Рашэньне Фонду салідарнасьці BySol зарэзэрваваць частку сродкаў, сабраных для вызваленых і вывезеных у Літву 11 верасьня зьняволеных, крытыкаваў шэраг ахвярадаўцаў, сярод якіх і вядомыя актывісты. У сацыяльных сетках яны, у прыватнасьці, заяўлялі, што збор праводзіўся менавіта для гэтай групы, і патрабавалі перадаць ёй усе грошы.
Для вызваленых 11 верасьня быў аб’яўлены збор на суму 50.000 эўра, а фактычна на вечар 22 верасьня людзі ахвяравалі 111.305 эўра. BySol паведаміў, што з сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду выплаціў вызваленым 11 верасьня 31.000 эўра — па 1000 эўра кожнаму, хто зьвярнуўся па дапамогу, а гэта быў 31 чалавек. Цяпер цягам трох месяцаў паміж усімі чальцамі групы, якія маюць у гэтым патрэбу, будзе разьмеркавана 50.000 эўра, што адпавядае абʼяўленай суме збору.
«Бо мы чакаем новых вызваленьняў, астатнія сродкі будуць зарэзэрваваныя для дапамогі наступным групам вызваленых», — заявіла арганізацыя.
У адказ на запыт «Позірку» BySol канкрэтызаваў матывы такога рашэньня.
«Мы бачым крытычныя заўвагі ў сацыяльных сетках, у тым ліку нашых, — адзначыў прадстаўнік фонду. — Мэта збору для вызваленых 11 верасьня была 50 тысяч эўра, яна была сабраная і цалкам будзе разьмеркаваная для вызваленых. Грошы, сабраныя звыш гэтага, будуць выдаткаваныя на патрэбы іншых вызваленых, калі здарыцца такая сытуацыя. Фонд, прымаючы такое рашэньне, кіраваўся досьведам дапамогі ў папярэднія гады: мы перакананыя, што чарговая група палітвязьняў, калі яна будзе вызваленая і дэпартаваная з Беларусі бяз грошай і рэчаў, таксама будзе мець патрэбу ў хуткай матэрыяльнай дапамозе».
У ініцыятыве паведамілі, што таксама кіраваліся досьведам іншых збораў BySol:
«Напрыклад, у сытуацыях, калі на дзіцячы збор была сабраная сума, большая за мэтавую, неабходную для выплаты дапамогі, то гэтыя дадатковыя сродкі перанакіроўваліся на наступны дзіцячы збор. Гэтая практыка не выклікала крытычных заўвагаў. Мы чакаем новых вызваленьняў і таксама плянуем максымальна хутка дапамагчы».
Агулам 11 верасьня ў Літву быў вывезены 51 чалавек, зь іх 37 грамадзян Беларусі. Яшчэ адзін, палітык Мікола Статкевіч, адмовіўся ад прымусовага вывазу, пакінуў аўтобус паміж пунктамі пропуску Каменны Лог і Меднікі і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Далейшы яго лёс дакладна невядомы. Як вынікае з ускосных заяваў Аляксандра Лукашэнкі і здагадак блізкіх Статкевіча, яго зноў трымаюць у папраўчай калёніі ў Глыбокім (Віцебская вобласьць).
Палітвязьні апынуліся за мяжою ў выніку прымусовай экспатрыяцыі, без дакумэнтаў і часта безь неабходных рэчаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BySol выплаціў 31 000 эўра палітвязьням, вызваленым 11 верасьня, дапамога працягнецца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Збор грошай вызваленым палітвязьням на BySol перавысіў 110 тысяч эўра