Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча перакрыла канал паставак люксавых аўтамабіляў у Беларусь і Расею


Аўтамабіль Range Rover. Архіўнае фота
Аўтамабіль Range Rover. Архіўнае фота

Дарагія аўтамабілі ішлі ў Беларусь і Расею праз Польшчу ў абыход эўрапейскіх санкцыяў.

Польскія праваахоўнікі выкрылі злачынную групу, якая пастаўляла ў Беларусь і Расею аўтамабілі кляса люкс у абыход санкцый. Пра гэта паведаміла Цэнтральнае сьледчае бюро паліцыі Польшчы, піша Польскае радыё.

Паліцэйскія затрымалі 20 чалавек. Згодна з расьсьледаваньнем, група дзейнічала ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Нямеччыне ды іншых краінах Эўразьвязу з 2021 па 2025 год і за гэты час яны пераправілі ў Беларусь і Расею каля 600 люксавых аўтамабіляў, у прыватнасьці, марак BMW, Mercedes, Porsche, Lexus і Range Rover.

Удзельнікі куплялі ў аўтасалёнах дарагія машыны і перапрадавалі іншым кампаніям у краінах Эўрасаюза. Затым аўтамабілі дастаўлялі ў Польшчу і прадавалі ў Расею ды Беларусь з выкарыстаньнем беларускіх, азэрбайджанскіх і казахстанскіх юрыдычных асоб.

Паводле польскай паліцыі, падазраваныя не толькі парушалі эўрапейскія санкцыі, але і атрымалі неабгрунтаваную кампэнсацыю ПДВ на суму больш за 40 млн злотых (каля 9 млн 400 тыс. эўра).

Цяпер Расея купляе люксавыя замежныя аўтамабілі праз трэція краіны, бо заходнія забаранілі прадаваць іх туды пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Зь лета 2022 года Беларусь пачала актыўна набываць гэтыя аўтамабілі ў Літве, Польшчы і Нямеччыне і перапрадаваць у Расею. З 2023 году такія ж санкцыі дзейнічаюць і супраць Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG