Расейскі вайсковы самалёт зноў парушыў паветраную прастору над Балтыйскім морам

Зьнішчальнікі Eurofighter. Ілюстрацыйнае фота

Два зьнішчальнікі Eurofighter Вайскова-паветраных сіл Нямеччыны на патрабаваньне NATO паднялі ў паветра па трывозе праз зьяўленьне расейскага вайсковага самалёту комплекснай выведкі Іл-20М у паветранай прасторы над Балтыйскім морам.

Як паведаміла агенцтва dpa, расейскі самалёт-выведнік знаходзіўся ў міжнароднай паветранай прасторы бяз пляну палёту і не выходзіў на сувязь.

Зьнішчальнікі ВПС Нямеччыны суправаджалі расейскі самалёт, пакуль іх не зьмянілі самалёты Швэцыі.

Узброеныя сілы Нямеччыны трымаюць дадатковыя самалёты ў гатоўнасьці для абароны паветранай прасторы на ўсходнім флянгу NATO пасьля шэрагу нядаўніх парушэньняў Расеяй паветранай прасторы краін альянсу.

Апошні інцыдэнт адбыўся 19 верасьня ў паветранай прасторы Эстоніі. Эстонскі ўрад упершыню за апошнія 34 гады ініцыяваў тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН, каб абмеркаваць гэты факт.

«19 верасьня тры ўзброеныя расейскія зьнішчальнікі на 12 хвілін увайшлі ў паветраную прастору Эстоніі і тым самым парушылі тэрытарыяльную цэласнасьць Эстоніі і прынцып Хартыі ААН аб устрыманьні ад пагрозаў сілай», — заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна, паведаміла агенцтва BNS/

Перад гэтым расейскія дроны ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы, адзін дрон зафіксаваны ў паветры над Румыніяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румынію заляцеў расейскі дрон. На ягоны перахоп падымалі два зьнішчальнікі