Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BySol прыняў рашэньне ў справе Стрыжака

абноўлена

Андрэй Стрыжак. Архіўнае фота.
Андрэй Стрыжак. Архіўнае фота.

Камісія для ўнутранага разбору, ініцыяваная фондам BySol, выявіла парушэньне этыкі Андрэем Стрыжаком, ён адхілены дырэктаратам ад кіраўнічых пасадаў, але застаецца ў фондзе.

24 верасьня быў распаўсюджаны выніковы дакумэнт камісіі і рашэньне дырэктарату фонду.

«Камісія для ўнутранага разбору правяла ацэнку сытуацыі. Пытаньнямі, якія патрабуюць рашэньня камісіі, сталі: супрацоўніцтва Стрыжака з фондам BySol і ўнясеньне зьменаў у арганізацыйныя працэсы фонду BySol.

Падчас сваёй працы камісія зафіксавала 12 выпадкаў дзьвюх катэгорыяў (некаторыя адносяцца адразу да дзьвюх катэгорыяў). Зь іх: 7 у катэгорыі „адпраўка паведамленьняў непажаданага характару“, зь іх 5 у адносінах да атрымальніц дапамогі ад BySol; 7 у катэгорыі выкарыстаньня службовага становішча, зь іх 4 у адносінах да атрымальніц дапамогі ад BySol.

Спосабы вэрыфікацыі выпадкаў: вэрыфікацыя праз давераную асобу (Наста Базар — праваабаронца, фэміністка), праз СМІ (Euroradio), асабістыя размовы з пацярпелымі (8), асабістыя размовы са сьведкамі (5), супадзеньне фактаў у апавяданьнях розных людзей (2), перапіскі (1). Камісія ацэньвае выяўленыя выпадкі як сыстэматычныя», — гаворыца ў справаздачы.

Далей думкі камісіі, з аднаго боку, і дырэктарату і супрацоўнікаў фонду падзяліліся. Камісія выступіла за тое, каб цалкам спыніць супрацу са Стрыжаком. «Рашэньне камісіі наконт супрацоўніцтва А. Стрыжака з фондам BySol: поўнае спыненьне супрацоўніцтва, з адхіленьнем ад кіроўных, прадстаўнічых, мэнэджарскіх і ўстаноўчых функцыяў у фондзе А. Стрыжака. Рашэньне камісіі наконт унясеньня зьменаў у арганізацыйныя працэсы фонду BySol: працягнуць работу зь незалежнымі вонкавымі экспэртамі і эксперткамі стасоўна зьменаў у арганізацыйных працэсах, ажыцьцяўляць рэкамэндацыі», — гаворыцца ў справаздачы Камісіі.

Аднак заснавальнік фонду, якім ёсьць, паводле ранейшай інфармацыі, сам Стрыжак, як паведамляецца ў выніковым дакумэнце, не пагадзіўся з рэкамэндацыямі Камісіі, назваўшы іх «несправядлівымі, празьмернымі і непрапарцыйнымі». Ён ініцыяваў галасаваньне каманды фонду, дзьве траціны якой выказаліся за працяг працы са Стрыжаком.

Выніковая выснова дырэктарату фонду— Стрыжака можна пакінуць у фондзе, а заснавальніцтва BySol перадаць яго дырэктару Віталіюсу Моцкусу.

  • Прымаючы да ўвагі рэкамэндацыі камісіі для ўнутранага разбору;
  • улічваючы вынікі галасаваньня каманды і паважаючы розныя думкі;
  • ацэньваючы ўнутраныя і вонкавыя рызыкі ўстойлівасьці арганізацыі; ставячы ў прыярытэт інтарэсы бэнэфіцыяраў і каманды, улічваючы яе важнасьць у прыняцьці рашэньняў і кіраваньні фондам;
  • усьведамляючы важнасьць захаваньня міру, узаемнага даверу і добразычлівых адносін у камандзе,

уводзіцца часовы фармат супрацоўніцтва з А. Стрыжаком тэрмінам на 6 месяцаў: з 19 верасьня 2025 да 19 сакавіка 2026 году.

А. Стрыжак адхіляецца ад любых кіроўных, прадстаўнічых і заснавальніцкіх функцыяў у BySol — як фармальна ў юрыдычным полі, так і нефармальна ўнутры арганізацыі. Захаваньне гэтай умовы — зона адказнасьці ўсёй каманды. Абноўлены сьпіс службовых абавязкаў А. Стрыжака фармуецца да 25 верасьня 2025 году.

Усе публічныя заявы і ўзаемадзеяньне з прадуктамі Фонду ажыцьцяўляюцца Стрыжаком у якасьці асобы, якая афіцыйна не прадстаўляе арганізацыю. Ніводная заява або ўзаемадзеяньне названай асобы ў публічным полі ня ёсьць афіцыйнай пазыцыяй фонду, — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве.

  • Кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікаў (паводле вікіпэдыі дыкпік — гэта від так званага сэкстынгу, фатаграфія мужчынскага чэлеса, якую адпраўляюць файлам на мабільны тэлефон ці асабістым паведамленьнем у сацсетках).

    Свабода атрымала пацьверджаньні ад дзьвюх жанчын, што яны таксама атрымлівалі дыкпікі ад кіраўніка фонду BySol. Стрыжак прызнаў, што інцыдэнты мелі месца, у сваім допісе ў Фэйсбуку.

    23 ліпеня Андрэя Стрыжака часова адхілілі ад пасады кіраўніка фонду BySol. Фонд выступіў з заявай, у якой адзначыў, што 22 ліпеня пачаў унутранае расьсьледаваньне. У выніку разбору ў фондзе вырашаць, ці мэтазгодна працягваць супрацу з Андрэем Стрыжаком.
  • 24 ліпеня Андрэй Стрыжак расказаў у сацсетках пра сваю праблему з сэксуальнай залежнасьцю і абяцаў зьвярнуцца да спэцыялістаў.


Стрыжак будзе працаваць у фондзе BySol кансультантам

Былы кіраўнік і заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак ад 24 верасьня цягам 6 месяцаў будзе працаваць у фондзе кансультантам. Пра гэта паведаміла прадстаўніца дырэктарату BySol падчас прэсавай канфэрэнцыі, якую прадстаўнікі фонду правялі апоўдні 24 верасьня.

«Пакуль пазыцыя, якую зойме Андрэя Стрыжак называецца кансультант, але праз прыкладна паўтара тыдня, цягам якіх у фондзе пройдуць структурныя зьмены, гэтая назва можа зьмяніцца», — сказала прадстаўніца дырэктарату фонду, якая з прычын сваёй непублічнасьці сябе не назвала. Прадстаўніца запэўніла, што працоўныя функцыі кансультанта Андрэя Стрыжава «ня будуць зьвязаныя з кіраўніцтвам фонду».

6 месяцаў — гэта максымальны тэрмін выкананьня Андрэем Стыжаком новых функцый кансультанта. «Пытаньне пра далейшае супрацоўніцтва ці спыненьне супрацы з Стрыжаком будзе вызначана пасьля гэтага тэрміну», — сказала прадстаўніца BySol.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG