Пасьля перамоваў у Атэнах кітайская дэлегацыя на чале з сакратаром Цэнтральнай камісіі праверкі дысцыпліны і сябрам Пастаяннага камітэту Палітбюро Камуністычнай партыі Кітаю Лі Сі прыбыла ў Беларусь.
Лі Сі ў Грэцыю запрашала партыя «Новая дэмакратыя», а ў Беларусь — апарат Лукашэнкі. Замежны візыт кітайскага чыноўніка ў Грэцыю і Беларусь разьлічаны на 17–24 верасьня.
Пасьля прылёту ў Менск Лі Сі правёў перамовы з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітрыем Крутым.
Таксама Лі Сі сустрэўся з старшынём Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергеенкам.
Раніцай 22 верасьня пачалася сустрэча Лі Сі з Аляксандарм Лукашэнкам, ён ужо заявіў госьцю, што Кітай можа заўсёды разьлічваць на Беларусь у патрэбны момант, піша БелТА.
«Як з адным з важных кіраўнікоў КНР я гатовы з вамі абмеркаваць любыя пытаньні рэгіянальнага характару, а таксама беларуска-расейскіх, беларуска-ўкраінскіх, беларуска-кітайскіх дачыненьняў у маштабах міжнародных адносін», — сказаў Лукашэнка.
Адной з тэмаў перамоваў кітайскага палітыка з Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі ўладаў Беларусі стала праблема закрытай польска-беларускай мяжы. Праз гэтае закрыцьцё Кітай страціў амаль увесь чыгуначны транзыт (80%) на рынак Эўразьвязу. Лукашэнка заявіў на гэтую тэму:
«Вельмі шмат у СМІ апошнім часам, асабліва ў сувязі з вашым візытам у Беларусь, рознага кшталту інсынуацый наконт у тым ліку нашых адносін з Польшчай і закрыцьця мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай. Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, недружалюбны крок палякаў — палітычны, нейкі, напэўна, іміджавы, які лічаць палякі, супраць КНР. Але ніяк не эканамічны. Паколькі такая імпэрыя як Кітай лёгка справіцца з гэтай праблемай. Але тэма гучыць».
«Таму я хацеў бы з вамі сам-насам, калі вы ня супраць, пасьля нашай сустрэчы расказаць вам тое-сёе і падзяліцца нашымі данымі на гэту тэму. Справа тут не ў Беларусі. Ну а Польшча адыгрывае ролю нейкага каня-скакуна на карысьць іншых дзяржаў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
На мінулым тыдні па візыце ў Польшчу і перамовах з сваім калегам Радославам Сікорскім міністар замежных справаў Кітаю Ван І паабяцаў Лукашэнку «шчырую размову» аб сытуацыі на польскай мяжы.
Польшча, у сваю чаргу, абяцала не трымаць мяжу закрытай ані дня болей, калі мігранцкі крызіс на беларускай мяжы будзе спынены.
Форум