Сікорскі зьвярнуўся да расейцаў у ААН: «Не прыходзьце скуголіць... Вас папярэдзілі»

Радослаў Сікорскі, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі сказаў пра пасланьне ўраду Расеі на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, скліканым у сувязі з парушэньнем расейскімі зьнішчальнікамі паветранай прасторы Эстоніі.

«Калі іншая ракета ці паветранае судна ўвойдзе ў нашую паветраную прастору без дазволу — наўмысна ці „памылкова“ — і будзе зьбіта, і абломкі ўпадуць на тэрыторыю NATO, калі ласка, не прыходзьце сюды скуголіць пра гэта. Вас папярэдзілі».

Да таго Сікорскі наўпрост зьвярнуўся да расейскай дэлегацыі:

«Мы ведаем, што вас не хвалюе міжнароднае права і што вы няздольныя жыць у міры з суседзямі. Ваш шалёны нацыяналізм утрымлівае прагу панаваць, якая ня спыніцца, пакуль вы не зразумееце, што час імпэрыяў прайшоў і што вашая імпэрыя ня будзе адноўленая. Кожны ўдар дронаў, запушчаных героямі Ўзброеных сілаў Ўкраіны — хай дабраславіць іх Бог — набліжае гэты дзень».

Сёньня ж прадстаўнік ЗША ў Арганізацыі аб’яднаных нацый Майкл Уолц на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН заявіў, што Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі будуць абараняць «кожную цалю» тэрыторыі краін-удзельніц NATO.

  • Паводле польскіх уладаў, у ноч на 10 верасьня каля 20 расейскіх дронаў перасеклі мяжу Польшчы. Некалькі апаратаў былі зьбітыя авіяцыяй NATO.
  • Міністэрства абароны Румыніі паведаміла, што 13 верасьня расейскі дрон тыпу «Герань» 50 хвілін ляцеў над ейнай тэрыторыяй, пасьля чаго павярнуў ва Ўкраіну.
  • 19 верасьня, як заявілі ўлады Эстоніі і іншых краін NATO, тры расейскія зьнішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі над Балтыйскім морам і заставаліся ў ёй ня менш за 12 хвілін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЗША у ААН: Злучаныя Штаты будуць абараняць «кожную цалю» краін NATO