасьня, а таксама вялікі шматтысячны натоўп у „Дзень Менску“. Можна для параўнаньня ўзгадаць, як гэтыя падзеі выглядалі 2-3 гады таму.
У грамадзтва фармуецца запыт на новыя трэнды і новых лідэраў думак, і палітвязьні тут, на жаль, вельмі далёка па-за цэнтрам увагі. Ім спачуваюць, але рацыяналізм і сумныя высновы з падзеяў 1920 году не пакідаюць магчымасьцяў бачыць іх у грамадзкім авангардзе», — дзеліцца сваімі поглядамі Аляксандар Апейкін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два маленькія дыктатары, а сьвет перад імі бясьсільны». Сьвятлана Алексіевіч выказалася пра апошнія падзеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хваля аптымізму і новыя выклікі: што значыць вызваленьне 52 палітвязьняў. Аналіз Валера Карбалевіча