Урад забараніў вывозіць шэраг тавараў да сакавіка 2026 года. Што ў сьпісе

Ілюстрацыйны здымак. Крама ў Менску.

Беларускі ўрад працягнуў часовую забарону на вываз некаторых груп прамысловых тавараў. Мера часовая, у сьпісе больш за 200 найменьняў. Аб гэтым рашэньні Савета міністраў паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Размова ідзе ў тым ліку аб забароне на рээкспарт увезеных у краіну тавараў, якая ўпершыню зьявілася вясной 2022 года.

Тавары пералічаныя ў дадатку да дакумэнта. Там больш за 200 кодаў адзінай Таварнай намэнклятуры зьнешнеэканамічнай дзейнасьці ЭАЭС.

Напрыклад, у сьпісе ёсьць тавары для мэдыцыны і вэтэрынарыі, ядзерныя рэактары, паравыя катлы і генэратары, халадзільнае абсталяваньне, мікрафоны, акумулятары, тэлефоны, гуказапісвальнае абсталяваньне, маніторы, бесьпілётнікі, шкляныя ампулы, адходы і лом вальфраму, ёмістасьці для сьціснутага або звадкаванага газу, зубныя цэмэнты або матэрыялы для плямбаваньня зубоў, цэмэнты для рэканструкцыі костак і многае іншае.

Але ёсьць і выключэньні: вырабленыя ў Беларусі тавары (гэта павінна быць пацьверджана сэртыфікатам аб паходжаньні), транзытныя тавары, якія вывозяцца па разавых ліцэнзіях, выдадзеных МАРГ, і па іншых падставах.

Пастанова набудзе моц 23 верасьня і будзе дзейнічаць да 22 сакавіка 2026 года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атакавала дронамі два расейскія НПЗ