Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея зь лета магла рыхтавацца да запуску дронаў па Польшчы


Пашкоджаны расейскім дронам прыватны будынак у Польшчы
Пашкоджаны расейскім дронам прыватны будынак у Польшчы

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што запуск расейскіх дронаў у польскую паветраную прастору быў мэтанакіраваным.

Як адзначаецца ў справаздачы ISW ад 10 верасьня, малаімаверна, што такая вялікая колькасьць заляцела ў Польшчу выпадкова.

«Уварваньне сама меней 19 бесьпілётнікаў за адну ноч з 9 на 10 верасьня прыкметнае і прыблізна ў тры разы перавышае агульную колькасьць зброі, якая ўпала ў Польшчы за ўсю вайну. Малаімаверна, што такая колькасьць трапіла ў польскую паветраную прастору выпадкова або ў выніку тэхнічнай памылкі апэратара», — адзначылі аналітыкі.

У справаздачы таксама згадалі паведамленьне польскага журналіста Марэка Будзіша 10 ліпеня з спасылкай на інфармацыю зь нявызначаных крыніц ад 2 ліпеня, паводле якой украінскія вайскоўцы знайшлі ў расейскіх бесьпілётніках польскія і літоўскія SIM-карты. Гэта можа сьведчыць аб тым, што Расея рыхтавала калідоры для тэставых удараў у Польшчы і Літве.

«Расея магла рыхтавацца да нападу 9-10 верасьня месяцамі, што пацьвярджае — уварваньне не было выпадковасьцю або вынікам працы ўкраінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

Аналітыкі мяркуюць, што Расея такім чынам спрабуе ацаніць магчымасьці і рэакцыю Польшчы і NATO, спадзеючыся выкарыстаць гэтую інфармацыю ў будучых канфліктных сцэнарах з альянсам.

Паводле папярэдніх ацэнак ISW, Расея прыкладае «шматбаковыя намаганьні» для падрыхтоўкі да патэнцыйнай будучай вайны з NATO. Праверка тэхнічных магчымасьцей і палітычнай рашучасьці NATO можа быць часткай гэтай кампаніі, і Расея, «падобна, становіцца ўсё больш сьмелай адносна ўзроўню эскаляцыі, на які яна гатовая пайсьці».

10 верасьня польскія ўлады заявілі, што 19 расейскіх бесьпілётнікаў парушылі паветраную прастору краіны падчас начнога нападу на Ўкраіну і былі зьбітыя сіламі NATO.

У апэрацыі ўдзельнічалі польскія зьнішчальнікі F-16, галяндзкія F-35, італьянскія выведныя самалёты AWACS і самалёты-запраўшчыкі, якія супольна эксплуатуюцца NATO.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў ноч на 10 верасьня расейскія войскі нанесьлі масіраваны ўдар з выкарыстаньнем «высокадакладнай зброі і бесьпілётнікаў» па прадпрыемствах вайскова-прамысловага комплексу Ўкраіны ў пяці рэгіёнах, а на тэрыторыі Польшчы «не плянавалася паражэньне цэляў».

Улады Польшчы перакананыя, што расейскія бесьпілётнікі апынуліся на польскай наўмысна, а не выпадкова.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ па выніках сустрэчы паслоў краін альянсу заявіў, што хаўрусьнікі па NATO выказалі салідарнасьць з Польшчай і асудзілі паводзіны Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG