Кізім заявіў, што Ўкраіна можа прыняць Ціханоўскую ў адказ на сустрэчу Лукашэнкі з калябарантам Сальдам

Ігар Кізім, архіўнае фота

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім рэзка асудзіў сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі часткі Херсонскай вобласьці Ўладзімірам Сальдам.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Сальдам выклікала крытыку ва Ўкраіне, з рэзкай заявай выступіў МЗС. Сваю ацэнку падзеі выказаў у інтэрвію «Українській правді» былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Ён прапануе кіраўніцтву Ўкраіны ў якасьці адказу афіцыйна сустрэцца зь Сьвятланай Ціханоўскай.

«Лукашэнка ніколі не прыхоўваў, што ён падтрымлівае палітыку Расеі ў гэтым пляне. Відавочна, што гэты крок ён зрабіў, ідучы насустрач жаданьням Пуціна. Зь іншага боку, яму трэба мець нейкія эканамічныя выгады з гэтага пытаньня. Праграмы аднаўленьня той жа Херсонскай вобласьці — а «почему бы мне не поучаствовать», — разважае Кізім аб прычынах сустрэчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа дайсьці да адкліканьня ўкраінскіх дыпляматаў». Яўген Магда пра сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком акупацыйнай херсонскай адміністрацыі

На прыезд Сальды ў Менск МЗС Украіны адрэагаваў заявай. Ці можа Ўкраіна ўзмацніць ціск на Лукашэнку з гэтай прычыны?

«Дакладна трэба рэагаваць. Як нам адрэагаваць, можа, асымэтрычна? Калі ён запрашае Сальду, які ў нас лічыцца гаўляйтэрам, чаму мы тады ня можам афіцыйна сустрэцца зь Ціханоўскай? Што ён зрабіў такога добрага для Ўкраіны, каб яго не раздражняць? Нічога. Тут павінна быць рэакцыя. Варта нагадаць, што маё адкліканьне ў 2023 годзе было выклікана тым жа: Лукашэнка з такой жа пампэзнасьцю сустракаўся з Пушыліным (кіраўнік так званай ДНР). Раней Пушыліна прымалі ў Беларусі на ўзроўні палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, але, як толькі ён зьявіўся ў офісе Лукашэнкі, я адразу быў адкліканы. Мы паказалі, што мы можам дзейнічаць», — заявіў Ігар Кізім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У структуры МЗС Украіны створаць упраўленьне недружалюбных краін. Сярод іх Беларусь

Хто такі Ігар Кізім

Ігар Кізім зь лютага 2024 году займаў пасаду прызначаны амбасадарам дзеля асаблівых даручэньняў па Беларусі. 7 лютага 2025 ён паведаміў, што пайшоў у адстаўку. Перад гэтым ён працаваў амбасадарам Украіны ў Менску, яго адклікалі, калі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Менску з прадстаўніком расейскіх акупацыйных уладаў часткі Данеччыны Дзянісам Пушыліным.

Ён шмат крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку. Калі Лукашэнка заявіў, што ня хоча ўцягваць Беларусь у вайну з Украінай, а таксама што гэтай краіне ня трэба разьлічваць на дапамогу ЗША ў аднаўленьні пасьля вайны, Кізім нагадаў, што Беларусь ужо «ў вайне» з 24 лютага 2022 году і працягвае ў ёй удзельнічаць, аказваючы дапамогу Расеі.

Таксама ён адказаў на заяву Лукашэнкі пра тое, што ўлады Беларусі нібыта робяць усё дзеля мірнага суседзтва.

«Адказ такі: спыні падтрымку злачыннай вайны, тады зь Беларусьсю гэта магчыма. Але зь цяперашнім рэжымам, на маю думку, — не», — напісаў Кізім.

  • Ігар Кізім быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі — зь лютага 2017 году.
  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Кіеў разарваў дыпляматычныя адносіны з Расеяй, але не зь Беларусьсю.
  • У красавіку 2023 году, пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў Менску з кіраўніком акупаванай Расеяй «ДНР» Дзянісам Пушыліным, Кіеў адклікаў амбасадара Кізіма для кансультацыяў.
  • 22 чэрвеня 2023 году ўказам прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Кізім быў вызвалены ад пасады амбасадара Ўкраіны ў Беларусі. Новага амбасадара не прызначылі. Тым самым Уладзімір Зяленскі прадэманстраваў паніжэньне ўзроўню дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю.
  • На пачатку лютага 2024 году рашэньнем міністра замежных справаў Украіны Ігар Кізім быў прызначаны амбасадарам дзеля асаблівых даручэньняў па Беларусі.
  • На новай пасадзе амбасадар Кізім ня раз сустракаўся з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, быў госьцем канфэрэнцыі «Новая Беларусь» 2024 году ў Вільні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны дзеля асаблівых даручэньняў па Беларусі Ігар Кізім пайшоў у адстаўку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі МЗС жорстка адрэагаваў на сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком акупаваных тэрыторый Херсоншчыны