Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

09:35 14.4.2020

У сувязі з каранавірусам МВФ дапаможа 25 самым бедным краінам. З постсавецкай прасторы — толькі адной

Міжнародны валютны фонд паведамляе, што забясьпечыць неадкладную дапамогу ў абслугоўваньні запазычанасьці 25 сваіх самых бедных дзяржаў-чальцоў.

Гэта будзе зроблена дзеля таго, каб тыя маглі сканцэнтраваць больш фінансавых рэсурсаў на барацьбу з пандэміяй каранавірусу.

Дырэктарка-распараджальніца МВФ Крысталіна Георгіева заявіла, што выканаўчая рада фонду ўхваліла першую групу прэтэндэнтаў, якія атрымаюць гранты на пакрыцьцё сваіх абавязаньняў у выплаце запазычанасьці на працягу шасьці месяцаў.

Гэта перадусім пацярпелыя ад ўнутраных канфліктаў, стыхійных бедзтваў і сваіх карумпаваных урадаў краіны Афрыкі, Азіі, Карыбскага басэйну, неаторыя акіянічныя тэрыторыі: Гаіці, Саламонавы астравы, Аўганістан, Нэпал, Таджыкістан, Емэн, Бэнін, Буркіна-Фасо, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Чад, Каморскія астравы, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Гамбія, Гвінея, Гвінея-Бісаў, Лібэрыя, Мадагаскар, Малаві, Малі, Мазамбік, Нігер, Руанда, Сан-Томе і Прынсіпі, Сьера-Леонэ, Тога.

09:34 14.4.2020

Турэччына выпусьціць на свабоду тысячы зьняволеных у сувязі з каранавірусам

Турэцкі парлямэнт у аўторак, 13 красавіка ўхваліў закон, які дазваляе адпусьціць дзясяткі тысяч зьняволеных у якасьці захаду бясьпекі на фоне ўспышкі каранавірусу.

«Пасьля прыняцьця законапраекту ён набыў моц», — гаворыцца ў афіцыйным твітэры Генэральнай Асамблеі парлямэнту.

Праваабарончыя арганізацыі Human Rights Watch і Amnesty International раскрытыкавалі закон, бо на абвінавачаных паводле спрэчных антытэрарыстычных законаў ён не распаўсюджваецца.

Праваабарончыя арганізацыі таксама асудзілі выключэньне са сьпісу людзей, у тым ліку журналістаў, палітыкаў і адвакатаў, якія знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах.

08:50 14.4.2020

У Віцебску фіксавалі да 280 пнэўманіяў на дзень, — Лукашэнка

Вечарам 13 красавіка дзяржаўны тэлеканал СТВ паказаў яшчэ адзін урывак з нарады Аляксандра Лукашэнкі зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў.

На ім Лукашэнка расказвае, што «мы практычна зьвялі да мінімуму» вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі ў краіне, «яны пайшлі ўніз, на спад». Ён казаў, што бачыць з графікаў, што колькасьць пнэўманіяў павялічылася ў апошнія тры дні, але пасьля стала спадаць:

«Пнэўманіі павялічваліся, але, што паказальна, апошнія тры дні, вось я пра Віцебск беднага гэтага Шарстнёва кожную раніцу дапытваю, ён ужо, напэўна, ня сьпіць начамі, — казаў Лукашэнка. — У яго 3-4 дні таму дадавалася пнэўманіяў, 280 нават было за суткі. Цяпер у 2,5 раза зьнізілася. І ўжо вось трэція суткі ў яго трымаюцца ўнізе. І гэта нашая паўночная Віцебская вобласьць. Тое ж самае ў Менску, добрая тэндэнцыя. То бок зьніжаецца вось гэтых пнэўмахворых людзей кожны дзень».

За два дні да таго міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік расказваў, што ў Віцебску «каля тысячы пнэўманій на сёньня, летась пікавае значэньне па Віцебску было ў раёне 600».

08:08 14.4.2020

На раніцу 14 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі каля 1,925 мільёна выпадкаў COVID-19: 587 тысяч у ЗША, 170 тысяч у Гішпаніі, 159,5 тысячы ў Італіі, амаль 137 тысяч у Францыі, 130 тысяч у Нямеччыне, звыш 88,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, звыш 83 тысяч у Кітаі, 73 тысячы ў Іране, 61 тысяча ў Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 119 702 чалавекі. Зь іх 23 644 у ЗША, 20 465 у Італіі, 17 628 у Гішпаніі, 14 967 у Францыі, 11 329 у Вялікай Брытаніі, 4585 у Іране, 3345 у Кітаі.
  • Выпісалі 448 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,357 млн, зь іх каля 51,1 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 13 красавіка, пацьверджаны 2919​ выпадкаў COVID-19, памерлі 29 чалавек, прызнаныя здаровымі 203 пацыенты, за суткі выяўленыя 341 новы выпадак. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
23:03 13.4.2020

Локдаўн у Францыі працягнулі да 11 траўня

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў у тэлезвароце, што цяперашнія абмежаваньні на перасоўваньні французаў працягнуцца прынамсі да 11 траўня. Паводле Макрона, локдаўн дае плён, але для захаваньня прагрэсу яго трэба працягваць.

Ён таксама заявіў, што канцэртныя пляцоўкі, тэатры і кавярні застануцца закрытымі да сярэдзіны ліпеня.

Макрон паведаміў, што за апошні дзень, упершыню за чатыры дні ў Францыі зноў вырасла колькасьць памерлых ад каранавірусу параўнальна з папярэднім днём – памерла 574 чалавек. Агулам у Францыі ад СOVID-19 памерлі 14,967 чалавек, захварэлі 136,779 чалавек.

20:40 13.4.2020

Мытнікі выявілі 150 фактаў невыкананьня патрабаваньняў кіроўцамі грузавікоў

Мытныя органы Беларусі выявілі 150 фактаў невыкананьня кіроўцамі-экспэдытарамі патрабаваньняў па:

  • тэрмінах выезду грузавікоў за межы Беларусі;
  • месцах прыпынку для адпачынку і запраўкі.

Машыны, якіх тычацца парушэньні, праходзілі праз тэрыторыю Беларусі транзытам. У 90% выпадкаў заканадаўства парушалі кіроўцы — грамадзяне Беларусі, якія працуюць у тым ліку на замежных перавозчыкаў.

Парушэньне адміністрацыйнага артыкула 23.4 прадугледжвае штраф да 1350 рублёў ці адміністрацыйны арышт.

19:41 13.4.2020

У дзіцячым садку ў Снове дзяцей і супрацоўнікаў адправілі ў самаізаляцыю

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Нясьвіскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі. «Частка супрацоўнікаў і дзяцей знаходзяцца пад назіраньнем. Нікога нікуды не забіралі, проста самаізаляцыя, каб меней людзей хварэла. Сад закрылі, бо бацькі ўжо тыдні тры дзяцей асабліва не пускалі, і на мінулым тыдні было толькі недзе 24 чалавекі».

На пытаньне, ці насамрэч выявілі каранавірус у адной з супрацоўніц садка, у цэнтры сказалі, што ня могуць даваць такія тлумачэньні. Маўляў, уся статыстыка ёсьць на сайце Міністэрства аховы здароўя.

19:40 13.4.2020

Мэдыкі застаюцца дзень і ноч у шпіталі, перасяляюцца ў гатэлі, на лецішчы

11 красавіка на брыфінгу па выніках працы місіі САЗ у Беларусі міністар Уладзімер Каранік паведаміў, што ў краіне інфікаваны 301 мэдычны работнік.

Свабода высьвятляла, як мэдыкі, што працуюць з інфікаванымі на каранавірус, засьцерагаюць сваіх блізкіх. Камусьці дапамагаюць мясцовыя ўлады, адводзячы нумары ў гатэлях ці санаторыях, хтосьці застаецца жыць на працы, камусьці стараюцца дапамагчы валянтэры. Чытайце па спасылцы >>

19:38 13.4.2020

«Ваеннаслужачыя бяз масак, лекары — хто як». Прызыўнік расказаў, як працуе мэдычная камісія ў Гомлі

Праваабаронца з арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак накіраваў ліст да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка з заклікам падтрымаць абвяшчэньне ў краіне карантыну. Ён спаслаецца на зьвесткі ад прызыўнікоў, якія расказалі, як праходзілі мэдычную камісію перад прызывам у войска.

«Мне толькі што пазванілі прызыўнікі з Гомля, дзе праходзяць мэдычны агляд для прызыву, і паведамілі, што дактары былі бяз масак, прызыўнікоў трымаюць у адным памяшканьні. Прызыўнікі і мэдыкі апасаюцца за сваё здароўе. Хоць са спазьненьнем, трэба рабіць захады агульнага карантыну па краіне. Калі прызыўнікі зараз захварэюць і прынясуць хваробу ў войска — змагацца зь ёй будзе нашмат складаней, чым мы можам уявіць», — кажа Алег Воўчак. Цалкам чытайце тут >>

19:36 13.4.2020

У супрацоўніцы эпідэміялягічнай службы ў Докшыцах пацьвердзілі каранавірус

У адной з супрацоўніц Докшыцкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі пацьвердзілі каранавірус. Цяпер яна ў раённым шпіталі. Інфармацыю пра гэта Свабодзе паведамілі мясцовыя жыхары, а потым пацьвердзілі і сваякі жанчыны. У пятніцу ў яе ўзялі тэст на каранавірус, а цяпер прыйшоў станоўчы вынік.

Як цяпер працуе раённы цэнтар гігіены, невядома. Тэлефон галоўнага лекара не адказвае, а ў прыёмнай, калі пачулі пытаньне, кінулі трубку.

19:25 13.4.2020

БДУ дазволіў дыстанцыйнае выкладаньне да канца траўня

Ад 14 красавіка да 31 траўня выкладчыкам дазволілі працаваць дыстанцыйна. Заняткі будуць праходзіць на адукацыйным партале БДУ.

18:09 13.4.2020

«Звычайная плянавая закупка». Чаму мэдычныя ўстановы пачалі набываць мяхі для трупаў?

Карыстальнікі інтэрнэту зьвярнулі ўвагу, што на сайце дзяржаўных закупак пэрыядычна пачаў зьяўляцца лот «гермэтычны плястыкавы пакет для ўпакоўкі трупаў». 13 красавіка на сайце дзяржаўных закупак можна знайсьці 4 падобныя запыты, усе яны зьявіліся ў сакавіку-красавіку гэтага году. Пакеты для трупаў былі патрэбныя:

  • вайсковаму шпіталю ў Менску (17 сакавіка);
  • абласному клінічнаму шпіталю ў Віцебску (4 красавіка);
  • унівэрсытэцкай клініцы ў Горадні (10 красавіка);
  • шпіталю ў Лёзьне Віцебскай вобласьці (10 красавіка).

Розныя ўстановы меліся закупіць ад 10 да 50 штук (агулам 160).

Намесьнік галоўнага лекара Горадзенскай унівэрсытэцкай клінікі Алег Зянькоў у адказ на пытаньне, ці плянавая гэта закупка, ці зьвязаная з каранавірусам, адказаў, што камэнтароў яны не даюць, але дадаў, што гэта «звычайная плянавая закупка».

18:07 13.4.2020

У Драгічынскім раёне на пахаваньні была жанчына з каранавірусам. Ізалявалі праваслаўнага бацюшку

Настаяцеля праваслаўнай царквы ў Брашавічах Драгічынскага раёну айца Віктара ізалявалі ў Безьдзежскую ўчастковую бальніцу. Ён расказаў карэспандэнту Свабоды, што 5 красавіка хаваў старую жанчыну. Яна памерла ў Менску, і дачка прывезла яе пахаваць на вясковых могілках. Пазьней у дачкі выявілі COVID-19.

«Пасьля таго як яна зьехала з Драгічына ў Менск, патэлефанавалі і сказалі, што мы знаходзіліся ў кантакце і што трэба здаць мазок і ізалявацца на ўсялякі выпадак», — сказаў сьвятар. Пакуль ён ня ведае, які ў яго вынік тэсту на каранавірус. Яго і яшчэ трох сваякоў памерлай, якія былі на хаўтурах, узялі ў лякарню раніцай 12 красавіка. Цалкам чытайце па спасылцы >>

18:00 13.4.2020

Раўкоў: Сярод удзельнікаў параду, які рыхтуецца, ніводнага хворага на каранавірус няма

У сілавых структурах прынялі комплекс мераў для мінімізацыі рызыкі віруснага захворваньня. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў, піша БелТА.

Андрэй Раўкоў падчас рэпетыцыі параду на Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, ліпень 2020
Андрэй Раўкоў падчас рэпетыцыі параду на Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, ліпень 2020

Што сказаў Раўкоў?

  • «Узброеныя сілы рыхтуюцца да параду. Мы людзі вайсковыя, парад ніхто не адмяняў. На сёньня сярод удзельнікаў параду, які рыхтуецца, ніводнага хворага на каранавірус няма. Спадзяюся, што падрыхтоўка пройдзе бяз збояў, прымаюцца ўсе неабходныя меры перасьцярогі».
  • Рашэньне, ці праводзіць парад палітычнае. Яно будзе прынята ў залежнасьці ад абстаноўкі, якая будзе складвацца бліжэй да параду.
  • «Сілавыя структуры выконваюць задачы паводле свайго прызначэньня. Яны, натуральна, не жывуць па-за народам. Натуральна, ёсьць хворыя. Але гэта мізэрная колькасьць».
  • «З улікам выкананьня тых задач, якія ўскладзены на сілавікоў (асабліва міліцыя, мытня, памежнікі), яны адчуваюць асаблівую небясьпеку пры выкананьні сваіх задач». Але комплекс мераў, які прынялі для бясьпекі ваенаслужачых дазволіў мінімізаваць захворваньні сярод асабістага складу.
17:05 13.4.2020

«Каранавірус» у 46 разоў больш папулярны, чым «Лукашэнка». Што беларусы шукаюць у Google пра каранавірус

Запыт «каранавірус» у пошукавіку google ад Беларусі цяпер звышпапулярны — мае адзнаку больш за 90 балаў па папулярнасьці. Найбольш пра каранавірус беларусы пыталіся 3 красавіка, калі ў Беларусі быў 351 выпадак заражэньня і 4 сьмерці. Найчасьцей інфармацыю пра каранавірус і пнэўманію шукаюць жыхары Віцебскай вобласьці.

Разам са словам «каранавірус» беларусы шукаюць у Google такія словы, як:

  • Беларусы
  • Італія
  • Сымптом
  • Статыстыка
  • Кітай

ТОП запытаў пра каранавірус ад Беларусі выглядае наступным чынам:

  • Беларусь каранавірус
  • Каранавірус навіны
  • Каранавірус у Беларусі
  • Coronavirus
  • Каранавірус Менск

Цалкам чытайце па спасылцы>>

17:03 13.4.2020

Беларускія музыкі з прычыны пандэміі захрасьлі ў Індыі і ў роспачы запісалі «Разьвітаньне з Радзімай»

Аляксандра Бузун з каляжанкай Палінай паляцелі ў Індыю ў сьнежні. Яны музыкі-фрылансэркі і меліся там выступаць. Дадому вярнуцца меркавалі якраз у красавіку. Іх пляны памяняла пандэмія каранавірусу.

Аляксандра Бузун расказала Свабодзе, што адбываецца ў індыйскім Гоа і колькі там захрасла беларусаў. Чытайце па спасылцы >>

17:01 13.4.2020

Лукашэнка: «У нас няма ніякай самаізаляцыі», пацыентаў ня варта ізаляваць «аж на 14 дзён»

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам іншых чыноўнікаў заявіў, што ніякай самаізаляцыі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу ў Беларусі няма. Таксама ён заклікаў не ізаляваць людзей дома на 14 дзён.

«Апошнім часам мы кажам: самаізаляцыя, самаізаляцыя... Адкрыта скажам, у нас няма ніякай самаізаляцыі, — казаў Лукашэнка. — Гэта фактычна амбуляторнае лекаваньне. Мы ж на гэтую самаізаляцыю накіроўваем людзей рашэньнем лекара». Падрабязьней тут >>

16:57 13.4.2020

Беларускія мастакі арганізуюць інтэрнэт-аўкцыён у падтрымку хворых з каранавірусам і іх лекараў

Любы ахвотны можа дапамагчы тым, хто знаходзіцца на перадавой у барацьбе з COVID-19, і стаць уладальнікам аднаго з больш як 100 унікальных лотаў, бязвыплатна прапанаваных вядомымі мастакамі.

У аўкцыёне «Дзякуй!» бяруць удзел звыш 100 сучасных беларускіх мастакоў. Сярод лотаў — жывапіс, акварэль, графіка, скульптура, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Аўкцыён стартуе а 10-й гадзіне 15 красавіка і працягнецца 7 дзён, да раніцы 22 красавіка. За сродкі ад аўкцыёну набудуць або вырабяць маскі, акуляры, рэсьпіратары, халаты, плашчы, пульсаксымэтры, канцэнтратары кіслароду, а таксама арганізуюць паўнавартаснае харчаваньне для работнікаў мэдустановаў і станцый хуткай дапамогі. Падрабязьней тут>>

16:04 13.4.2020

Лукашэнка сказаў, што пойдзе ў царкву на Вялікдзень: дарогу да храму нікому не закрываем

У Беларусі не забаранялі і ня будуць нікому забараняць наведваць храмы ў велікодныя сьвяты, заявіў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка, піша БелТА. Пры гэтым кіраўнік Беларусі дадаў, што трэба прымаць меры засьцярогі з улікам эпідэмічнай сытуацыі

Што сказаў Лукашэнка?

  • У Беларусі ўжо прайшоў каталіцкі Вялікдзень, людзі прыходзілі ў храмы і зьбіраліся каля іх. «Гэта справа кожнага чалавека. Але мы не забаранялі ніводнаму чалавек. Калі вы хочаце схадзіць, калі ласка, ідзіце. Але людзі засьцерагліся. Гэта іх права».
  • «Мы дарогу да храму нікому не закрываем. Мы гэта давялі да кіраўніцтва ўсіх цэркваў, канфэсій, у тым ліку і праваслаўнай царквы. Хто хоча, той памоліцца, сходзіць у храм. Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я зрэдку бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
  • Лукашэнка зьвярнуўся да сьвятароў, каб не трымалі людзей доўга ў царкве. «Сьвечку паставіў, выйшаў і пайшоў. Усе пропаведзі лепш каля храма».
  • Неабходна прадугледзіць адмысловыя месцы для традыцыйнага асьвятленьня яйкаў і кулічоў, каб сталы былі не ў памяшканьнях, а на адчыненым паветры. «Сталы трэба паставіць там, дзе павышэй, вятрыска і іншае. Каб гэта было не ў памяшканьнях.Трэба паберагчыся там, дзе можна. І сьвятары гэта павінны разумець, асабліва ў гарадах».
15:45 13.4.2020

Памёр працаўнік заводу ў Жыткавічах, дзе ў сакавіку знайшлі каранавірус, а потым зьняпраўдзілі гэта

У ноч на 12 красавіка ў гомельскім шпіталі памёр 63-гадовы жыхар Жыткавічаў Мікалай Цярэня. Ён працаваў на маторабудаўнічым заводзе. У супрацоўніцы завода ў сакавіку знайшлі каранавірус, але пазьней міністэрства аховы здароўя зьняпраўдзіла гэта.

«Тату было блага 6 красавіка, падымалася тэмпэратура, ён выклікаў лекара на дом. Яго забралі спачатку ў раённы шпіталь, была двухбаковая пнэўманія. У пятніцу яго забралі ў Гомель. У суботу патэлефанавалі адтуль, што ён памёр. Сказалі, што адмовіліся працаваць ныркі і сэрца», — патлумачыў Свабодзе сын Мікалая, Віталь Цярэня.

Ягоная маці цяпер ляжыць у Жыткавіцкім раённым шпіталі, як і пляменьніца. «Сказалі, што ў іх адмоўныя тэсты на каранавірус», — зазначыў Віталь. Цалкам чытайце тут >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG