Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект «ГУЛАГу — не» запрасіў работнікаў беларускіх турмаў да супрацоўніцтва для выкрыцьця катаваньняў і забойстваў палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікаў беларускага Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў заклікалі «выкрываць катавальныя канвэеры і рабіць сьвет больш бясьпечным».

«Заганныя мэтады „ФСБ/Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў“ цяпер актыўна прымяняюцца і ў Беларусі», гаворыцца ў заяве расейскага праекта «ГУЛАГу — не» наконт гібелі ў магілёўскай калёніі палітзьняволенага, грамадзяніна Расеі Андрэя Паднябеннага.

«Мы запрашаем супрацоўнікаў беларускіх турмаў і калёній да супрацоўніцтва, гарантуем падтрымку, канфідэнцыйнасьць і садзейнічаньне ў пераезьдзе ў бясьпечнае і прыгожае месца ў выпадку дзейнага ўдзелу ў выкрыцьці фактаў катаваньняў і дзеяньняў».

Актывісты «ГУЛАГу — не» нагадалі прыклад беларуса Сяргея Савельева, якому ўдалося вынесьці жорсткі дыск з архівам ФСВП/ФСБ (Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў, Фэдэральная служба бясьпекі) і перадаць яго ў Францыі.

«Калі б не Савельеў і не наша праца, забойцы працягвалі б катаваць, гвалтаваць і забіваць, хаваючы жахлівыя злачынствы пад выглядам суіцыдаў і сьмерці ад хвароб», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Супрацоўнікаў беларускага Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў заклікалі «выкрываць катавальныя канвэеры і рабіць сьвет больш бясьпечным».

36-гадовы Паднябенны памёр 3 верасьня ў калёніі № 15 Магілёва. Ён быў знойдзены павешаным.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», Паднябенны — грамадзянін Расеі, але з 6 гадоў пражываў у Беларусі, маючы від на жыхарства. У 2021 годзе ў рамках закрытага працэсу судзьдзя Анатоль Сотнікаў прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці), ч. 1 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня), ч. 1 і 2 арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

3 студзеня 2023 года Гомельскі абласны суд вынес яшчэ яму адзін прысуд, абвінавачанаму дадаткова па ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці) КК. У выніку да 15 гадоў зьняволеньня дабавілася яшчэ 1 год і 8 месяцаў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Руслан Царук.

Беларускія праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў завядзеньня крымінальнай справы па факце сьмерці палітвязьня, правядзеньня «аб’ектыўнага і ўсебаковага расьсьледаваньня» для ўстанаўленьня прычын гібелі Паднябеннага, а таксама інфармаваньня «грамадзкасьці аб выніках расьсьледаваньня сьмерцяў іншых палітычных зьняволеных у беларускіх турмах».

У 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла не менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.

20 траўня стала вядома, што ў пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмэр. Дакладная дата сьмерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмэр у калёніі ці пасьля шпіталізацыі.

Акрамя таго, некаторыя грамадзяне, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязьнямі, памерлі неўзабаве пасьля вызваленьня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG