Марыя Жодзік з срэбраным мэдалём, 21 верасьня 2025 году, Токіё, Японія
28-гадовая Марыя Жодзік у фінале скачкоў у вышыню пераадолела плянку на рэкордным для сябе ўзроўні 2 мэтры. Гэтую ж вышыню скарыла яшчэ толькі адна скакуха — аўстралійка Нікала Оліслагерс. Паколькі аўстралійка ўзяла яе зь першай спробы, а беларуска — з трэцяй, Оліслагерс стала пераможцай, а Жодзік — срэбнай мэдалісткай. Трэцяе месца падзялілі ўкраінская рэкардсмэнка сьвету Яраслава Магучых і сэрбка Ангеліна Топіч.
Фінальныя спаборніцтвы праходзілі ў складаных умовах — іх перапынялі праз моцны дождж.
«Я павінна быць шчасьлівай і вельмі эмацыйнай у гэты момант, але я адчуваю сябе зьнясіленай і вельмі стомленай», — цытуе Марыю Жодзік сайт Эўрапейскай лёгкай атлетыкі. — Я хачу нешта зьесьці і паспаць. Гэтая ноч на стадыёне была надзвычай доўгай. Мы спаборнічалі больш за дзьве гадзіны з гэтым перапынкам з прычыны дажджу, і мне трэба было заставацца сканцэнтраванай і гатовай скакаць кожную хвіліну».
«Калі я зразумела, што ўжо займаю мэдальную пазыцыю, не магла ў гэта паверыць. Я падрыхтавалася да скачка на 2 мэтры, але была ўпэўненая, што мне трэба будзе быць у лепшай форме, каб змагацца за мэдалі. Я пачынала як вельмі пэрспэктыўная скакуха ў вышыню, але атрымала траўму ў 2022 годзе і была вымушана ўзяць паўгадавы перапынак. Потым я пераехала ў Польшчу і мне патрэбен быў час, каб адаптавацца да новай краіны і новай каманды. Цяпер я адчуваю сябе добра», — сказала Жодзік.
Мэдаль Марыі Жодзік стаў адзіным для зборнай Польшчы на гэтым чэмпіянаце сьвету.
У гэтым сэзоне Жодзік ўжо пабіла ўласны рэкорд, узяўшы вышыню 1,98 м.
Беларускія скакухі ў вышыню ніколі раней не здабывалі мэделёў на чэмпіянатах сьвету, Эўропы ці Алімпійскіх гульнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска Марыя Жодзік у складзе зборнай Польшчы прабілася ў фінал чэмпіянату сьвету ў лёгкай атлетыцыУ 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Але рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўтрымаўся, і гэта закрыла атлетцы дарогу ў нацыянальную каманду. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь. У 2024 годзе Марыі дазволілі выступаць за Польшчу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. З паказьнікам 1,83 м ураджэнка Баранавічаў выбыла з барацьбы за мэдалі ў кваліфікацыйных спаборніцтвах.
Цяпер Марыя Жодзік жыве і трэнуецца ў Беластоку, выступае за мясцовы клюб.
Зьмена спартоўкамі беларускага грамадзянства на польскае — цяпер ужо не адзінкавая зьява. Ужо некалькі гадоў з польскім пашпартам выступае беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская. Увесну 2021 году атрымала польскае грамадзянства і адмовілася ад беларускага бягуха Маргарыта Качанава, яна таксама спрабуе выбудаваць кар’еру ў зборнай Польшчы. У пачатку 2025 году стала вядома, што польскае грамадзянства атрымала беларуская лучніца Карына Казлоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Жодзік, якая пасьля 2020-га вымушана пакінула Беларусь і выступае за Польшчу, перамагла ў этапе «Дыямэнтавай лігі»