Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

08:10 15.4.2020

Лічбы на раніцу 15 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі каля 2 мільёнаў выпадкаў COVID-19: 614 тысяч у ЗША, 174 тысячы ў Гішпаніі, 162,5 тысячы ў Італіі, 143 тысячы ў Францыі, 132 тысячы ў Нямеччыне, амаль 94 тысячы ў Вялікай Брытаніі, звыш 83 тысяч у Кітаі, амаль 75 тысяч у Іране, 65 тысяч у Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 126 753 чалавекі. Зь іх 26 064 у ЗША, 21 067 у Італіі, 18 255 у Гішпаніі, 15 729 у Францыі, 12 107 у Вялікай Брытаніі, 4157 у Іране, 3346 у Кітаі.
  • Выпісалі 484,5 тысячы пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,39 млн, зь іх каля 51,6 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 14 красавіка, пацьверджаны 3281​ выпадак COVID-19, памерлі 33 чалавекі, за суткі выяўленыя 362 новыя выпадкі, у шпіталях лекуюць 2444 пацыентаў, ня больш за 634 хворых выпраўленыя на лекаваньне дамоў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
21:06 14.4.2020

Некаторыя краіны падаўжаюць меры па стрымліваньню каранавірусу

Індыя, Францыя, Нігерыя і шэраг іншых краін працягнулі тэрмін дзеяньня абмежавальных мер, накіраваных на стрымліваньне пандэміі каранавірусу, у той час як колькасьць пацьверджаных выпадкаў заражэньня ў сьвеце перавысіла 2 мільёны.

Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі, у чыёй краіне зафіксавана больш за 10 300 выпадкаў, у аўторак абвясьціў, што карантынны рэжым будзе доўжыцца да 3 траўня.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон працягнуў абмежавальныя меры да 11 траўня, пасьля чаго ўлады пачнуць адчыняць школы.

Чытаць падрабязна >>

20:30 14.4.2020

У Італіі ўпершыню за месяц заінфікавана менш за 3 тысячы чалавек у суткі

Italy -- Empty street in Pezaro, 6Apr2020
Italy -- Empty street in Pezaro, 6Apr2020

Колькасьць новых выпадкаў заражэньня каранавірусам у Італіі ўпершыню з 13 сакавіка апусьцілася ніжэй за 3 тысячы ў суткі.

Прырост склаў 2 972 выпадкі, агульная колькасьць інфікаваных з пачатку эпідэміі дасягнула 162 488.

Пры гэтым колькасьць сьмяротных зыходаў за мінулыя суткі зноў перавысіла 600 — 602. Агульная колькасьць ахвяр пандэміі ў Італіі склала больш за 21 тысячу чалавек.

Працягвае зьніжацца колькасьць шпіталізацыі, у тым ліку ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі, у тым ліку ў найбольш «праблемнай» паўночнай вобласьці Лямбардыі, на якую прыпадае траціна ўсіх выпадкаў заражэньня і палова сьмяротных выпадкаў.

19:18 14.4.2020

«Ад гэтай заразы людзі мучацца». Хворая на каранавірус дырэктарка лунінецкага «Эўраопта» застаецца ў лякарні

Жанчыну шпіталізавалі толькі пасьля таго, як сястра прывезла яе ў Менск і дамаглася, каб узялі тэст на каранавірус. Цяпер дырэктарка лунінецкага «Эўраопта» застаецца ў 6-й лякарні ў Менску, ёй будуць рабіць паўторны тэст. У супрацоўнікаў крамы было два станоўчыя тэсты, іх вывезьлі ў лякарню ў Берасьце, але сёньня ўжо прыйшлі трэція адмоўныя вынікі тэстаў, і іх выпісваюць.

«Ад гэтай заразы людзі мучацца, і ў Лунінцы, кажуць, сытуацыя вельмі цяжкая, бальніца запоўненая, пнэўманій і станоўчых тэстаў многа», — сказала Натальля карэспандэнту Свабоды. Цалкам чытайце тут >>

18:58 14.4.2020

Сьвяточнае шэсьце, мітынг, канцэрт. У Гомлі рыхтуюцца сьвяткаваць 9 траўня

Вытворца камбайнаў і сельгастэхнікі ААТ «Гомсельмаш» плянуе шырока адсьвяткаваць Дзень Перамогі — са сьвяточным шэсьцем «калёны камбайнабудаўнікоў», мітынгам, канцэртам, палявой кухняй і спартыўнымі спаборніцтвамі. Інфармацыя пра сьвяткаваньне 9 траўня разьмешчана ў газэце «Сяльмашавец».

Тым часам на сайце прадпрыемства напісана, што «з мэтай недапушчэньня распаўсюджваньня вірусных інфэкцый адміністрацыя „Гомсельмаша“ прыпыніла да 20 красавіка правядзеньне спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў». Цалкам чытайце тут.

18:22 14.4.2020

«Эпідэмія сьвінога грыпу была страшнейшая». На 8-й падстанцыі хуткай дапамогі на COVID-19 захварэла фэльчарка

Два тыдні таму калектыў падстанцыі аказаўся «кантактамі 1-га ўзроўню», бо захварэла на каранавірус фэльчарка. 14 красавіка некалькі дзясяткаў лекараў, фэльчараў і кіроўцаў 8-й падстанцыі Менскай станцыі хуткай дапамогі прайшлі тэст на каранавірус. У іх узялі мазок з рота і носа, замералі тэмпэратуру. Пра гэта Свабодзе сказаў загадчык 8-й падстанцыі ўрач Уладзімер Ціцішын.

Фэльчарка, якая захварэла, жыве ў Менску на арандаванай кватэры і, верагодней за ўсё, якраз там і падхапіла хваробу, мяркуе яе начальнік.

«Не на працы, гэта дакладна, — кажа ён. — Адчула лёгкія сымптомы прастуды, плюс у яе была павышаная тэмпэратура, але ня больш за 37,5 градуса. У гэтага каранавірусу такая асаблівасьць, што моцных прастудных сымптомаў можа і ня быць, а потым раптоўна пачынаюць адмаўляць лёгкія». Таму, паводле лекара, гэтак важна дакладна вызначаць кола кантактаў кожнага, хто захварэў, і хутка ды паўнавартасна іх дыягнаставаць. Рэпартаж цалкам чытайце тут>>

18:16 14.4.2020

У Горадні частку начнога клюбу аддалі пад выраб мэдычных масак. ФОТА

Горадзенскі клюб «Галяктыка», які належыць дзяржаўнаму Горадзенскаму дому культуры, аддалі ў арэнду фірме, якая вырабляе мэдычныя маскі.

Дырэктар Горадзенскага дома культуры Ўладзімер Сацук сказаў БелаПАН, што частку плошчаў клюбу аддалі ў арэнду фірме, якая займаецца вырабам масак.

«Мы цяпер з улікам эпідэміялягічнай сытуацыі спынілі дыскатэкі — і зьявіліся плошчы, якія пустуюць. Да нас зьвярнулася фірма, якая займаецца вырабам масак, і мы проста здалі ў арэнду гэтыя плошчы. Мы ня маем дачыненьня да вытворчасьці. Мы проста далі свае плошчы», — сказаў Уладзімер Сацук.

Па словах дырэктара цэнтру, маскі там, імаверна, ня шыюць, а толькі пакуюць.

18:14 14.4.2020

Чаму ЗША больш за ўсіх у сьвеце цярпяць ад пандэміі?

У ЗША ўжо больш за паўмільёна хворых на каранавірус, памерлі ад хваробы больш за 20 тысяч чалавек. Чаму гэтая краіна цярпіць ад пандэміі больш за ўсе астатнія краіны сьвету?

Свае адказы на гэтае пытаньне прапануюць былы мянчук, уладальнік і дырэктар клінікі-сэрвісу сацыяльнага дагляду Right at Home ў Бостане Ўладзімер Зархін і прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штата Тэнэсі Андрэй Карабкоў. Цалкам чытайце па спасылцы >>

Сьцісла:

  • Папярэднія перамогі ўскружылі галаву — перамога над Эболай, перамога над першым вірусам SARS. Гэта стварыла фальшывае ўражаньне няўразьлівасьці.
  • ЗША — гэта саюз 50 дзяржаваў, гэта фэдэрацыя. У кожным штаце свае законы, свая ўлада.
  • Заднім днём лёгка абвінавачваць улады ў тым, што яны позна ўвялі карантынныя захады. Але ніхто ня ведае, калі было рана.
  • Свабодалюбства Амэрыкі адыграла пэўную ролю. Забараніць нешта амэрыканцам ад пачатку даволі складана.
  • Лічбы захварэлых і памерлых гаворыць пра неэфэктыўнасьць амэрыканскай сыстэмы аховы здароўя, калі няма цэнтралізаванай дзяржаўнай сыстэмы.
  • Зараз адбудзецца ўмацаваньне ролі дзяржавы як у мэдычнай, гэтак і ў сацыяльна-эканамічнай сфэры.
  • Пацярпелі гарады, дзе дамінавалі вельмі левыя, лібэральныя мясцовыя ўлады, якія віталі прыезд вялікай колькасьці бяздомных.
  • Аддаваць жорсткія загады, уводзіць карантыны, як гэта зрабілі ў Кітаі, асабліва ва Ўхані, у ЗША проста немагчыма. Гэта плата за наяўнасьць свабодаў.
17:53 14.4.2020

Білеты на чыгунку сталі прадаваць з улікам «сацыяльнай дыстанцыі»

Цяпер у кожнага пасажыра будзе побач свабоднае месца.

Беларуская чыгунка з 15 красавіка будзе разьмяркоўваць месцы так, каб паміж пасажырамі захоўвалася «сацыяльная дыстанцыя».

  • Купэ – ня больш за два пасажыры,
  • Пляцкарт – ня больш за тры ў адным адсеку,
  • У сядзячых з двума шэрагамі – 1 пасажыр каля вакна
  • У сядзячых з трыма шэрагамі – 2 пасажыры, сярэдняе месца вольнае.

Калі ў раней набытых білетах схема рассадкі не супадае з новапрынятай, то пасажырам трэба сядаць на месцы, пазначаныя ў білетах.

Таксама чыгунка скараціла тэрмін папярэдняга продажу білетаў з 45 да 20 сутак.

17:45 14.4.2020

Палёты праз нацыянальны аэрапорт Менск скараціліся на 76%

Да такога падзеньня прывялі адмены авіярэйсаў, якія пачаліся пасьля 15 сакавіка. Дагэтуль аэрапорт быў загружаны на 100%, піша БелТА.

Зараз у суткі аэрапорт абслугоўвае 15-16 пасажырскіх і тры грузавыя рэйсы.

Цяпер аэрапорт працуе зь мінімальна неабходнай колькасьцю супрацоўнікаў. На красавік у падразьдзяленьнях аэрапорт абвясьцілі прастой. Супрацоўнікам захавалі дзьве траціны заробку.

17:22 14.4.2020

Як 150 эканомік Беларусі. МВФ ацаніў страты сусьветнага ВУП ад пандэміі

Страты сусьветнага ВУП у выніку распаўсюджваньня каранавірусу новага тыпу могуць дасягнуць 9 трыльёнаў даляраў. З такім папярэджаньнем выступіла 14 красавіка на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне галоўны эканаміст Міжнароднага валютнага фонду Гіта Гопінат.

«Гэта больш, чым эканомікі Японіі і Нямеччыны, калі іх аб’яднаць», — заявіла спэцыялістка. Калі ўлічыць, што летась ВУП Беларусі склаў амаль $60 млрд, то прыведзеная МВФ лічба роўная прыблізна 150 эканомікам Беларусі.

17:20 14.4.2020

МВФ прагназуе падзеньне беларускай эканомікі ў 2020 годзе на 6%

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2020 годзе скароціцца на 6%. Такі прагноз прыводзіцца ў справаздачы World Economic Outlook, якую апублікаваў 14 красавіка Міжнародны валютны фонд, піша БелаПАН.

Згодна з прагнозам МВФ,

  • пасьля леташняга росту на 1,2% у 2020 годзе беларускі ВУП скароціцца на 6%, а ў 2021 годзе павялічыцца на 3,5%.
  • сярэднегадавая інфляцыя ў Беларусі ў 2020–2021 гадах складзе 5,6%.
  • дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый плацёжнага балянсу Беларусі вырасьце з 1,8% ВУП у 2019 годзе да 2,9% ВУП у 2020-м, а ў 2021-м складзе 2,5% ВУП.
  • беспрацоўе ў Беларусі вырасце з 0,3% у 2019 годзе да 2,3% у гэтым і знізіцца да 1,8% у 2021 годзе.

Цалкам чытайце па спасылцы.

16:56 14.4.2020

Пэтыцыю за скасаваньне параду з 2500 подпісаў перадалі ў адміністрацыю Лукашэнкі

Старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч перадаў 14 красавіка ў Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзыдэнта пэтыцыю з патрабаваньнем адмены вайсковага параду 9 траўня і перанакіраваньня грошай на парад для закупкі апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ), паведамляе БелаПАН.

«Мы патрабуем афіцыйнай забароны на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку прымеркаваных да дзяржаўных сьвятаў. Такая мера — ня толькі фільтар на шляху каранавіруснай інфэкцыі, але і эканомія бюджэтных сродкаў», — сказана ў пэтыцыі.

У ёй падкрэсьліваюць, што праводзіць парад 9 траўня «ў складанай эпідэміялягічнай сытуацыі небясьпечна», «гэта пагроза здароўю і жыцьцю нашчадкаў тых, хто перамог фашызм».

Чытаць далей.

16:54 14.4.2020

Хакейную зборную Беларусі распусьцілі па хатах у сувязі з каранавірусам

Кіраўніцтва Фэдэрацыі хакея Беларусі прыняло рашэньне спыніць ад 15 красавіка трэніровачны збор нацыянальнай каманды.

Як паведамляе сайт фэдэрацыі, ва ўмовах эпідэміялягічнага становішча, выкліканага распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, а таксама ў мэтах гарантаваньня бясьпекі жыцьця і здароўя хакеістаў, трэнэраў, адміністрацыйнага штабу і іх сем’яў трэніровачны працэс дачасна спыняецца.

Чальцы нацыянальнай зборнай працягнуць падрыхтоўку да алімпійскага кваліфікацыйнага турніру ў індывідуальным рэжыме на падставе плянаў трэнэрскага штабу на чале зь Міхаілам Захаравым.

Фінальная кваліфікацыя да Алімпійскіх гульняў 2022 году павінна прайсьці сёлета ў жніўні ў Славаччыне. Акрамя гаспадароў, супернікамі зборнай Беларусі будуць Аўстрыя і Польшча.

16:52 14.4.2020

Каранавірус і колькасьць сьмерцяў ад яго ў Беларусі і ў суседзяў. Толькі графікі

Свабода параўнала, як распаўсюджваўся COVID-19 у Беларусі і ў суседніх краінах.

27 лютага ў Беларусі зафіксавалі першы выпадак каранавірусу. Параўноўваем, як распаўсюджвалася хвароба ў Беларусі і ў суседніх краінах ад 28 лютага да цяперашняга дня і да якой колькасьці ахвяраў гэта прывяло.

Графік клікабэльны: можна прыбіраць краіны і параўноўваць дзьве ці тры, для гэтага трэба націснуць на кружочкі каля краін.


Глядзець усе графікі тут.

16:50 14.4.2020

Сьвятар з Докшыцаў: у царкву ходзяць меней людзей, але велікодная служба не адмяняецца

У Вербную нядзелю ў Сьвята-Пакроўскую праваслаўную царкву ў Докшыцах прыйшлі чалавек 25. Гэта ў разы меней, чым звычайна, зазначыў Свабодзе настаяцель царквы пратаярэй Георгі Мялешка. Гэты райцэнтар Віцебскай вобласьці стаў адным з асяродкаў пашырэньня каранавірусу ў Беларусі.

Таксама няшмат людзей тут чакаюць і на велікодную службу, якая пройдзе ўначы з 18 на 19 красавіка.

«Літаральна 2-3 тыдні таму зьменшыўся паток прыхаджанаў. Раней было ў разы болей», — сказаў айцец Георгі.

Сьвятар кажа, што ён сам заклікаў не прыходзіць тых, хто ня ўпэўнены ў сваім здароўі ці баіцца заразіцца. Некаторыя вернікі падчас службы стаяць на вуліцы і слухаюць сьвятара праз дынамікі.

Як і ў большасьці іншых цэркваў, у Докшыцах зьявіўся антысэптык для апрацоўкі рук. Тут рэгулярна прыбіраюць і праціраюць абразы. Такія самыя захады робяцца ў царкве ў Бегамлі ды іншых правасалаўных храмах Докшыцкага раёну.

«Я рэкамэндую, каб людзі не падыходзілі да абразоў, каб цалаваньня крыжа не было», — сказаў айцец Георгі.

15:45 14.4.2020

Магілёўскі драматычны тэатар датэрмінова закрыў сэзон

Магілёўскі абласны драматычны тэатар паведаміў пра датэрміновае закрыцьцё сэзону і сыход у працоўны адпачынак калектыву ў сувязі з пагрозай распаўсюджваньня каранавірусу ды рэзкім зьніжэньнем наведваньня спэктакляў, гаворыцца ў прэс-рэлізе тэатру.

Усе заплянаваныя ў красавіку да паказу пастаноўкі, а таксама гастролі іншых тэатральных калектываў адмяняюцца. Сэзон закрыецца на пачатку траўня. Калектыў у адпачынку прабудзе да канца траўня. Такое рашэньне кіраўніцтва тэатру прыняла на падставе ліста Міністэрства культуры згодна з рэкамэндацыямі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя і Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

15:38 14.4.2020

ПРААН запускае новы мэханізм падтрымкі Беларусі ў барацьбе з COVID-19​

ПРААН пералічыць Беларусі 250 000 даляраў, якія пойдуць на падтрымку нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя, дапамогу найбольш уразьлівым групам, аналіз наступстваў і пілятаваньне каротка- і доўгатэрміновых рашэньняў, накіраваных на пераадоленьне нэгатыўнага ўплыву каранавірусу на сацыяльную сфэру і эканоміку Беларусі.

Плян мераў дапамогі «ураду і людзям Беларусі» уключае:

  • Дапамогу ў апэратыўнай закупцы якаснага абсталяваньня, сродкаў мэдычнай аховы і мэдыкамэнтаў з мэтай узмацненьня магчымасьцяў нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя па рэагаваньню на выклікі Covid-19;
  • Сумесную працу з прыватным сэктарам, нацыянальнымі і мясцовымі партнэрамі па падтрымкі і разьвіцьцю валянтэрскага руху, які неабходны для дапамогі ўразьлівым групам насельніцтва, уключаючы людзей сталага ўзросту і людзей зь інваліднасьцю;
  • Ацэнку сацыяльна-эканамічных наступстваў Covid-19 у Беларусі;
  • Пілятаваньне лічбавых і інавацыйных рашэньняў па падтрымцы рэгіянальнага разьвіцьця і сацыяльнай мабілізацыі, якія дапамогуць Беларусі апэратыўна справіцца з вынікамі і наступствамі пандэміі.
15:37 14.4.2020

У сацсетках расейскія рабочыя зь БелАЭС сьцьвярджаюць, што ў іх няма каранавірусу. Відэа

15 расейскіх рабочых з будоўлі Астравецкай АЭС трымаюць у ізаляцыі ў Смаргонскай раённай лякарні. Мясцовыя жыхары расказваюць пра эмацыйныя паводзіны расейцаў. Ля вокнаў інфэкцыйнага аддзяленьня пастаянна дзяжурыць нарад міліцыі. У лякарні Свабодзе адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, аднак пацьвердзілі, што расейскія грамадзяне па-ранейшаму ў іх і пакуль невядома, як надоўга.

У рэдакцыю трапіла некалькі відэазапісаў, аўтары якіх сьцьвярджаюць, што яны зробленыя ў інфэкцыйным аддзяленьні смаргонскага шпіталя расейскімі будаўнікамі. На відэа можна пабачыць некалькіх мужчын, адзін зь якіх называе сваё імя і эмацыйна размаўляе з супрацоўнікамі лякарні, якія спрабуюць узяць у яго аналізы. Цалкам чытайце тут.

15:31 14.4.2020

Экспэрымэнтальныя лекі ад COVID-19 ужо ёсьць у Беларусі, закупаюць яшчэ

Адно з пытаньняў, узьнятых на брыфінгу з удзелам намесьніцы міністра Алены Богдан 14 красавіка, тычылася экспэрымэнтальных лекаў для пацыентаў з COVID-19, у прыватнасьці прэпарату «Авіган» (фавіпіравір). Японская кампанія Fujifilm цяпер запусьціла ў ЗША другую фазу выпрабаваньняў супраць COVID-19 гэтых лекаў ад грыпу. Прэпарат быў дазволены для выкарыстаньня больш як 5 гадоў таму, але ягоная эфэктыўнасьць супраць новага каранавірусу не даказаная.

Паводле Богдан, цяпер «Белфармацыя» «прапрацоўвае пытаньне» куплі прэпарату за спонсарскія грошы. Чакаюць, што яго дадуць усім пацыентам, хто будзе мець патрэбу.

Гідроксіхлярахін, які таксама пакуль толькі правяраюць на эфэктыўнасьць супраць COVID-19, ёсьць «ва ўсіх нашых стацыянарных установах», расказала Богдан, і яго прызначаюць пацыентам зь сярэдняй і цяжкай пнэўманіяй. Прэпарат купляюць за грошы з дабрачыннага фонду (чакаюць пастаўкі звыш 270 тысяч таблетак, вядуць перамовы з Індыяй).

Яшчэ адно пытаньне тычылася таго, ці прышчэпкі ад іншых хваробаў, як то ад сухотаў ці воспы, уплываюць на імунітэт ад COVID-19. Богдан прызнала, што дакладных зьвестак пра гэта ў Беларусі і ў сьвеце няма.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG