Як паведаміў Reuters, двое ўзброеных людзей адкрылі агонь на аўтобусным прыпынку на ўскраіне Ерусаліма, забіўшы шэсьць чалавек. Паліцыя ахарактарызавала напад як «тэрарыстычны акт», адзін з самых сьмяротных у горадзе за апошнія некалькі гадоў.
Служба хуткай дапамогі ідэнтыфікавала пецярых ахвяр: 50-гадовага мужчыну, жанчыну пяцідзесяці гадоў і трох мужчын трыццаці гадоў. Паведамляецца, што яшчэ 11 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку шэсьць з іх знаходзяцца ў цяжкім стане з агнястрэльнымі раненьнямі.
Міністар замежных спраў Ізраіля Гідэон Саар пазьней заявіў, што шосты чалавек памёр, і што ўзброеныя асобы былі палестынцамі з Заходняга берага Ярдану.
Палестынская групоўка ХАМАС пазытыўна ацаніла двух палестынскіх «байцоў супраціву», якія, паводле яе слоў, зьдзейсьнілі напад, але не ўзяла на сябе адказнасьць.
Выступаючы на месцы нападу, прэм'ер-міністар Біньямін Нетаньягу заявіў, што ізраільскія сілы перасьледуюць падазраваных, якія ім дапамагалі.
Паліцыя паведаміла, што двое нападнікаў былі «нэўтралізаваныя» неўзабаве пасьля пачатку страляніны.
Страляніна адбылася на буйным скрыжаваньні на паўночным уезьдзе ў Ерусалім, на дарозе, якая вядзе да габрэйскіх паселішчаў ва ўсходнім Ерусаліме.
Ізраільскія СМІ паведамілі, што двое нападнікаў селі ў аўтобус і затым адкрылі агонь.
На відэазапісе нападу відаць, як дзясяткі людзей уцякаюць з аўтобуснага прыпынку на ажыўленым скрыжаваньні ў ранішнюю гадзіну пік.
Мэдыкі, якія прыбылі на месца здарэньня, заявілі, што ў раёне панаваў хаос, людзі былі пакрытыя разьбітым шклом, некаторыя ляжалі без прытомнасьці на дарозе і ходніках каля аўтобуснага прыпынку.
Форум