BySol выплаціў 31 000 эўра палітвязьням, вызваленым 11 верасьня, дапамога працягнецца

Вызваленыя і вывезеныя ў Літву беларускія палітвязьні. Вільня, 11 верасьня 2025

Ініцыятыва BySol абяцае падтрымку ўсім вызваленым палітвязьням, хто зьвярнуўся.

На 22 верасьня 31 чалавек, якія падалі заяўку ў фонд BySol, атрымалі разавую выплату ў памеры 1000 эўра. Сродкі нададзеныя Міжнародным гуманітарным фондам, паведамілі ў фондзе.

«Працягваецца працэдура легалізацыі вызваленых, яна зьвязана з фінансавымі затратамі (консульскі збор, страхоўка і г.д.), у якіх BySol удзельнічае сродкамі з сумы экстранага збору. Дзякуючы салідарнасьці і падтрымцы грамадзтва палітвязьні, высланыя 11 верасьня з Беларусі, ужо забясьпечаны мінімальна неабходным. Цяпер мы можам засяродзіцца на сыстэмнай дапамогі ў рамках нашага вялікага збору. Мы аб’яўляем аб штомесячнай фінансавай падтрымцы тэрмінам на тры месяцы», — заявілі ў арганізацыі.

Апрача таго вядома, што сума збору для вызваленых перавысіла заяўленую ў пачатку больш як удвая і складае больш за 110 000 эўра.

Палітвязьні апынуліся за мяжою ў выніку прымусовай экспатрыяцыі, без дакумэнтаў і часта безь неабходных рэчаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Збор грошай вызваленым палітвязьням на BySol перавысіў 110 тысяч эўра