Паводле зьвестак «Вясны», з 2020 году паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады») ужо асудзілі ня менш за 778 беларусаў.
Зь іх шмат каго — за камэнтары ў сацыяльных сетках з крытыкай дзяржаўных службоўцаў ці сілавікоў. Пакараньне за гэта можа дасягаць 12 гадоў зьняволеньня. Юрыдычная служба «Вясны» заявіла, што гэтая практыка супярэчыць і духу, і літары законаў.
Распальваньне варожасьці крыміналізавана, каб абараніць групы людзей, уразьлівых з прычыны расы, рэлігіі, колеру скуры, нацыянальнасьці. Але ў 2021 годзе артыкул 130 КК быў дапоўнены паняцьцем «іншыя сацыяльныя групы».
«Рэжым спрытна падвёў пад „іншыя групы“ тых, каго не дазваляе крытыкаваць, — сябе і сваіх прадстаўнікоў. Група з прыкметай „супрацоўнік міліцыі“ або „судьдзя“ стала ў адзін шэраг з такімі сацыяльнымі групамі, як, напрыклад, рома ці мусульмане. У выніку гэта зьнізіла адказнасьць за свае дзеяньні людзей, якіх наняла сабе на службу дзяржава», — тлумачыць юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова.
Але, паводле юрысткі, крытыка прадстаўнікоў улады за іхныя недахопы ці парушэньні ня ёсьць «моваю варожасьці». Улады выкарыстоўваюць гэты артыкул не для абароны ўразьлівых групаў, а як інструмэнт палітычных рэпрэсіяў і сродак абароны ад крытыкі.
«Заканадаўства ў Беларусі фактычна ўжываецца не для кантролю грамадзтва над уладамі, а для захаваньня захопленай улады і абслугоўваньня прадстаўнікоў улады», — адзначае юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова.
Юрыстка тлумачыць, дзе праходзіць мяжа паміж крытыкай і заклікамі да гвалту.
«Публічная крытыка дзеяньняў службовых асобаў адрозьніваецца ад заклікаў да гвалту, у першую чаргу ўласна зьместам, але таксама і формай. Мае значэньне таксама кантэкст, зносіны паміж тым, хто кажа, і тымі, на каго накіраваныя словы», — кажа Рудзянкова.
Юрыстка «Вясны» спасылаецца на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), які Беларусь падпісала. У гэтым дакумэнце выказваньні і заклікі да дзеяньняў празрыста падзеленыя, тлумачыць юрыстка.
Гэтак, крытыка ўладаў уваходзіць у паняцьце «свабода выказваньня думак» і ахоўваецца артыкулам 19 МПГПП. А паводле артыкулу 20 МПГПП дзяржава абавязана юрыдычна забараняць мову варожасьці, пад якой разумеюць нэгатыўныя выказваньні пра ўразьлівыя групы.
Рэжым Лукашэнкі ў артыкуле 130 КК зьмяшаў гэтыя нормы і называе ўсякае выкрыцьцё нязручнай для сябе праўды «распальваньнем варожасьці супраць групы паводле прыкметы „дзяржаўныя службоўцы“», даводзіць юрыстка Рудзянкова. Між тым, паводле Высокага камісара ААН у правах чалавека (канкрэтна — паводле гэтак званага «Пляну дзеяньняў Рабат», прынятага ў 2012 годзе ў сталіцы Марока Рабаце), «забарона мовы варожасьці павінна быць вузкай і дакладнай», а ўжываньне «крымінальнага права мусіць быць крайняй мерай, а не інструмэнтам для душэньня палітычнай крытыкі».
Асобна Рудзянкова спыняецца на тлумачэньні, чаму абраза міліцыянта, нават калі яна непрыемная, не роўная распальваньню варожасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўмільёна рэпрэсаваныя, паўмільёна ў эміграцыі: уражальныя лічбы пра беларусаў пасьля 2020 годуКрытыка ўладаў ёсьць формай кантролю над уладай, а распальваньне варожасьці — распаўсюдам небясьпечнай ідэалёгіі, якая будуецца на дыскрымінацыі і пагражае пэўным сацыяльным групам паводле пэўных прыкметаў, даводзіць юрыстка і робіць наступную выснову.
«Мяркую, што грамадзтва і так гэта разумее, бо гэта базавае права чалавека — і яно інтуітыўна зразумелае. Улада дае справаздачу перад народам, таму і лягічна, што яе трэба крытыкаваць. Іншае пытаньне, што ў Беларусі цяпер гэта небясьпечна», — разважае Рудзянкова.
Юрыдычная служба «Вясны» таксама адзначае, што дзяржаўная прапаганда Беларусі рэгулярна дазваляе сабе абразьлівыя выказваньні і нават заклікі да гвалту ў адрас апанэнтаў улады:
«Аднак з 2020 году ніводнай крымінальнай справы супраць дзяржаўных прапагандыстаў не завялі. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што 130-ы артыкул КК у Беларусі выкарыстоўваецца сэлекцыйна і служыць інструмэнтам рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнага руху».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зрэзаў скуру. Гутарка з хлопцам, якога прымусілі зьнішчыць татуяваньне з Пагоняй у калёніі