Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

10:08 20.4.2020

Лукашэнка назваў новы «сродак» ад каранавірусу: ультрафіялет. WHO кажа, гэта не дапаможа

У час візыту ў царкву ў вёсцы Малыя Ляды ў Смалявіцкім раёне 19 красавіка Аляксандар Лукашэнка агучыў чарговы «сродак супраць каранавірусу». Раней ён ня раз называў такія «сродкі»: лазьню, гарэлку, трактары, хакей, тлустую ежу, козаў... Цяпер расказаў наступнае:

«Учора мне лекары сказалі, што пры ўльтрафіялеце, сонечным сьвятле вірус гіне, — заявіў Лукашэнка. — Дык чаго мы хаваем людзей у крэматорыі гэтыя? То ў вас там дом, вы выйшлі ці я выйшаў, падыхаў сьвежым паветрам. А ў 20-павярховым доме як чалавеку? Дык вы ж на вуліцу ходзіце, а іх жа зачынілі».

Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) сьцьвярджае: ні сонечныя прамяні, ні цёплае надвор’е не зьяўляюцца сродкамі ад каранавірусу. Захварэць на COVID-19 магчыма незалежна ад таго, наколькі сонечнае ці сьпякотнае надвор’е, засьцерагае WHO.

10:06 20.4.2020

Лукашэнка расказаў, як супрацоўніка ягонай адміністрацыі правяралі на каранавірус

У час візыту ў царкву ў вёсцы Малыя Ляды ў Смалявіцкім раёне 19 красавіка Аляксандар Лукашэнка расказаў пра тэст на каранавірус у супрацоўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Пра гэта не паведамлялася асобна, але ў перадачы «Контуры» дзяржаўнага тэлеканала АНТ на 35-й хвіліне чуваць такія словы Лукашэнкі:

«Майце на ўвазе, што вялікая праблема ў нас — тэставаньне, — казаў Лукашэнка аднаму са сьвятароў. — Сёньня пратэставалі — хворы, пайшлі — здаровы».

Пасьля гэтага Лукашэнка азірнуўся і паказаў на кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенку:

«Во, жывы, — сказаў ён пра Сергеенку. — У яго ў прыёмнай чалавек захварэў. Жывы, здаровы! І пратэставалі, усё нармальна. А то — гвалт, паміраюць! — і іншае. Калі не захочаш памерці і будзеш лячыцца і хацець жыць, то будзеш жыць. А калі будзеш шарахацца ад кожнага гуку...»

З цытаты не зразумела адназначна, ці Лукашэнка казаў пра хворага на COVID-19. Але, паводле дыктара, гаворка перад гэтым ішла менавіта пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі.

09:22 20.4.2020

Беларусь не адна. У Туркмэністане пасьля перапынку аднавілі футбольны чэмпіянат

Нягледзячы на пагрозу каранавірусу, у Туркмэністане аднавіўся футбольны сэзон. Нацыянальнае першынства было працягнутае пасьля перапынку, які доўжыўся адзін месяц.

Унутраныя чэмпіянаты спыненыя практычна ва ўсім сьвеце, за выключэньнем Беларусі, Туркмэністану, Таджыкістану, Нікарагуа і Тайваня. І толькі ў двух першых краінах на стадыёнах дазволеная прысутнасьць гледачоў.

Туркмэністан афіцыйна не прызнаў выпадкі інфікаваньня каранавірусам на сваёй тэрыторыі. Карэспандэнты Радыё Свабода раней паведамлялі, што людзей, якія публічна абмяркоўваюць пандэмію, затрымліваюць супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным.

09:21 20.4.2020

Міністэрства здароўя дало новы прагноз зьніжэньня распаўсюду COVID-19 у Беларусі. Мінулы ня спраўдзіўся

«Цягам двух-трох тыдняў сытуацыя ня скончыцца, мы будзем у эпідпрацэсе, — сказала 19 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Натальля Жукава. — Але хацела б адзначыць, што сытуацыя кіраваная. Ёсьць перадумовы думаць, што захваральнасьць павінна зьніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні».

Паводле яе, Міністэрства аховы здароўя можа рабіць такую выснову, паколькі адсочвае захваральнасьць на рэсьпіраторныя інфэкцыі, а каранавірус адносіцца да групы, якая выклікае падобныя захворваньні.

Іншая намесьніца міністра аховы здароўя Алены Богдан на брыфінгу 14 красавіка разважала: ў апошнія тры дні штодзень рэгіструюць прыблізна 340–360 новых выпадкаў COVID-19, і гэтыя лічбы не мяняюцца — гэта значыць, што распаўсюд вірусу не паскараецца.

Але на наступны дзень пасьля заявы Богдан у Беларусі выявілі 447 новых выпадкаў, празь дзень — 476, праз два дні — 575, праз тры дні перасталі паведамляць колькасьць новых выяўленых выпадкаў і агульную колькасьць выпадкаў COVID-19 у Беларусі.

08:13 20.4.2020

Лічбы на раніцу 20 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 2,4 мільёна выпадкаў COVID-19: 764 тысячы ў ЗША, 198,5 тысячы ў Гішпаніі, амаль 179 тысяч у Італіі, амаль 153 тысячы ў Францыі, звыш 145,5 тысячы ў Нямеччыне, 120 тысяч у Вялікай Брытаніі, звыш 86 тысяч у Турэччыне, амаль 84 тысячы ў Кітаі, 82 тысячы ў Іране.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 165 073 чалавекі. Зь іх 40 565 у ЗША, 23 660 у Італіі, 20 453 у Гішпаніі, 19 718 у Францыі, 16 060 у Вялікай Брытаніі, 5683 у Бэльгіі, 5118 у Іране, 4636 у Кітаі.
  • Выпісалі 625 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,6 млн, зь іх каля 54 тысяч у цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 17 красавіка, пацьверджаныя 4779 выпадкаў​ COVID-19, 575 выпадкаў за дзень. Пасьля колькасьць выпадкаў перасталі паведамляць. На 19 красавіка ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 47 чалавек.​ Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
19:23 19.4.2020

ФАКТОГРАФ: Ці праўда, што ў краінах былога СССР няма інфэкцыйных шпіталяў?

17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што інфэкцыйныя шпіталі «на постсавецкай прасторы ва ўсіх дзяржавах зьнішчылі». Ці праўда, што ў краінах былога СССР няма інфэкцыйных шпіталяў? Мы праверылі гэтае выказваньне.

19:13 19.4.2020

Расея падаравала Ўзбэкістану тэсты на каранавірус. Раней іх раскрытыкаваў Лукашэнка

Расея бясплатна перадала Ўзбэкістану тэставыя сыстэмы для дыягностыкі каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, заявіла афіцыйная прадстаўніца расейскага Ммністэрства замежных спраў Марыя Захарава.

Як паведамляе тэлеканал «Настоящее время», паводле Захаравай, тэст-сыстэмы расейскага навуковага цэнтру «Вэктар» накіраваныя расейскім бокам для дапамогі Ўзбэкістану ў барацьбе з распаўсюджваньнем інфэкцыі. Захарава ўдакладніла, што ўзаемадзеяньне вядзецца і зь Беларусьсю — дзяржкарпарацыя «Расатам» перадала тэст-сыстэмы шпіталям Астравецкага раёну Горадзенскай вобласьці.

Раней прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што тэст-сыстэмы расейскага навуковага цэнтру «Вэктар» даюць усяго 30% дакладных вынікаў.

13:44 19.4.2020

Лукашэнка ўпэўнены ў тактыцы барацьбы з каранавірусам

Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць што «беларусы пройдуць гэты пэрыяд годна». Галоўнае, падумаць, як пераадольваць наступствы «псыхозу».

«Аднаму цяжка ў сьвеце, асабліва ісьці супраць плыні, — сказаў ён. — Але я ўсё ж прыняў рашэньне, што мы ня мусім закрывацца, павінны працаваць. А як можна зачыніцца і не працаваць, калі на вёсцы сяляне сеюць? І калі не пасеюць, значыць, есьць ня будзе чаго. Нават тыя, хто зачыніліся, пачалі адкрываць заводы, фабрыкі, дзіцячыя дамы, школы. А ў гэты час у іх яшчэ гінуць — да шасьцісот чалавек у суткі. Навошта, пытаюся, было спыняць жыцьцё?» — задаўся пытаньнем Лукашэнка.

13:42 19.4.2020

Трамп пагражае наступствамі, калі кітайскія ўлады сапраўды хавалі праўду пра каранавірус

Кітайскія ўлады «панясуць адказнасьць», калі высьветліцца, што «сьвядома» хавалі дадзеныя аб каранавірусе, заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён перакананы, што небясьпечны вірус можна было спыніць у Кітаі яшчэ да пачатку пандэміі, але цяпер праз гэта пакутуе ўвесь сьвет.

Акрамя таго, Дональд Трамп ставіць пад сумнеў афіцыйную статыстыку сьмяротнасці ў КНР, лічачы яе істотна заніжанай. Пасьля пералікаў колькасьці ахвяраў ва Ўхані гэтая колькасьць была павялічаная на 50%, аднак, на думку экспэртаў, і новая лічба не адпавядае рэальнасьці.

13:40 19.4.2020

Ад каранавірусу ў Беларусі памерлі 47 чалавек. 86 у цяжкім стане

Мінздароўя зноў назвала толькі тых, хто лечыцца стацыянарна. На стацыянарным лячэньні каранавірусу знаходзіцца 3538 чалавек. Ачунялі і выпісаныя 494 пацыенты. У адмысловай увазе спэцыялістаў, у сувязі з цяжарам захворваньня, маюць патрэбу 86 пацыентаў. Усяго ў Беларусі правялі 98 231 тэст на COVID-19.

11:48 19.4.2020

Праваслаўныя вернікі сьвяткуюць Вялікдзень у Віцебску

Велікодная ноч з удзелам архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзьмітрыя ў Сьвята-Усьпенскім катэдральным саборы ў Віцебску.
Велікодная ноч з удзелам архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзьмітрыя ў Сьвята-Усьпенскім катэдральным саборы ў Віцебску.

Напярэдадні сьвята Беларуская праваслаўная царква заклікала вернікаў адмовіцца ад наведваньня храмаў на Вялікдзень. На афіцыйнай старонцы Віцебскай эпархіі быў апублікаваны заклік трымацца масачнага рэжыму і захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў храмах. І па магчымасьці ўстрымацца ад наведваньня храмаў у пэрыяд ускладненьня эпідэміялягічнай сытуацыі. Асабліва ў сьвяточныя дні.

Прамая трансьляцыя сьвяточнага набажэнства вялася на мясцовым тэлеканале «Віцебск». Большасьць вернікаў скарысталася магчымасьцю сачыць за ўрачыстасьцямі дыстанцыйна — з дому.​

11:42 19.4.2020

Канскі кінафэстываль пройдзе ў онлайн-фармаце

Кіраўніцтва Канскага фэстывалю вырашыла правесьці кінафорум у онлайн-фармаце. Прычынай сталі эпідэмія COVID-19 і абмежавальныя меры, прынятыя ўрадам Францыі.

У сумеснай заяве арганізатары канстатавалі, што правядзеньне маштабнай імпрэзы ў сёньняшніх умовах немагчымае, але адначасова яны выказалі гатоўнасьць забясьпечыць падтрымку фільмаў, адабраным у сёлетнія конкурсы. Тэрміны онлайн-праглядаў абмяркоўваюцца.​

10:06 19.4.2020

Некалькі соцень чалавек прыйшлі на ўсяночную ў Менску

Некалькі соцень чалавек прыйшлі на ўсяночную ў храм «Абразы Божай Маці ўсіх тужлівых радасьці», што на праспэкце Прытыцкага ў Менску. Праўда, адна пара засталася і малілася звонку на дыстанцыі некалькі дзясяткаў мэтраў ад будынку храма. Перад начным богаслужэньнем прайшоў крыжовы шлях з удзелам казакоў.

Усяночная ў храме, што на Прытыцкага ў Менску
Усяночная ў храме, што на Прытыцкага ў Менску
23:10 18.4.2020

Як у Беларусі і іншых краінах будзе сьвяткавацца праваслаўны Вялікдзень ва ўмовах пандэміі

Усяленскі патрыярх Варфаламей заклікаў праваслаўных вернікаў заставацца на Вялікдзень дома. Аднак, да гэтых рэкамэндацыяў Канстантынопальскага патрыярха прыслухаліся ня ўсе.

23:05 18.4.2020

«Радыяцыя была страшнай, ды прывыклі. А гэтая зараза яшчэ мудрэйшая». Як Буда-Кашалёва, дзе ўспышка каранавірусу, рыхтуецца да Вялікадня

Жыхары Буда-Кашалёва ўстрывожаныя ўспышкай каранавірусу ў райцэнтры. Тут захварэлі мэдыкі — ад санітаркі да лекараў. Не абмінула зараза і «простых сьмяротных». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, «зьлеглі» мэдычныя работнікі з тэрапэўтычнага і рэанімацыйнага аддзяленьня.

21:56 18.4.2020

Пад пагрозай 75 млн працоўных месцаў у турыстычнай індустрыі

Паводле Сусьветнай арганізацыі турызму, агулам 75 мільёнаў працоўных месцаў у турыстычнай галіне пад пагрозай праз каранавірусны крызіс. Найбольш гэта можа закрануць эўрапейскія краіны.

21:53 18.4.2020

Жыхарам аграгарадка ля Старых Дарогаў «рэкамэндавана не выяжджаць», ад паездак туды таксама раяць устрымацца

У аграгарадку Языль нібыта праводзяцца прафіляктычныя мерапрыемствы, бо вырасла колькасьць тых, хто захварэлі на вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю.

17:24 18.4.2020

4 патрулі ДАІ выставілі паміж Лунінцам і Пінскам праз каранавірус. ФОТА

Праз эпідэмію каранавірусу на дарогах паміж Лунінцам і Пінскам выстаўленыя патрулі міліцыі. На кожным ёсьць таксама супрацоўнік цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Ён мерае тэмпэратуру кіроўцаў і пасажыраў і правярае, ці няма гэтых людзей у сьпісе тых, хто мусіць знаходзіцца ў самаізаляцыі. Зь месца перадаюць карэспандэнты Свабоды.

17:22 18.4.2020

У Таджыкістане і Туркмэністане афіцыйна каранавірусу няма. У іх суседзяў — ёсьць

Захворваньне на пнэўманію сярод насельніцтва ўзрасло з прычыны сэзоннай перамены клімату, заявілі тамтэйшыя ўлады.

14:42 18.4.2020

«Што робіць нашая краіна?! Навошта заніжаць статыстыку?» Сын памерлага фэльчара хуткай дапамогі жорстка адказаў міністру Караніку

Усе рытуальныя службы і залі ў Барысаве адмовіліся правесьці разьвітаньне, калі даведаліся, што ў памерлага быў каранавірус. Адпяваць 50-гадовага фэльчара хуткай дапамогі Васіля Ліпіліна пагадзіўся толькі адзін сьвятар.

Васіль Ліпілін
Васіль Ліпілін

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG