Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Ну вось нарэшце пішу вам пасьля трох гадоў „ад званку да званку“», — пачаў свой допіс Семчанка, падзякаваўшы ўсім, хто яго падтрымліваў.
Паводле Семчанкі, пасьля вызваленьня ён атрымаў «воўчы білет» — пазбаўленьне базавых правоў у Беларусі. Ён ня мог атрымаць сім-карту, адкрыць банкаўскі рахунак ці нават застрахавацца, ня кажучы ўжо пра працу па спэцыяльнасьці ў PR-сфэры і маркетынгу.
«За родную зямельку мы чапляліся колькі маглі. За гэта прыйшлося дорага заплаціць», — напісаў ён.
«Але ж я адразу ведаў кошт абранага шляху, таму нельга шкадаваць аб учынках, зробленых сэрцам», — зазначыў Семчанка.
Цяпер ён пачынае новае жыцьцё ў Варшаве.
«Усё ж няслушна казаць „з нуля“, бо ёсьць вопыт, розум, рукі, а самае галоўнае — нашыя беларусы, якімі я шчыра ганаруся і ў якіх я не спыняўся верыць нават у начным холадзе ШЫЗА і ўпэўнены, што гэтая вера сагрэе і тут», — напісаў Дзьмітры Семчанка.
У 2020 годзе Дзьмітры Семчанка ўзначальваў на АНТ гэтак званы прэзыдэнцкі пул — адмысловую групу журналістаў, якія асьвятлялі афіцыйныя падзеі, зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Паваротным пунктам у ягонай кар’еры сталі прэзыдэнцкія выбары 2020 году. Неўзабаве пасьля іх журналіст звольніўся з АНТ, а ў верасьні яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пратэставым маршы.
Да 2022 году Семчанка займаўся грамадзкімі сувязямі, працаваў у фірме «Белагра», а ў канцы году яго зноў затрымалі і пасьля двух тэрмінаў па 15 сутак выставілі абвінавачаньне паводле 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу — за «падбухторваньне да іншай сацыяльнай варажнечы». У сакавіку 2023 году Семчанку прызналі вінаватым і прысудзілі яму 3 гады зьняволеньня, ягоная апэляцыйная скарга выніку не дала.
9 чэрвеня 2023 году МУС унесла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў». 14 чэрвеня 2023 году КДБ унёс яго ў «сьпіс тэрарыстаў». Гэта пазбаўляе яго элемэнтарных правоў для жыцьця і працы ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-вядоўца АНТ і «Беларусь 1» зьехаў у ня самую папулярную для эміграцыі краіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты