Закрыцьцё Польшчай пераходаў зь Беларусьсю не спыняе мігрантаў, якія штурмуюць мяжу. Вось статыстыка

Польскія памежнікі

За мінулы тыдзень Памежная служба зафіксавала больш за 700 спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы, паведаміла Польскае радыё.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі краіны паінфармавала, што 10 чалавек былі затрыманыя за спробу кантрабанды людзей.

Амаль 150 замежнікаў пакінулі Польшчу – у адпаведнасьці з адміністрацыйнымі рашэньнямі.

Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».

Мяжу Польшчы зь Беларусьсю цалкам закрылі ў ноч на 12 верасьня. Занепакоенасьць Варшавы выклікалі вучэньні «Захад-2025». Але 16 верасьня ўлады краіны заявілі, што мяжа застанецца закрытай і пасьля расейска-беларускіх манэўраў.

У Беларусі праз закрыцьцё польскай мяжы затрымаліся амаль 1,5 тысячы польскіх фураў. Прэс-служба Мытнага камітэту Беларусі апублікавала паведамленьне аб падаўжэньні тэрміну знаходжаньня польскіх фураў у краіне на 10 дзён. Гэтыя грузавікі не змаглі выехаць у Польшчу да закрыцьця мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад забараніў вывозіць шэраг тавараў да сакавіка 2026 года. Што ў сьпісе