Магіляўчанка падазрае, што заразілася каранавірусам у лякарні, і патрабуе пакараць мэдыкаў
Жыхарцы Магілёва Ірыне Барылавай тройчы рабілі тэст на COVID-19. Вынікі першых двух былі адмоўныя. Трэці, які зрабілі ў бальніцы пасьля некалькіх дзён у адным боксе з пацыенткай з каранавірусам, даў станоўчы вынік.
Да гэтага яна неаднаразова прасіла лекараў адпусьціць яе на самаізаляцыю, таму што баялася заразіцца каранавірусам ад іншых пацыентаў. Тлумачыла, што ў кватэры ў яе ёсьць усе неабходныя ўмовы, але яе не адпускалі.
Ірына дапускае, што заразілася ў лякарні. Кіраўніцтва лякарні лічыць запісанае пацыенткай відэа праявай эмоцыяў. Гісторыя цалкам тут.
У Кіева-Пячорскай лаўры ад каранавірусу памерлі два манахі, яе закрылі на карантын
У Кіева-Пячорскай лаўры правялі ўзмоцненую дэзынфэкцыю ўсіх будынкаў, усталявалі мэдычныя пасты, дзе мераюць тэмпэратуру і ўзровень аксігенацыі ў манахаў, якія маюць прыкметы захворваньня і лечацца ў рэжыме самаізаляцыі. Мэдычны агляд прайшлі 230 служыцеляў лаўры і 68 студэнтаў духоўнай сэмінарыі: дваіх шпіталізавалі, адзін адмовіўся ад шпіталізацыі, 130 — інфікаваныя. Падрабязьней тут>>
У сувязі з пандэміяй у беларускім войску абмежавалі наведваньні і звальненьні
У беларускіх Узброеных сілах у сувязі з каранавірусам часова абмежавалі звальненьні і наведваньні вайскоўцаў, а таксама перамяшчэньні воінскіх падразьдзяленьняў, паведаміла афіцыйная прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік у Facebook.
Паводле яе, каб кантраляваць здароўе ў войску, на кантрольна-прапускных пунктах вайсковых частак стварылі мэдыцынскія пасты, дзе ўсе вайскоўцы кантрактнай службы і цывільны пэрсанал штодня, перш чым прайсьці на тэрыторыю часткі, праходзяць мэдагляд, пры неабходнасьці ім мераюць тэмпэратуру. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць кантролю за станам здароўя ўдзельнікаў параду, падкрэсьліла Гаўрусік.
Вэтэранскія арганізацыі Расеі папрасілі Пуціна адкласьці парад Перамогі
Расейскія вэтэранскія арганізацыі накіравалі Ўладзіміру Пуціну зварот з просьбай перанесьці парад Перамогі ў Маскве з 9 траўня на больш позьнюю дату з прычыны эпідэміі кранавірусу. «Ад імя ўсёй вэтэранскай супольнасьці просім вас прыняць складанае, але, як мы лічым, справядлівае рашэньне аб правядзеньні вайсковага параду ў іншы час, калі ў адпаведнасьці з эпідэміялягічнай сытуацыяй парад стане не пагрозай, а сапраўды ўрачыстасьцю міру і бясьпекі для ўсіх яго ўдзельнікаў», — гаворыцца ў звароце.
36 памерлі. Міністэрства аховы здароўя прызнала 3728 выпадкаў COVID-19 у Беларусі, плюс 447 за дзень
Міністэрства аховы здароўя апублікавала 15 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 15 красавіка:
- 3728 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў яе выпісаных і памерлых);
- колькі хворых шпіталізавалі, колькі адправілі дамоў хворымі і колькі выпісалі здаровымі, перасталі паведамляць, але з ранейшых зьвестак можна зрабіць выснову, што на самаізаляцыю адправілі нейкую колькасьць інфікаваных, да 634 чалавек;
- 68 пацыентаў «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьці пацыентаў у цяжкім і крытычным стане);
- 36 памерлі, міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя мелі «шэраг хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксавалі 447 новых выпадкаў і 3 сьмерці за дзень;
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 76 198 тэстаў у 24 лябараторыях, у тым ліку прыватных.
Эўракамісія агучыла тры крытэры для адмены карантыну ў ЭЗ
Эўракамісія распрацавала і агучыла тры крытэры для адмены каранты ў краінах Эўразьвязу, аднак нават магчымых дат іх адмены пакуль няма. Кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен у сераду на відэаканфэрэнцыі агучыла распрацаваныя крытэры, прадстаўляючы рэкамэндацыі Камісіі краінам супольнасьці ў справе адмены карантыну.
Лекар, які сустракаўся з Пуціным і пасьля захварэў, паправіўся ад каранавірусу
Дзяніс Працэнка, галоўны доктар інфэкцыйнай лякарні ў маскоўскім раёне Камунарка, паправіўся ад каранавіруснай інфэкцыі. «Два адмоўныя аналізы. Ізаляцыя завершана — паўнавартасны працоўны дзень», — напісаў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Ва Украіне на каранавірус захварэлі амаль 700 мэдыкаў
Ва Ўкраіне на каранавірусную інфэкцыю захварэлі 260 дзяцей і 684 мэдыцынскіх работнікаў, паведаміў міністар аховы здароўя краіны Максім Сьцяпанаў. «За апошнія суткі ў нас 392 новыя выпадкі захворваньня COVID-19, усяго захварэлі 3764 чалавекі, у тым ліку 260 дзяцей і 684 мэдыцынскіх работнікаў», — расказаў міністар.
З 3764 чалавек, хворых COVID-19, памерлі 108 чалавек, ачунялі 143 украінца.
«Грамадзтва забыла, што ў самаізаляцыі трымала геяў, а яшчэ раней жанчынаў»
Пішуць пра новую зьяву заходняй дэмакратыі ды чалавецтва наагул — самаізаляцыю. І адразу ў гэтым бачыцца недакладнасьць. Зьява гэтая зусім ня новая — грамадзтва забыла, што ў самаізаляцыі аддаўна яно трымала, напрыклад, геяў, а яшчэ раней жанчынаў — піша літаратар Уладзь Гарбацкі.
У АГП зрабілі свой прагноз эпідэміі ў Беларусі: празь месяц да 245 тысяч заражаных каранавірусам
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў паведаміў, што чальцы ягонай каманды правялі разьлікі і прыйшлі да несуцяшальных высноваў: калі не распачаць сур’ёзных захадаў, да 1 траўня ў краіне будзе 63 000 заражаных каранавірусам, а праз тыдзень — 245 000. Паводле Казлова, усе разьлікі навукова абгрунтаваныя і заснаваныя на афіцыйных зьвестках, якія давалі беларускія ўлады.
Як разьлічылі экспэрты АГП, на пачатку траўня чакаецца хуткі рост захваральнасьці на фоне яшчэ не сфармаванага калектыўнага імунітэту. У гэты пэрыяд асабліва небясьпечныя масавыя зборы людзей. «Наша мэта не прыкаваць кагосьці да ганебнага слупа, а папярэдзіць, што сытуацыя сур’ёзная. Усе павінны быць гатовыя да такога развіцьця падзеяў — і людзі, і ўрад, і Лукашэнка», — тлумачыць лідэр АГП. Цалкам чытайце тут.
Докшыцкія ўлады расказалі, як рэагуюць на эпідэмію COVID-19 пасьля ўспышкі захворваньняў
Пасьля ўспышкі каранавірусу у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласьці ўлады забаранілі любыя масавыя мерапрыемствы, а ўсе аддзяленьні цэнтральнай раённай лякарні, акрамя тэрапэўтычнага, перавялі ў Глыбокае, расказаў газэце «Родныя вытокі» старшыня райвыканкаму Алег Кавалёнак.
Захады, якія робяць у Докшыцкім раёне супраць распаўсюду каранавірусу:
- цэнтральная раённая лякарня часова перапрафіляваная пад тэрапэўтычнае аддзяленьне. Хірургія, дзіцячае і радзільнае аддзяленьні, гінэкалёгію перавялі ў лякарню суседняга гораду Глыбокага;
- закрылі рынкі, лазьні, водна-аздараўленчы цэнтар;
- забаранілі правядзеньне масавых мерапрыемстваў;
- з 13 красавіка зьбіраліся перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне ў школах Докшыц і Бегамлі, але Міністэрства адукацыі падоўжыла вясновыя канікулы да 18 красавіка;
- камбінат бытавога абслугоўваньня і школы гораду шыюць маскі;
- адзінокім старым людзям дастаўляюць тавары першай неабходнасьці сацыяльныя работнікі і валянтэры БРСМ і Чырвонага Крыжа.
У Астравецкім раёне 12 чалавек прымусова праверылі на каранавірус
Пракурор Астравецкага раёну санкцыянаваў прымусовы мэдычны агляд 12 чалавек, «кантактаў першага ўзроўню» з хворымі на COVID-19, якія «ўхіляліся» ад тэстаў на каранавірус. Больш нічога пра гэтых 12 чалавек не паведамляюць, ці зрабілі ім тэсты, невядома. Таксама невядома, ці зьвязаныя тыя, хто «ўхіляўся», зь Беларускай АЭС, што будуецца ў Астраўцы. Цалкам чытайце тут.
«Чэмпіянат цікавы, людзі глядзяць». Міністар спорту ня бачыць прычыны прыпыняць футбольныя матчы ў сувязі з каранавірусам
Паводле міністра, калі сытуацыя з каранавірусам пачне пагаршацца, то будуць і больш жорсткія захады ў дачыненьні да футбольнага першынства. Але сёньня такіх перадумоваў няма:
«Чэмпіянат цікавы, людзі глядзяць. Няма падставаў закрываць найвышэйшую лігу. Колькасьць гледачоў на стадыёнах зьменшылася на 70%. Галоўнае, каб кожны грамадзянін правільна ацэньваў сытуацыю. Ніхто нікога на стадыён не заганяе. Можаш ісьці, а можаш глядзець дома», — сказаў Сяргей Кавальчук. Цалкам тут.
Менчука злавілі на продажы фальшывых «рэсьпіратараў» на 70 000 рублёў
Мянчук, раней судзімы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць і ўхіленьне ад падаткаў, праз інтэрнэт прымаў замовы на рэсьпіратары клясаў FPP2 і FPP3 вядомых вытворцаў. Патэнцыйных пакупнікоў мужчына пераконваў, што рэсьпіратары маюць неабходныя сэртыфікаты, аднак насамрэч гэта былі павязкі сумнеўнай якасьці і без маркіроўкі, піша Дзяржкантроль. Пакуль выявілі звыш 300 пакупнікоў фальшывых «рэсьпіратараў», а суму пакупак ацэньваюць у больш як 70 тысяч рублёў.
Як эўрапейскія краіны вяртаюцца да нармальнага жыцьця пасьля піку COVID-19
Эўрапейскія краіны, у якіх пройдзены пік эпідэміі каранавірусу, разважаюць пра тое, як паступова вярнуцца да нармальнага жыцьця. У некаторых дзяржавах, дзе справіцца з распаўсюдам інфэкцыі атрымалася найхутчэй, карантынныя захады ўжо паслаблены ці будуць паслабленыя бліжэйшымі днямі і тыднямі. Прапануем агляд, які гэта робяць Чэхія, Аўстрыя, Італія, Данія ды іншыя краіны.
БПЦ выдала чын прычашчэньня хворых на COVID-19. У тым ліку па-беларуску
Сынадальны аддзел царкоўнай дабрачыннасьці Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) Маскоўскага патрыярхату выпусьціў брашуру «Чын прычашчэньня хворага» на царкоўнаславянскай, расейскай і беларускай мовах.
Выданьне прызначаецца для сьвятароў, пастырскім абавязкам якіх зьяўляецца прычашчэньне хворых ва ўмовах вымушанай ці добраахвотнай ізаляцыі.
Людзям з пацьверджаным дыягназам каранавірус і тым, хто знаходзіцца на самаізаляцыі ў сувязі з падазрэньнем на COVID-19, якія захочуць прыняць прычасьце, а таксама іхным сваякам царкоўнае кіраўніцтва раіць зьвяртацца па пастырскую падтрымку ў храм у гонар іконы Божай Маці «Усецарыца» ў Менску па тэлефоне +375 (017) 270 98 98.
Трамп: ЗША прыпыняць выплаты Сусьветнай арганізацыі здароўя
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў, што даручыў адміністрацыі прыпыніць унёскі Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO), бо тая не рэагавала на пандэмію каранавірусу.
WHO «не справілася са сваім асноўным абавязкам і павінна несьці адказнасьць», заявіў Дональд Трамп 14 красавіка ў Белым доме. Паводле яго словаў, ЗША спыняць фінансаваньне WHO да аналізу арганізацыі. Гэты працэс зойме ад 60 да 90 дзён.
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што ўспышку каранавірусу маглі пераадолець на раньняй стадыі і выратаваць жыцьці, калі б WHO зрабіла больш якасную працу ў пошуку зьвестак з Кітаю, дзе пачалася эпідэмія.
Паводле Трампа, WHO спрыяла «дэзінфармацыі» Кітаю ў дачыненьні да вірусу, што, верагодна, прывяло да большай эпідэміі.
Генеральны сакратар Арганізацыі аб’яднаных нацыяў Антонію Гутэрыш адказаў, што цяпер ня час скарачаць рэсурсы для WHO ці любой іншай гуманітарнай арганізацыі, якая змагаецца з каранавірусам.
Пракуратура Віцебскай вобласьці выявіла парушэньні ў барацьбе з каранавірусам
Пракуратура Віцебскай вобласьці і Віцебская транспартная пракуратура праверылі выкананьне захадаў для зьніжэньня рызыкі пашырэньня на тэрыторыі рэгіёну каранавірусу COVID-19. Як паведамляе Генпракуратура, высьветлілася, што належны кантроль пры арганізацыі транзытных аўтамабільных перавозак на тэрыторыі Віцебскай вобласьці не наладжаны. А больш за ўсё выпадкаў інфікаваньня каранавірусам COVID-19 зарэгістравана ў Менску і Віцебскай вобласьці.
Пракурорскія работнікі Віцебскай вобласьці выявілі факты доўгай стаянкі транзытных кіроўцаў у месцах, ня вызначаных пастановай: прыпыначных пунктах, на якіх разьмешчаны аб'екты страхаваньня, заправачных станцыях, узбочынах дарог і ў населеных пунктах. Пры праверцы дакумэнтаў кіроўцы не выкарыстоўвалі прадметаў індывідуальнай засьцярогі — масак, пальчатак.
Эўракамісія хоча ўзгодненага зьмякчэньня карантыну, каб не справакаваць другую хвалю COVID-19
Краіны- удзельніцы Эўрапейскага зьвязу павінны каардынаваць меры на зьмякчэньне карантыну, каб прадэманстраваць зладжаны падыход да барацьбы з пандэміяй COVID-19. Афіцыйна тэкст дарожнай мапы мае быць апублікаваны на гэтым тыдні.
Кіраўніца Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен незадаволеная тым, як няўзгоднена дзейнічалі нацыянальныя ўрады, зачыняючы мяжы. Гэта, у прыватнасьці, прывяло да чэргаў і праблемаў зь перапраўкай мэдыкамэнтаў.
Цяпер нацыянальным урадам накіраваны чарнавік дарожнай мапы. У ім пазначана, што па меры змякчэньня карантыну рост заражэньняў каранавірусам непазьбежныя. Адпаведна, перад тым, як здымаць абмежаваньні на працу кампаній і грамадзкіх установаў, краіны павінны пераканацца, што іх сыстэмы аховы здароўя змогуць дапамагчы хворым.
Ужо 2 мільёны выпадкаў заражэньня каранавірусам у сьвеце. Памерлі звыш 126 тысяч чалавек
Аб 2 000 231 выпадку паведамляе папулярны няўрадавы сайт Worldmeters.org, які акумулюе статыстыку з афіцыйных сайтаў і навінаў усіх краінаў і на зьвесткі якога спасылаюцца шматлікія СМІ (у тым ліку Financial Times, The New York Times, Business Insider).
Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 126 753 чалавекі, сьцьвярджаецца на гэтым сайце.
1 млн выпадкаў у сьвеце Worldmeters фіксавалі 2 красавіка, паўмільёна — 26 сакавіка, звыш 100 тысяч — 6 сакавіка.
Прыватны амэрыканскі Ўнівэрсытэт Джонса Гопкінса, які паралельна зьбірае тую ж статыстыку, пакуль фіксуе 1 982 281 выпадкаў і 126 722 сьмерці. Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) пакуль налічыла 1 844 863 выпадкаў, але гэта лічбы, актуальныя на 13 красавіка.
Найбольш выпадкаў і сьмерцяў на душу насельніцтва фіксуюць у эўрапейскіх мікрадзяржавах — Сан-Марына і Андоры, у якіх разам узятых жыве 100 тысяч чалавек. З «закрытых выпадкаў» 21% скончыліся сьмерцю, 79% — выздараўленьнем.