Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:07 21.4.2020

Каранавірус: У Менску закрыліся ўсе дзяржаўныя кінатэатры, апрача аднаго

У Менску з паўтара дзясятка кінатэатраў сыстэмы прадпрыемства «Кінавідэапракат» абслугоўваць гледачоў працягвае толькі «Беларусь», паведамляецца на сайце ўстановы. Прычынамі скарачэньня колькасьці пляцовак стала неспрыяльная эпідэміялягічная сытуацыя і спад глядацкай актыўнасьці.

У кінатэатры «Беларусь» выконваюць усе захады засьцярогі: павялічылі інтэрвал паміж сэансамі, у перапынках работнікі праветрываюць залі і апрацоўваюць крэслы адмысловымі сродкамі, прадугледжана рассадка, якая павялічвае адлегласьць паміж гледачамі.

11:42 21.4.2020

Каранавірус у Глуску

У райцэнтры Глуск, што на Магілёўшчыне, зарэгістравалі выпадкі заражэньня каранавірусам. Зьвесткі пра гэта зьявіліся ў сацыяльных сетках.

У допісах паведамляецца пра шпіталізацыю ў цэнтральную раённую лякарню суседняга Бабруйску ад 3 да 5 жыхароў райцэнтру. Кантакты першага ўзроўню цяпер на самаізаляцыі. Калі ў некага тэст будзе станоўчым, іх адправяць у Бабруйск.

У Глускім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі пацьвердзілі факт рэгістрацыі каранавірусу, але ўстрымаліся гаварыць пра колькасьць шпіталізаваных.

11:40 21.4.2020

Лукашэнка пра каранавірус: «Усе хочуць укусіць Лукашэнку, Беларусь»

Што кажа Лукашэнка 21 красавіка ў Бабруйску:

  • «Нягледзячы на сьмяротнасьць 400-600 чалавек на дзень, Эўропа пачала акрывацца. Цягам месяца, я ўпэўнены, сусьветная эканоміка, асабліва ў нашых суседзяў, будзе працаваць. У тым ліку і ў Расеі. Яны ўжо разумеюць, куды ўскочылі. Усе разумеюць».
  • «Нам вельмі моцна падставіць плячо Эўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды — менавіта пад ахову здароўя. Я хачу, каб мы, карыстаючыся момантам, убачылі слабыя месцы ў нашай ахове здароўя і падцягнулі яе».
  • «Цяпер гэты каранавірус стаў палітыкай. Усе глядзяць, за што б укусіць Лукашэнку, Беларусь — яны выбіліся з шыхту. Дык ня трэба зьдзіўляцца. Усё гэта таму, што мы захавалі сыстэму і прывялі яе ў парадак. І так здарылася, што мы больш-менш апынуліся гатовыя да гэтай заразы, і ня толькі да яе».

Абнаўляецца

11:39 21.4.2020

«Найцяжэйшае яшчэ наперадзе», — Генэральны дырэктар WHO пра COVID-19

«Паверце, самае складанае яшчэ наперадзе. Мы можам прадухіліць гэтую трагедыю. Шмат хто не разумее, што гэта за вірус», — заявіў старшыня WHO на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве 20 красавіка.

Паводле яго, нягледзячы на папярэджаньне WHO, разьвіцьцё сытуацыі з каранавірусам стала нечаканасьцю нават для разьвітых краін.

11:38 21.4.2020

«Белавія» пачне рэйсы Менск — Вена ад 25 красавіка. Куды яшчэ можна паляцець зь Менску

Беларуская авіякампанія «Белавія» ад 25 красавіка пачне палёты па маршруце Менск — Вена — Менск.

Пры тым «Белавія» плянавала распачаць палёты ў сталіцу Аўстрыі яшчэ ад 29 сакавіка, але тады аўстрыйскія ўлады не далі дазвол на выкананьне палётаў, што выклікала абураны камэнтар беларускай кампаніі.

У межах барацьбы з пандэміяй каранавірусу Аўстрыя ўводзіла санітарны кантроль на межах і скасоўвала большую частку палётаў у краіну. Аднак цяпер Аўстрыя адной зь першых у Эўропе вырашыла паступова паслабляць карантынныя захады. Ды на межах яшчэ захоўваецца жорсткі кантроль, а рэйсы нацыянальнай авіякампаніі Austrian Airlines скасаваныя да 17 траўня.

Захоўваюцца авіязносіны з наступнымі краінамі: Армэнія, Вялікая Брытанія, Ізраіль, Нідэрлянды, Турэччына, Фінляндыя, Францыя, Швэцыя, Эстонія.

Тыдзень таму «Белавія» анансавала шэраг рэйсаў у італьянскія Мілян і Рым.

11:36 21.4.2020

У беларускага футбольнага чэмпіянату зьявіцца канкурэнт у Эўропе

9 траўня пачнецца футбольны чэмпіянат Фарэрскіх выспаў. Сэзон меўся пачацца 8 сакавіка, але яго старт перанесьлі ў сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі.

«Нам пашанцавала, што мы хутка ўзялі пад кантроль сытуацыю з пашырэньнем каранавірусу. Думаю, гэта добра для футболу Фарэрскіх выспаў. Мы можам атрымаць дадатковую ўвагу», — распавёў у інтэрвію NRK гулец фарэрскага клюбу Kí Klaksvik Оле Эрык Мітскоген.

На Фарэрскіх выспах пражывае каля 50 тысяч чалавек. Каранавірусную інфэкцыю COVID-19 выявілі ў 185 чалавек, 176 паправіліся. Пры гэтым няма ніводнай сьмерці. 20 красавіка ў краіне пачалі адкрываць школы і было абвешчана пра хуткі старт новага футбольнага сэзону. Верагодна, што першыя матчы пройдуць без гледачоў.

Раней Туркмэністан стаў другой акрамя Беларусі краінай у сьвеце, дзе на матчах дазволеная прысутнасьць гледачоў. Футбольны сэзон таксама працягваецца ў Нікарагуа і Таджыкістане, але пры пустых трыбунах.

Бурундзі — апошняя афрыканская краіна, дзе працягваўся чэмпіянат, прыпыніла яго тыдзень таму, хоць афіцыйна гэта ня зьвязваецца з пандэміяй каранавірусу.

11:33 21.4.2020

Як ва ўмовах пандэміі жыве сям’я, якая адмовілася ад беларускага грамадзянства

Сям’я Гуляшовых зь вёскі Кароўчына, што ў Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне, тры гады таму пасьля канфліктаў зь дзяржаўнымі органамі заявіла пра адмову ад беларускага грамадзянства.

Сваё рашэньне адмовіцца ад грамадзянства Гуляшовы патлумачылі «супярэчнасьцю ладу жыцьця ў дзяржаве з сваімі рэлігійнымі поглядамі». За прамінулыя тры гады вяскоўцы зьвялі стасункі зь дзяржавай да мінімуму. Свой адасоблены лад жыцьця называюць «маральна-духоўным удасканаленьнем».

Як на сям’ю, якая пазьбягае дабротаў цывілізацыі і гаспадарыць нібы ў даіндустрыяльную эпоху, паўплывала пандэмія каранавірусу, — у публікацыі Свабоды.

Як ім жывецца >>

11:31 21.4.2020

Міністэрства адукацыі: школьнікаў, якія засталіся дома, могуць атэставаць па выніках трох чвэрцяў

Міністэрства адукацыі не выключае, што вучняў могуць атэставаць паводле адзнак за тры чвэрці. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» сказаў намесьнік міністра адукацыі Беларусі Аляксандар Кадлубай.

«Я не выключаю, што бацькі, як яны выказваюцца ў камэнтарах, палічаць, што здароўе іхных дзяцей першаснае... У такім выпадку дзеці будуць атэставаныя па выніках тых адзнак, якія яны атрымалі ў трох чвэрцях. Гэта дазваляюць правілы атэстацыі», — адзначыў чыноўнік.

Пакуль незразумела, ці будуць ставіць у часопісе наведвальнасьці пропускі тым, хто празь небясьпеку каранавірусу застаўся дома. Таксама няма разуменьня, якім чынам ацэньваць веды пры вочным і завочным навучаньні. У ведамстве кажуць, што дыстанцыйнай формы як такой ня будзе, можна казаць пра навучаньне з прымяненьнем «інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій» паводле індывідуальнага пляну.

11:30 21.4.2020

«Баюся, што захварэю і ня будзе каму працаваць». Пагутарылі з доктаркай, якая працуе з COVID-19 і піша пра гэта ў Twitter

Летась Дар’я Чэхава скончыла ўнівэрсытэт і пачала працаваць тэрапэўтам у прыёмным пакоі 10-й менскай клінікі. Цяпер яна адна з тых, хто працуе «на перадавой», ратуючы беларусаў ад COVID-19.

Яе допісы ў Twitter аб працы мэдыкаў падчас пандэміі каранавірусу зьбіраюць тысячы падабаек. І пакуль у выходныя людзі едуць на шашлыкі ці ідуць у царкву, Дар’я і яе калегі апранаюць супрацьчумныя касьцюмы, каб супрацьстаяць пандэміі.

У спэцпраекце Свабоды «На перадавой» лекарка Дар’я Чэхава апавядае пра пацыентаў, страх і расчараваньне — не ў мэдыцыне, але ў сыстэме, у якой працуе.

Чытаць яе аповед >>

11:27 21.4.2020

Расейская апазыцыя правядзе Youtube-мітынг

Інтэрнэт-мітынг «За жыцьцё» заплянавалі 28 красавіка на Youtube.

Галоўнымі патрабаваньнямі стануць фінансавая падтрымка дзяржавай насельніцтва на час пандэміі каранавірусу, вызваленьне малога бізнэсу ад падаткаў, а таксама скасаваньне галасаваньня аб папраўках у Канстытуцыю Расеі.

Свой удзел у мітынгу пацьвердзілі палітыкі Дзьмітрый Гудкоў, Леў Шлосберг, Максім Рэзьнік, Юлія Галяміна, Канстанцін Янкаўскас, журналісты Андрэй Півавараў і Ільля Азар, эканаміст Сяргей Гурыеў, адвакатка Марыя Эйсмант.

Адзін з арганізатараў падзеі, прэс-сакратар руху «Открытая Россия» Канстанцін Фамін, расказаў, што фармат абяцае быць блізкім да звыклага вулічнага пратэсту: удзельнікаў зь іхнымі плякатамі будуць выводзіць на экран нароўні са сьпікерамі.

11:25 21.4.2020

Дональд Трамп заявіў пра намер прыпыніць іміграцыю ў ЗША

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў у панядзелак пра намер падпісаць указ аб прыпыненьні іміграцыі ў Злучаныя Штаты.

На сваёй старонцы ў «Твітары» прэзыдэнт напісаў тое, што ён падпіша ўказ аб часовым прыпыненьні іміграцыі ў ЗША, зыходзячы зь неабходнасьці абараніцца ад «нябачнага ворага» і абараніць працоўныя месцы амэрыканцаў.

Любая спроба прэзыдэнта прыпыніць допуск законных імігрантаў у краіну напэўна будзе аспрэчаная ў судзе, паколькі іміграцыя ў ЗША рэгулюецца фэдэральнымі законамі. Ранейшыя спробы прэзыдэнта абмежаваць або часова забараніць уезд у краіну ўцекачоў і імігрантаў разглядаліся судамі розных інстанцый, законнасьць большасьці гэтых указаў была пацьверджана Вярхоўным судом краіны.

09:18 21.4.2020

Апэратар А1 дасьць беларускім мэдыкам 500 смартфонаў зь безьлімітнай сувязьзю

Тэлекам-апэратар A1, раней вядомы як Velcom, паабяцаў забясьпечыць сувязьзю і смартфонамі мэдыкаў, занятых у барацьбе з эпідэміяй COVID-19.

500 камплектаў, якія плянуюць раздаць, уключаюць SIM-карткі зь безьлімітным інтэрнэтам і безьлімітнымі тэлефанаваньнямі ва ўсе сеткі, а таксама бюджэтны Android-смартфон «A1 Альфа» (ZTE Blade V10 Vita).

«Плянуецца, што камплекты сувязі будуць выкарыстоўвацца ў самых гарачых зонах, там, дзе адбываецца лекаваньне пацыентаў зь віруснай інфэкцыяй — у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі, інфэкцыйных аддзяленьнях, пры працы на хуткай мэдычнай дапамогі, у лябараторыях, дзе праводзіцца тэставаньне аналізаў на COVID-19, — піша кампанія. — Такі падыход дасьць магчымасьць мінімізаваць выкарыстаньне асабістых тэлефонаў і зьнізіць рызыку распаўсюду інфэкцыі за межамі інфікаваных зонаў».

A1 раней таксама зрабіў бясплатнымі для жыхароў Беларусі тэлефанаваньні на «гарачыя лініі» прафіляктыкі COVID-19, ужо аказваў дапамогу Менскай гарадзкой клінічнай лякарні.

07:59 21.4.2020

Кім Чэн Ына не было на публіцы 10 дзён

Злучаныя Штаты вывучаюць зьвесткі выведнікаў пра стан здароўя кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына, паведаміла CNN са спасылкай на неназванага амэрыканскага чыноўніка, знаёмага са справай. Афіцыйных пацьверджаньняў выданьне не атрымала.

Кіраўніка КНДР ня бачылі на дні народзінаў ягонага дзеда 15 красавіка, а дзень народзінаў заснавальніка КНДР Кім Ір Сэна — гэта адно з галоўных сьвятаў дзяржавы. Яго адсутнасьць заўважыла і афіцыйная прэса КНДР, але прычынаў не растлумачыла.

Раней, адзначае CNN, адсутнасьць лідэра на дзяржаўным сьвяце папярэднічала сур’ёзным зьменам у КНДР, але на гэты раз такіх зьменаў не адбылося.

Кім Чэн Ына апошні раз бачылі на публіцы 11 красавіка.

Інтэрнэт-газэта Daily NK, якая базуецца ў Паўднёвай Карэі, але піша пра Паўночную, сьцьвярджае, што Кім Чэн Ын 12 красавіка нібыта перанёс апэрацыю на сардэчна-сасудзістай сыстэме.

Сытуацыя з эпідэміяй каранавірусу ў Паўночнай Карэі невядомая — краіна закрытая для міжнародных назіральнікаў і сама не публікуе зьвестак пра COVID-19. Суседняя Паўднёвая Карэя была адной зь першых краінаў – ахвяраў хваробы, там заразіліся звыш 10 тысяч чалавек, памерлі 237, але эпідэмію ўдалося стрымаць, колькасьць хворых паступова спадае ўжо месяц.

07:40 21.4.2020

Лічбы на раніцу 21 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 2,48 мільёна выпадкаў COVID-19: амаль 793 тысячы ў ЗША, 200 тысяч у Гішпаніі, 181 тысячу ў Італіі, 155 тысяч у Францыі, 147 тысяч у Нямеччыне, звыш 124,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, амаль 91 тысячу ў Турэччыне, 83,5 тысячы ў Кітаі і Іране.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 170 455 чалавек. Зь іх 42 517 у ЗША, 24 114 у Італіі, 20 852 у Гішпаніі, 20 265 у Францыі, 16 509 у Вялікай Брытаніі, 5 828 у Бэльгіі, 5 209 у Іране, 4862 у Нямеччыне, 4 636 у Кітаі.
  • Выпісалі больш за 651,5 тысячы пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,6 млн, зь іх больш за 57 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 20 красавіка, пацьверджана 6264 выпадкі​ COVID-19. Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 51 чалавека.​ На раніцу 18 красавіка зарэгістравалі 518 новых выпадкаў за дзень, на 19-га — 510, на 20-га — 457. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
22:43 20.4.2020

Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 20 красавіка

  • На вечар 20 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 2,452 мільёна выпадкаў COVID-19. Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 168 784 чалавек.
  • У Беларусі пацьвердзілі 6 264 выпадкі COVID-19. Ад каранавірусу прызналі сьмерць 51 чалавека.​ На раніцу 18 красавіка было зарэгістравана 518 новых выпадкаў, на раніцу 19 красавіка — 510, за апошнія суткі — 457 выпадкаў.
  • Мінздароўя распрацавала рэкамэндацыі, як хаваць памерлых ад каранавірусу – перад выдачай цела мусяць прадэзынфэкаваць, бальзамаваньне не рэкамэндуецца, крэмацыя не абавязковая, пахаваньне — у дзень выдачы цела.
  • У горадзенскім шпіталі павесіўся пацыент. Напярэдадні ў яго ўзялі тэст на COVID-19. Сьледчы камітэт праводзіць праверку.
  • Архіяпіскап Наваградзкі і Слонімскі Гурый знаходзіцца ў рэанімацыі з падазрэньнем на каранавірус. Паводле «Газеты Слонімскай», Гурыю стала кепска падчас велікоднай службы.
  • Галоўная лекарка Стоўпцаў заявіла, што сытуацыя ў раёне складаная, колькасьць пнэўманіяў не зьмяншаецца. На базе раённай лякарні адкрылі шпіталь на 134 месцы.
  • Прадстаўнік САЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў нагадаў пра «належнае інфармаваньне» пра COVID-19 у Беларусі.
  • Лукашэнка расказаў, як супрацоўніка ягонай адміністрацыі правяралі на каранавірус і агучыў новае ратаваньне ад каранавірусу: ультрафіялет. WHO сьцьвярджае, што гэта ня сродак.
  • Яшчэ адзін выпадак каранавірусу ў беларускім войску: захварэў афіцэр у Слоніме. Агулам вядома пра 1 выпадак ва ўнутраных войсках і 4 — ва Ўзброеных сілах Беларусі.
  • EPAM і Wargaming перадалі беларускім мэдыкам 700 тысяч рэсьпіратараў.
  • У Расеі на карантын адправілі тысячы вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў рэпэтыцыі параду.
  • У Туркмэністане пасьля перапынку аднавілі футбольны чэмпіянат.
  • Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман лічыць, што межы краіны павінны быць закрытыя яшчэ год.
  • Швайцарыя, Данія і Фінляндыя пачынаюць аднаўляць працу школ і крамаў. Бэльгія, Грэцыя і Партугалія распрацоўваюць плян аднаўленьня дзейнасьці эканомікі ў траўні. Чэхія і Нямеччына адкрыла невялікія крамы.
20:11 20.4.2020

Адкрыліся фэрмэрскія рынкі і цырульні для сабак. Чэхія паступова выходзіць з карантыну

У рамках першага этапу паслабленьня жорсткіх абмежавальных захадаў 20 красавіка ў Чэхіі адкрыліся аўтамабільныя і фэрмэрскія рынкі, салёны па продажы аўтамабіляў, дзяржаўныя ўстановы. Ад панядзелка дазволена праводзіць вясельныя цырымоніі да 10 чалавек, прафэсійным спартоўцам цяпер можна трэніравацца на сьвежым паветры, але без наведваньня разьдзявалак і душавых.

  • Пры гэтым працягваюць дзейнічаць жорсткія правілы гігіены, напрыклад, патрабаваньне да фэрмэраў знаходзіцца на адлегласьці два мэтры адзін ад аднаго. Гэта дае надзеі малому бізнэсу, які моцна пацярпеў ад карантыну, піша Reuters.
  • На мінулым тыдні Чэхія зьняла шэраг абмежаваньняў пасьля стабілізацыі сытуацыі з распаўсюдам каранавірусу. Было зафіксавана 6 838 выпадкаў інфэкцыі, памерлі 194 чалавекі. Гэта менш, чым у большасьці краінаў Заходняй Эўропы.
  • У бліжэйшы панядзелак павінны адкрыцца невялікія крамы плошчай да 200 квадратных мэтраў, а 11 траўня — гандлёвыя цэнтры да 1000 квадратных мэтраў.
  • Рэстаран, вулічныя піўныя, цырульні і музэі пачнуць працаваць 25 траўня, усе іншыя крамы, уключаючы гандлёвыя цэнтры, пабы і гатэлі павінны адкрыцца 8 чэрвеня.
20:08 20.4.2020

У Расеі на карантын адправілі тысячы вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў рэпэтыцыі параду

Міністэрства абароны Расеі адправіла назад у свае часткі вайскоўцаў, якія рыхтаваліся да мерапрыемстваў у гонар 75-гадовай гадавіны перамогі на падмаскоўным палігоне Алабіна. Усе ўдзельнікі рэпэтыцый адправяцца на карантын, паведамляе ТАСС.

У Мінабароны запэўнілі, што ўсіх вайскоўцаў забясьпечылі індывідуальнымі сродкамі абароны, а вагоны, у якіх яны паедуць у свае часткі, будуць дэзынфікаваць. Дакладная колькасьць вайскоўцаў, адпраўленых на карантын, не ўдакладняецца. Раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заяўляў, што ў рэпэтыцыях параду ўдзельнічалі каля 15 тысяч чалавек.

20:05 20.4.2020

«Перад сьмерцю яны нават ня могуць разьвітацца з блізкімі», — дачка хворай на СOVID-19 жанчыны

«Шпіталі, дзе лечаць інфікаваных на каранавірус, сталі больш закрытымі, чым турмы», лічыць псыхоляг Тацяна Маладзьянава, чыя маці цяпер знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх з дыягназам «каранавірусная інфэкцыя» ў 4-й лякарні Менску.

Паводле Тацяны, для сваякоў хворых да трывогі за здароўе і жыцьцё блізкіх дадаюцца адчай і бездапаможнасьць з прычыны адсутнасьці кантакту як з роднымі, так і зь лекарамі, а таксама празь немагчымасьць дапамагчы ў доглядзе пажылых і часта бездапаможных людзей. Тацяна Маладзьянава падкрэсьлівае, што яна вельмі паважае працу дактароў, якія працуюць у складаных умовах і робяць усё, каб уратаваць жыцьці людзей. Яна заклікае ва ўмовах пандэміі зьмяніць дзейную сыстэму такім чынам, каб родныя маглі ведаць, што адбываецца зь іхнымі хворымі блізкімі і маглі ім неяк дапамагчы.

18:17 20.4.2020

Прадстаўнік САЗ нагадаў пра «належнае інфармаваньне» пра COVID-19 у Беларусі

«Належнае інфармаваньне і эфэктыўнае ўзаемадзеяньне з насельніцтвам зьяўляецца адным з найбольш важных умяшаньняў пры ажыцьцяўленьні мер у адказ на распаўсюд COVID-19», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.

Ён спаслаўся на тэхнічнае кіраўніцтве САЗ па пытаньнях камунікацыі ва ўмовах эпідэміі COVID-19, у якім падкрэсьліваецца, што адкрытае, рэгулярнае і актыўнае інфармаваньне насельніцтва «дапамагае ліквідаваць блытаніну і пазьбегнуць непаразуменьняў, дазваляе зьвесьці да мінімуму чуткі і недастатковае разуменьне, якія падрываюць эфэктыўнасьць дзеяньняў у адказ і могуць прывесьці да далейшага распаўсюджваньня хваробы».

Паводле Міжнародных мэдыка-санітарных правілаў 2005 году кожная краіна абавязаная цягам 24 гадзін інфармаваць САЗ пра колькасьць новых выпадкаў захворваньня і памерлых, а таксама пра агульную колькасьць выпадкаў COVID-19 і сьмяротных зыходаў ад пачатку эпідэміі.

17:10 20.4.2020

Яшчэ адзін выпадак каранавірусу ў беларускім войску: захварэў афіцэр у Слоніме

Пацьверджаны каранавірус у аднаго з афіцэраў вайсковай часткі ў Слоніме, паведамілі агенцтву Інтэрфакс-Захад у прэс-службе Мінабароны Беларусі. Такім чынам, агулам вядома пра 1 выпадак ва ўнутраных войсках і 4 — ва Ўзброеных сілах Беларусі.

«Станоўчы вынік дала проба на каранавірус у аднаго з афіцэраў вайсковай часткі ў Слоніме. Ён шпіталізаваны ў Горадзенскую абласную бальніцу, стан яго здавальняючы, ён ня мае патрэбы ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — адзначылі ў прэс-службе.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG