Докшыцы: адна сястра з каранавірусам, другая з пнэўманіяй, муж памёр у шпіталі. Дзе заразіліся, невядома
Каранавірус выйшаў за межы Докшыц, дзе раённы шпіталь аддалі пад хворых на пнэўманію. Свабода зьезьдзіла ў вёску Гліннае Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці, дзе ў супрацоўніцы школы пацьвердзілі каранавірус.
Як расказаў Свабодзе муж хворай Пётра Д, перад тым, як жонцы стала блага, яны езьдзілі ў госьці да яе сястры ў Докшыцы. «Яны ўжо хварэлі тады. Швагер яе скруціўшыся ляжаў з тэмпэратурай», — расказаў Пётра Д. Неўзабаве пасьля таго візыту жонцы стала кепска, яе ванітавала. Сужэнцы выклікалі «хуткую», у шпіталі Лідзіі Д. зрабілі тэст на COVID-19, які даў станоўчы вынік.
Тым часам швагру Лідзіі ў Докшыцах стала горш і яго шпіталізавалі разам з жонкай. Абаім паставілі двухбаковую пнэўманію. 9 красавіка пасьля некалькіх дзён швагер памёр. Цалкам чытайце па спасылцы >>
Лукашэнка: «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памірае»
Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву і старшыню сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенку. На нарадзе Лукашэнка стаў разважаць, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».
«Хай нават не перажываюць, ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ, — перадае БелТА заяву Лукашэнкі. — Я публічна пра гэта заяўляю». Цалкам тут>>
Ужо 29 памерлі. У Беларусі прызналі 2919 выпадкаў COVID-19, за дзень плюс 341
Міністэрства аховы здароўя апублікавала 13 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 13 красавіка:
- 2919 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістравана агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцы»і, уключае ў гэта выпісаных і памерлых);
- 203 «выздаравелі і выпісаныя» пасьля лекаваньня,
- 29 памерлі;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксаваны 341 выпадак за дзень;
- такім чынам, 2687 пацыентаў застаюцца на лекаваньні з каранавіруснай інфэкцыяй (у сьвеце гэта завецца «актыўнымі выпадкамі»);
- зь іх 55 «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьць пацыентаў у цяжкім і крытычным стане, толькі піша, што «ў большасьці хвароба працякае ў лёгкай або сярэдняй форме», а ўсе памерлыя былі «з шэрагам хранічных захворваньняў»);
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена звыш 68 тысячаў тэстаў, у правядзеньні якіх задзейнічалі 17 лябараторыяў.
Мэдыкі ў Буда-Кашалёве заразіліся каранавірусам
Мэдыкі ў раённым цэнтры Буда-Кашалёве (Гомельская вобласьць) заразіліся каранавірусам. Вядома прынамсі пра два выпадкі COVID-19 — у мэдсястры і санітаркі раённага шпіталю. Пра гэта Свабодзе паведамілі інфармаваныя крыніцы. Паводле раённай газэты «Авангард», у пяці жыхароў раёну пацьверджаны каранавірус, усе яны шпіталізаваныя ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь. Падрабязнасьці тут >>
Кіева-Пячэрскую лаўру зачынілі на карантын
У Кіеве праз каранавірус зачынілі на карантын Кіева-Пячэрскую лаўру. За апошнія суткі там зафіксавана 63 тры выпадкі заражэньня. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на мэра Кіева Віталя Клічко.
Па словах палітыка, усяго ў манастыры заразіліся больш за 90 чалавек.
Раней прадстаўнікі ляўры, у якой праводзіць набажэнствы, Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, заклікалі прыходзіць у храмы і ігнараваць карантын.
«Закрыты на карантын». Каранавірус знайшлі ў санаторыі «Пад’ельнікі» Узьдзенскага раёну
Пра тое, што ў санаторыі «Пад’ельнікі» выявілі 4 выпадкі інфікаваньня каранавірусам, Свабода даведалася з уласнай крыніцы. Паводле яе, каранавірус знайшлі ня толькі ў адпачывальнікаў, але і ў супрацоўнікаў санаторыю.
Гэтыя зьвесткі часткова пацьвердзіў галоўны доктар і дырэктар установы Андрэй Грудзіна. Падрабязнасьці тут>>
Мэдсястра з цукровым дыябэтам адмаўляецца працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Загадчык паліклінікі: «Гэта абавязак»
Хворая на цукровы дыябэт мэдсястра агульнай практыкі Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Натальля Каролік расказала карэспандэнту Свабоды, што яе прымушаюць працаваць у інфэкцыйным кабінэце, дзе ўхіляюцца працаваць нават інфэкцыяністы.
Са сваёй хваробай Натальля Каролік адносіцца да групы рызыкі ў выпадку заражэньня каранавірусам. Жанчына напісала заяву на імя загадчыка паліклінікі Мікалая Фядзько, каб яе не накіроўвалі працаваць у інфэкцыйны кабінэт, дзе прымаюць людзей, у якіх можа быць каранавірус, на што загадчык паліклінікі нагадаў ёй пра магчымасьць звальненьня. Гісторыю цалкам чытайце па спасылцы >>
Маскі, ахоўныя касьцюмы, антысэптыкі: У Беларусь прыляцеў самалёт з гуманітарнай дапамогай з Узбэкістану
Узбэкістан перадаў Беларусі ў якасьці гуманітарнай дапамогі аднаразовыя камбінэзоны, рэсьпіратары, ахоўныя акуляры, лятэксные пальчаткі і маскі — усяго 513 тысяч штук, а таксама 500 тысяч мэтраў марлі, 50 тысяч упаковак антысэптыкаў і 10 тысяч літраў мэдыцынскага сьпірту.
Самалёт прыляцеў у Нацыянальны аэрапорт Менск у ноч з 11 на 12 красавіка, дапамога «прызначаецца беларускаму народу ў якасьці жэсту добрай волі ад прэзыдэнта Узбэкістана», паведамляе Мінздароўя. У знак падзякі Беларусь перадала Ўзбэкістану два беларускія трактары МТЗ-82.
Лукашэнка: пацыенты ў лякарнях «перасталі змагацца за жыцьцё»
Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, старшыню Савету рэспублікі Натальлю Качанаву і старшыню сваёй адміністрацыі Ігара Сергяенку.
Ён падзякаваў лекарам, якія «начуюць і днююць у шпіталях, лекуюць людзей у гэты няпросты пэрыяд», а таксама зьвярнуўся да людзей у стацыянарах:
«У апошні час мне паступае інфармацыя, што вось гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі, — казаў Лукашэнка. — І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё. Міністар ведае, што такое, калі чалавек перастае змагацца за жыцьцё».
Ніводнай сьмерці ад каранавірусу: чаму сьвет можа павучыцца ў Віетнама
Ніводнай зафіксаванай сьмерці і ўсяго сотні пацьверджаных выпадкаў каранавірусу — дзеяньні Віетнаму ва ўмовах пандэміі атрымалі высокую ацэнку з боку Сусветнай арганізацыі здароўя і могуць быць прыкладам для іншых краінаў, паведамляе нямецкае агенцтва dpa.
Нягледзячы на агульную мяжу з Кітаем, камбінацыя раньніх рашучых дзеяньняў, шырокага тэставаньня, энэргічнай карантынізацыі і сацыяльнай еднасьці дазволілі Віетнаму пакуль што пазьбегнуць разбуральных вынікаў пандэміі, якія назіраюцца ў Эўропе і ЗША.
Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што цяпер больш за 75 000 чалавек знаходзяцца ў карантыне або ізаляцыі. У краіне дагэтуль праведзена больш за 121 000 тэстаў, зь якіх было пацьверджана толькі 260 выпадкаў захворваньня.
«Эпідэмія каранавірусу можа ператварыць месцы пазбаўленьня волі ў брацкія магілы», — заява АГП
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў заклікаў улады да «тэрміновай і максымальна шырокай амністыі» ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. На яго думку, найперш варта замяніць пакараньне ў тых выпадках, калі няма пільнай патрэбы ў пазбаўленьні волі.
«З улікам аслабленага імунітэту асуджаных і адсутнасьці ў калёніях, турмах і СІЗА якаснай мэдычнай дапамогі месцы пазбаўленьня волі пагражаюць ператварыцца ў брацкія магілы. Любы выпадак захворваньня гарантавана прывядзе да поўнага заражэньня ўсіх», — гаворыцца ў заяве старшыні АГП.
Падпісаць пэтыцыю можна тут.
Каранавірус: у Кітаі выявілі 72 інфікаваных сярод грамадзян, якія ляталі ў Расею
У Кітаі 12 красавіка больш як палова новых выпадкаў заражэньня каранавірусам прыпала на грамадзян, якія вярнуліся з Расеі.
51 выпадак зафіксаваны ў аэрапорце Шанхаю ў пасажыраў з маскоўскага рэйсу. Яшчэ 21 выпадак выяўлены ў адной з правінцыяў у кітайцаў, якія прыбылі з Масквы праз Уладзівасток. Усяго за апошні дзень у КНР выяўлена каля 100 выпадкаў COVID-19.
У Нямеччыне паправіліся больш за палову інфікаваных каранавірусам
У Нямеччыне акрыялі больш за палову інфікаваных новым каранавірусам. Але колькасьць пацыентаў, якія памерлі ад інфэкцыі, за суткі павялічылася на 126 і дасягнула 2799 чалавек.
Паводле дадзеных, апублікаваных у панядзелак, Інстытутам імя Робэрта Коха, у Нямеччыне зарэгістравана 123 016 інфікаваных — на 2537 больш, чым на дзень раней. Пры гэтым паправіліся 64 300 чалавек — на чатыры зь нечым тысячы больш, чым на дзень раней.
Па дадзеных інстытуту, колькасьць інфікаваных і колькасьць сьмерцяў у Нямеччыне зьніжаецца трэці дзень запар.
Першы выпадак каранавірусу пацьвердзілі ў Лідзе
Новыя выпадкі COVID-19 зарэгістравалі ў Лідзе і Мастах на Горадзеншчыне. Паправіліся 3 пацыенты з каранавірусам у вобласьці.
Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Горадзенскай вобласьці Мікалай Кендыш паведаміў, што новыя выпадкі COVID-19 зарэгістравалі ў Лідзе і Мастах Горадзенскай вобласьці. У Мастах гаворка ідзе пра студэнтку, якая, як мяркуецца, прывезла гэтую інфэкцыю зь Берасьцейскай вобласьці. У Лідзе захварэў мужчына сталага веку.
Кендыш удакладніў, што ў 15 супрацоўнікаў з Астраўца пакуль «няпэўная сытуацыя», празь 7 дзён пасьля шпіталізацыі ім будуць рабіць паўторны тэст на каранавірус.
Агулам у вобласьці паправіліся 3 чалавекі: жанчына, якая прыляцела зь Італіі; дальнабойнік, які прыехаў са Швэцыі, і прадпрымальнік зь Іўя.
«Індэкс самаізаляцыі». Расейскі «Яндэкс» падлічыў, наколькі беларусы менш ходзяць па вуліцах
Расейская кампанія «Яндэкс» штодзень абнаўляе дасьледаваньне аб самаізаляцыі людзей у Расеі і краінах СНД, у тым ліку Беларусі, і «мапу самаізаляцыі». Рэйтынг складзены на падставе зьвестак аб геалякацыі карыстальнікаў сэрвісаў «Яндэксу» і не ахоплівае ўсё насельніцтва.
Зь нядаўняга часу на мапе зьявіліся ня толькі Менск і абласныя цэнтры Беларусі, але і буйныя гарады кшталту Жодзіна (найменш «самаізаляваны» ў Беларусі на момант публікацыі), Рэчыцы і Салігорску (найбольш «самаізаляваныя»). Гарадам выстаўляюцца балы ад 0 (як у час пік у звычайны дзень) да 5 (на вуліцах нікога).
У Менску з пачатку сакавіка ў будныя дні было 0,7–0,8 «бала самаізаляцыі», па выходных — 2,5–3,0 бала. Ды паступова «самаізаляцыя» расьце, на мінулым тыдні дасягнула 1,7–1,9 бала ў будныя дні, 3,3–3,7 у выходныя.
Для параўнаньня, у Маскве, дзе абвясьцілі месяц выходных, увялі абавязковую самаізаляцыю і неўзабаве ўвядуць прапускны рэжым, на мінулым тыдні ў будні было 2,9–3,1 бала, у выходныя 3,5–3,7 бала. У Ерэване і Нур-Султане балы нават вышэйшыя.
У найбольш «самаізаляваных» беларускіх гарадоў на момант публікацыі 3,0 бала, у найменш ізаляваных — 2,2. У расейскім Навасібірску цяпер 1,9 бала, у Маскве — 3,3, а ў Благавешчанску, што на мяжы з Кітаем, 0,9 бала — як у Менску ў пачатку сакавіка.
«Маці прасіла рэнтген лёгкіх, але ў паліклініцы адмовілі. Цяпер у яе пацьвердзілі каранавірус»
Як стала вядома Свабодзе, у сямейнай пары, якім у дзяржаўнай паліклініцы адмаўлялі рабіць рэнтген лёгкіх, выявілі двухбаковую пнэўманію. А ў жонкі пацьвердзілі каранавірус.
Пра гэты выпадак ужо пісала Свабода. 23 сакавіка ў 52-гадовага мужчыны ўзьнялася тэмпэратура і зьявілася слабасьць. Потым дадаўся кашаль, гарачка, зьнік нюх. Падобныя сымптомы сталі праяўляцца і ў ягонай жонкі. 30 сакавіка да іх на дом прыйшла лекарка, агледзела абаіх і сказала, што ім няма чаго непакоіцца.
Цяпер муж знаходзіцца ў тубэркулёзным дыспансэры з двухбаковай пнэўманіяй. А жонка — у 3-м шпіталі. У яе таксама двухбаковая пнэўманія, плюс станоўчы тэст на каранавірус.
І муж, і жонка змаглі трапіць у шпіталь толькі пасьля таго, як зрабілі кампутарную тамаграфію лёгкіх у платным мэдычным цэнтры. У паліклініцы № 27, куды яны зьвярталіся, лекары сказалі, што паказаньняў для рэнтгену не было. 4 красавіка жанчыне ў грубай форме адмовілі, маўляў, лёгкія ў парадку, гэта чуваць і без рэнтгену.
«Страшна, што іншыя людзі могуць паслухаць падобных лекараў», — расказаў Свабодзе іхны сын.
Ва Ўзбэкістане ўвялі буйныя штрафы за абразу пацыентаў з каранавірусам
Ва Ўзбэкістане ўвялі адказнасьць за абразу пацыентаў, якія перахварэлі на COVID-19 або знаходзяцца на карантыне, паведамляе ўзбэцкая служба Радыё Свабода са спасылкай на афіцыйны тэлеграм-канал апэратыўнага штабу пры кабінэце міністраў.
За замах на гонар і годнасьць пацыентаў, якія перахварэлі на каранавірусную інфэкцыю або знаходзяцца на карантыне, а таксама за пашырэньне зьвестак аб іхным асабістым жыцьці пагражае адміністрацыйны штраф памерам да 9 мільёнаў сумаў (930 даляраў).
За паўторнае парушэньне прадугледжаны штраф памерам 22,3 мільёна сумаў (2330 даляраў), або 300 гадзін абавязковых грамадзкіх работ, або да 2 гадоў папраўчых работ.
У Японіі моцныя алькагольныя напоі афіцыйна прызналі сродкамі дэзынфэкцыі
Міністэрства аховы здароўя, працы і дабрабыту Японіі прызнала напоі з высокім утрыманьнем алькаголю сродкамі для дэзынфэкцыі з прычыны распаўсюду новага каранавірусу.
Пра гэта ў панядзелак паведаміла Японскае грамадзкае тэлебачаньне.
«Гэтая спэцыяльная рэкамэндацыя ў першую чаргу адносіцца да мэдустановаў, якія сутыкнуліся зь недахопам стандартных сродкаў дэзынфэкцыі. У хатніх умовах мы, як і раней, раім старанна мыць рукі», — заявіў прадстаўнік ведамства.
Адзначаецца, што рэкамэндацыя Міністэрства аховы здароўя тычыцца напояў з утрыманьнем алькаголю ад 70% да 83%.
У Японіі колькасьць інфікаваных новым каранавірусам дасягнула 8100. 150 чалавек памерлі.
Каранавірус будзе «перасьледаваць чалавецтва», пакуль ня вынайдуць вакцыну
Пандэмія SARS-CoV-2 будзе працягвацца да таго часу, пакуль навукоўцы не распрацуюць вакцыны супраць каранавіруснай хваробы, заявіў 12 красавіка спэцпрадстаўнік у праблемах COVID-19 пры Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Дэвід Набара. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію NBC News 12 красавіка.
Паводле Набара, характар каранавірусу адрозьніваецца ад характару сэзоннага грыпу.
«Мы ня ўпэўненыя, што гэта [COVID-19. — РC] будзе адбывацца хвалямі, як грып. Мы лічым, што гэты вірус будзе працягваць перасьледаваць чалавецтва яшчэ доўга, пакуль мы ўсе не атрымаем вакцыны, здатнай абараніць нас», — заявіў ён.
Як зазначыў прадстаўнік WHO, хоць колькасьць пацыентаў у Эўропе скарачаецца, хвароба распаўсюджваецца і ў іншыя часткі сьвету, таму ўсе краіны павінны мець належную інфраструктуру.
«Што да гэтага канкрэтнага вірусу, то ключавой зьяўляецца наяўнасьць у кожнай супольнасьці пэўнага ахоўнага бар'еру, які зможа фіксаваць пацыентаў, як толькі яны зьявяцца, ізаляваць іх і прадухіліць успышку. Неабходна, каб у кожнай краіне была такая магчымасьць», — дадаў Набара.
Беларусы застаюцца заблякаванымі ў Віетнаме, Інданэзіі, Індыі і Тайляндзе
Каля двух дзясяткаў пазаплянавых рэйсаў давялося зрабіць самалётам «Белавія», каб вярнуць дадому беларускіх турыстаў. Пра гэта тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў намесьнік гендырэктара кампаніі Ігар Чаргінец.
Паводле Чаргінца, толькі з Эгіпту было вывезена 7,5 тысяч беларусаў і грамадзянаў іншых краінаў. Пры гэты дагэтуль застаюцца складанасьці зь вяртаньнем неарганізаваных турыстаў зь Віетнаму, Інданэзіі, Індыі, Тайлянду.
«Арганізацыя рэйсаў вельмі складаная, — адзначыў Чаргінец. — Трэба рабіць мінімум адну пасадку на дазапраўку, а ў выпадку з Балі — па дзьве па шляху ў той бок і назад. Гэта складана з тэхнічнага пункту гледжаньня для экіпажаў, цяжка для саміх пасажыраў, да таго ж каштуе вялікіх грошай».
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што з-за мяжы людзей вывозяць па мінімальнай цане квіткоў.