Ад каранавірусу за суткі ў Беларусі памерлі яшчэ 3 чалавекі
Міністэрства аховы здароўя назвала новыя лічбы па хворых і памерлых на каранавірус, не назваўшы агульнай колькасьці захварэлых. Вядома, што на 18 красавіка ад каранавірусу ў Беларусі памерлі 45 чалавек.
Акрамя агульнай колькасьці зафіксаваных выпадкаў Covid-19 Мінздароўя не назвала:
- колькасьць хворых, якіх адправілі лячыцца дома;
- колькасьць хворых у цяжкім стане і на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
На стацыянарным лячэньні каранавіруса знаходзіцца 3282 чалавекі. Ачунялі і выпісаныя 458 пацыентаў. У дачыненьні да 510 праводзіцца удакладняючая дыягностыка. Усяго ў Беларусі правялі 92 709 тэстаў на Covid-19.
19 мільярдаў даляраў для амэрыканскіх фэрмэраў, якія пацярпелі ад пандэміі
Трамп прадставіў праграму дапамогі фэрмэрам, якія пацярпелі ад пандэміі. На гэтыя мэты выдаткавалі 19 мільярдаў даляраў. Зь іх 16 мільярдаў накіруюць на прамыя выплаты вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі, а 3 мільярды — на закупку іх прадукцыі: гародніны, фруктаў, малака мяса.
Апошнімі тыднямі амэрыканскія фэрмэры зьнішчалі вырабленыя імі прадукты раз адсутнасьць попыту, выкліканага каранавірусам. Некалькі мясакамбінатаў спынілі вытворчасьць праз захворваньне сваіх супрацоўнікаў.
Ва Ўкраіне пацьвердзілі больш 5,1 тысячы выпадкаў Covid-19
На раніцу 18 красавіка ва Ўкраіне пацьвердзілі 5 106 выпадкаў захворваньня на каранавірус, памерлі 133 чалавекі, 275 чалавек вылечыліся. Пра гэта паведамілі ва ўкраінскім Цэнтры грамадзкага здароўя.
Сярод памерлых пераважаюць людзі ад 50 гадоў (87%).
У Воршы 3 чалавекі памерлі ад каранавірусу
На 17 красавіка ў Аршанскім раёне зарэгістравалі 57 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, памерлі 3 чалавекі. Пра гэта піша «Аршанская газэта» са спасылкай на галоўнага доктара Аршанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялёгіі Сяргея Белага.
У трох памерлых людзей каранавірус абцяжарыў хранічныя захворваньні, сказаў Белы. Пасьля праходжаньня лячэньня паправіліся 2 чалавекі, іх выпісалі. Аршанскія мэдыкі правялі больш за 780 тэстаў на COVID-19. Пасьля атрыманьня паўторнага адмоўнага выніку на каранавірус і адсутнасьці клінічных праяў захворваньня зьнялі з мэдычнага назіраньня 131 чалавека.
БДУ не плянуе карэктаваць кошт навучаньне праз перавод заняткаў у онлайн
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт не плянуе карэктаваць кошт навучаньня праз перавод заняткаў у онлайн-рэжым, піша БелТА са спасылкай на прарэктара па навучальнай працы і адукацыйным інавацыям Аксану Здрок.
«Па сутнасьці, у адукацыйным працэсе нічога не зьмянілася. Форма навучаньня іншая, але заняткі праводзяцца паводле раскладу. Забясьпечана ўзаемадзеяньне студэнта з выкладчыкам на сталай аснове», – патлумачыла прычыну адсутнасьці зьніжкі Здрок.
Яна таксама адзначыла, што ва ўнівэрсытэце разглядаюць магчымасьць атэстацыю студэнтаў онлайн. Але з фарматам атэстацыі кіраўніцтва ўнівэрсытэту вызначыцца бліжэй да сэсіі.
У Маскве працягнулі прапускны рэжым
Рэжым прапускоў у расейскай сталіцы працягнулі да 30 сакавіка. У грамадзкім транспарце ўвядуць аўтаматычную сыстэму прапускоў у грамадзкім транспарце, а аўтамабілістаў без пропускаў будуць выяўляць і штрафаваць пры дапамозе камэр.
Ад 30 сакавіка ў Маскве ўведзены абавязковы рэжым самаізаляцыі.
Лукашэнка: у Беларусі каля 90 чалавек на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх
А расейскія тэсты «ні к чорту». Што яшчэ сказаў Лукашэнка?
Амэрыканскі аналітык: Лукашэнка хоча зрабіць Расею вінаватай у сытуацыі з каранавірусам
Рэагуючы на эпідэмію COVID-19 у краіне, Аляксандар Лукашэнка прыняў на сябе ролю палітыка, якія прымае ўзважаныя і разумныя рашэньні ў параўнаньні з тым, што ён падае беларусам як «панічную рэакцыю» Расеі.
Да такой высновы прыходзіць Эмілі Фэрыс, аналітык Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (CEPA), які знаходзіцца ў Вашынгтоне.
Доктарка дзіцячай лякарні: У сямі мэдыкаў знайшлі каранавірус
У сямі мэдыкаў 4-й гарадзкой дзіцячай клінічнай лякарні ў Менску выявілі COVID-19. А двух пацыентаў перавялі ў інфэкцыйную лякарню. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла супрацоўніца лякарні. Галоўны лекар бальніцы Віталь Лужынскі ня стаў камэнтаваць гэтую інфармацыю.
Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 17 красавіка
- На вечар 17 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 2,231 мільёна выпадкаў COVID-19: 686 тысяч у ЗША, 188 тысяч у Гішпаніі, 172 тысячы ў Італіі, 165 тысяч у Францыі, 138 тысяч у Нямеччыне, 108 тысяч у Вялікай Брытаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 79 тысяч у Іране, 78 тысяч у Турэччыне.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 17 красавіка, пацьверджаныя 4779 выпадкаў COVID-19, памерлі 42 чалавекі, за суткі выяўленыя 575 новых выпадкаў.
- Паводле міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Караніка, 90 супрацоўнікаў «хуткай дапамогі» ў Менску заразіліся каранавірусам, у краіне ня менш за 419 інфікаваных мэдыкаў.
- Беларускія школьнікі пачнуць вучыцца з 20 красавіка. Прадстаўніца Мінадукацыі патлумачыла, што рашэньне тычыцца «усіх школаў без выключэньня, а калі хто ня хоча вадзіць дзяцей у школу, гэта іх права, хай пішуць заявы». Лукашэнка адмяніў для школьнікаў выходны 1 траўня. Суботы таксама будуць вучэбным днём
- Падчас наведваньня Лідзкага раёну Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дарожная інфраструктура важнейшая за каранавірус: «Псыхоз павінен быць вакол мастоў».
- Урад абмежаваў рост цэнаў на на мяса, рыбу, малако на тры месяцы.
- Мінабароны пацьвердзіла яшчэ 2 выпадкі каранавірусу сярод вайскоўцаў.
- Ад 300 да 4 тысяч рублёў будуць даплачваць мэдыкам за працу ва ўмовах эпідэміі.
- ЗША выдзеляць больш за $500 мільёнаў іншым краінам на барацьбу з COVID-19.
- Вялікая Брытанія падоўжыла карантын яшчэ на тры тыдні.
- Кітай даставіў у Беларусь у якасьці дапамогі 100 тысяч тэстаў на COVID-19
Докшыцы: каранавірус і пнэўманія трапілі ў міліцыю і выканкам. Як зьмянілася сытуацыя за тыдзень
17 красавіка зьявілася статыстыка хворых на COVID-19 у Докшыцкім раёне — першы раз за апошнія 9 дзён улады расказалі пра маштаб эпідэміі. Праз тыдзень пасьля першай паездкі ў Докшыцы Свабода сабрала інфармацыю ад мясцовых жыхароў пра тое, што там зьмянілася за гэты час.
Колькі цяпер хворых на COVID-19 у Докшыцах, прадстаўнікі якіх установаў захварэлі на каранавірус ці пнэўманію, колькі чалавек памерла ад пнэўманіі за апошнія дні, што робяць цяпер у Докшыцах, каб прадухіліць распаўсюд каранавірусу, чытайце па спасылцы >>
Рэстаран гатуе мэдыкам абеды, а чыноўніца аддала аўтамабіль. Рэпартаж з Асіповічаў, дзе на COVID-19 захварэлі 12 мэдыкаў
У горадзе Асіповічы Магілёўскай з 32 хворых на каранавірус 12 — мэдычныя работнікі зь мясцовага шпіталя.
Свабода на месцы высьвятляла, што цяпер адбываецца ў горадзе і як у райцэнтры змагаюцца з каранавірусам. Рэпартаж чытайце па спасылцы >>
Лукашэнка адмяніў для школьнікаў выходны 1 траўня. Суботы таксама будуць вучэбным днём
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у Менску і буйных абласных цэнтрах школьнікі 20 красавіка пачнуць тыдзень з індывідуальнага дыстанцыйнага навучаньня, але да канца тыдня «яны павінны ўвайсьці ў гэты навучальны працэс, як усе».
«Будзем вучыцца ў суботу. Гэта будзе вучэбны дзень — ня проста працоўнае навучаньне, факультатывы і іншае, а поўны вучэбны дзень, таму што крыху адсталі — тыдзень жа прагулялі лішні. І 1 чысла [траўня] таксама будзем вучыцца. А 2 і 3 будзе выходны. Для дзяцей у школах. Вось гэтыя два дні мы возьмем і, ушчыльніўшыся, нам, можа быць, нават улетку не спатрэбяцца адзін-два дні ў чэрвені месяцы», — заявіў Лукашэнка. Падрабязьней па спасылцы >>
Мінабароны пацьвердзіла яшчэ 2 выпадкі каранавірусу сярод вайскоўцаў. Цяпер у Бабруйску
Прэсавы сакратар Мінабароны Натальля Гаўрусік пацьвердзіла, што на каранавірус захварэлі два вайскоўцы 83-га асобнага інжынэрна-аэрадромнага палку, які дысьлякуецца ў Бабруйску.
«Так, выпадак сапраўды ёсьць. У двух вайскоўцаў станоўчы вынік тэста на каранавірус. Яны знаходзяцца на лячэньні ў Бабруйскім цэнтральным шпіталі. Стан здароўя здавальняючы, патрэбы ў падтрымцы лёгачнай дзейнасьці няма, то бок яны не на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, дыхаюць самастойна», — сказала Натальля Гаўрусік. Падрабязьней па спасылцы >>
У Менску на станцыі мэтро «Плошча Леніна» паставілі цеплавізар. Плянуюць і на іншых станцыях
Цеплавізар, які дазваляе на адлегласьці выяўляць пасажыраў з падвышанай тэмпэратурай, запрацаваў у тэставым рэжыме на ўваходзе на станцыю мэтро «Плошча Леніна» з боку чыгуначнага вакзалу, паведаміла «Мінск-навіны».
«Цяпер сумесна з санітарна-эпідэміялягічнай службай Менску выпрацоўваем альгарытм дзеяньняў: якія меры прымаць, выявіўшы пасажыра з падвышанай тэмпэратурай. Аб адмове ў перавозцы гаворкі не ідзе, у прафіляктычных мэтах разглядаем варыянты папярэджаньня чалавека аб яго стане, магчыма, кансультацыі або аказаньня дапамогі», — удакладніў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Дараховіч.
У далейшым цеплавізары могуць зьявіцца і на іншых станцыях падземкі.
«Кавіданоміка». У Беларусі стварылі сайт пра ўплыў на эканоміку пандэміі каранавірусу
Недзяржаўны Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC пры ўдзеле Бізнэс-школы і дасьледчага цэнтру ІПМ, дасьледчай кампаніі SATIO, а таксама пры падтрымцы Швэдзкага агенцтва супрацы ў міжнародным разьвіцьці Sida запусьціў сайт «Кавіданоміка Беларусі».
На сайце абяцаюць зьбіраць інфармацыю пра ўплыў пандэміі каранавірусу на эканоміку Беларусі і рабіць зьвесткі даступнымі для «ўсіх, каму даводзіцца прымаць эканамічныя рашэньні ва ўмовах высокай нявызначанасьці». Падрабязьней па спасылцы >>
«Самая вялікая рызыка — чатыры выходныя дні», — міністар Каранік заклікаў заставацца дома на Радаўніцу
Падчас прэс-канфэрэнцыі 17 красавіка міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік заклікаў беларусаў заставацца дома на вялікіх выходных, у тым ліку на Радаўніцу.
«Зараз самая вялікая рызыка, якую мы бачым, чатыры выходныя дні, 25-28 красавіка. Ведаем традыцыі нашых грамадзянаў наведваць магілы сваіх родных, наведваць састарэлых сваякоў, каб разам успомніць тых, каго з намі няма. У гэтым выпадку мы б прасілі ўсіх заставацца ў месцах пражываньня і максымальна абмежаваць стасункі», — сказаў Каранік.
«Гэта мясарубка». Жыхарка Віцебску — у адным шпіталі з пнэўманіяй, муж памёр у іншым з каранавірусам
Сьвятлане 40 год. Цяпер яна ляжыць у адным зь віцебскіх шпіталяў з пнэўманіяй. Яе 53-гадовы муж памёр у іншым шпіталі з пацьверджаным каранавірусам. Яна не змагла разьвітацца з каханым чалавекам.
З дазволу жанчыны Свабода публікуе яе гісторыю. Чытайце па спасылцы>>
Якая сытуацыя ў раёнах, дзе «усё спакойна»? У Паставах 13, ва Ушачах 7 выпадкаў каранавірусу
У Пастаўскім раёне выяўлена 13 хворых на каранавірус. Яшчэ 8 красавіка паведамлялася пра 2 выпадкі. З чым зьвязаны такі рост? «Гэта закон малых лічбаў. Было 4, стала 13. Гэта проста прыйшлі аналізы. Усюды расьце, і ў нас у раёне расьце», — сказала карэспандэнту Свабоды галоўны ўрач Пастаўскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Сьвятлана Расьсеева і дадала, што гэта завозныя выпадкі.
Ва Ўшацкім раёне на лячэньні ў інфэкцыйным аддзяленьні раённай бальніцы цяпер 7 чалавек з каранавірусам, адзін выпісаны.Сярод інфікаваных жыхары ня толькі Ўшачаў, але і раёну».
У абодвух раёнах усе, хто захварэў, — дарослыя, мэдычных работнікаў сярод іх няма. Агулам ва Ўшацкім раёне 53 пацыенты з пнэўманіямі. Цалкам чытайце тут>>
Ад 300 да 4 тысяч рублёў. Стала вядома, колькі будуць даплачваць мэдыкам за працу ва ўмовах эпідэміі
У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі «Аб матэрыяльным стымуляваньні работнікаў аховы здароўя», мэдыцынскім работнікам за працу ва ўмовах, зьвязаных з інфэкцыямі, устанавілі штомесячныя надбаўкі, памер якіх розьніцца ў залежнасьці ад арганізацыі і катэгорыі работніка.
Мінімальная штомесячная надбаўка лекарам — 1 тысяча беларускіх рублёў, максымальная — 4 тысячы, работнікі зь сярэдняй спэцыяльнай мэдыцынскай адукацыяй будуць атрымліваць ад 500 да 3 тысяч рублёў, іншыя работнікі — ад 300 да 1,5 тысячы рублёў. Цалкам пра ўсё надбаўкі ў залежнасьці ад месца працы чытайце па спасылцы.