Да 30-годзьдзя БАЖ у Вільні прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная будучыні беларускай журналістыкі

Зьезд БАЖ. Вільня, 16 верасьня 2025

У сталіцы Літвы цяпер працуе офіс БАЖ, а беларускія журналісты, сябры арганізацыі, цяпер раскіданыя па сьвеце, а найбольш у эўрапейскіх краінах.

Беларуская асацыяцыя журналістаў утварылася роўна 30 гадоў таму. Тады ў незалежны ад дзяржавы саюз аб’ядналіся супрацоўнікі СМІ, становішча якіх рэзка пагаршалася пасьля абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі.

«Дакладна 16 верасьня 1995 году БАЖ быў зарэгістраваны. Але сёньня больш важна, якой будзе журналістыка заўтра. Гэта справа нашай адказнасьці, бо на радзіме незалежная журналістыка фактычна зьнішчаная», — сказаў на адкрыцьці канфэрэнцыі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Сход журналістаў вітаў тых калег, якія 11 верасьня былі вызвалены з-за кратаў. Усяго тады выйшла на волю 9 журналістаў. Некаторыя зь іх, былы рэдактар «Рэгіянальнай газэты» Алесь Манцэвіч, гомельская журналістка Ларыса Шчыракова, віцебскі журналіст Вячаслаў Лазараў і філёзаф Уладзімер Мацкевіч удзельнічалі ў працы канфэрэнцыі. Вячаслаў Лазараў. Былых палітвязьняў удзельнікі канфэрэнцыі віталі стоячы.

У фае разгарнулі фотавыставу, прысьвечаную рэпрэсаваным журналістам.

Выступае Андрэй Бастунец. Вільня, 16 верасьня 2025

Да юбілею БАЖ прымеркавалі канфэрэнцыю «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра».

Больш за 70 незалежных беларускіх журналістаў у выгнаньні сабраліся, каб абмеркаваць будучыню беларускай журналістыкі і тое, што варта зрабіць, каб яе якасьць не зьніжалася.

Ірына Новік з выданьня Hrodna.life прадстаўляе выданьне, якое здолела ва ўмовах эміграцыі захаваць аўдыторыю і нават пашырыць тэматыку публікацый. Тым, як гэта ўдаецца, журналістка падзялілася з удзельнікамі канфэрэнцыі.

«Перад намі стаіць падвойная задача: данесьці інфармацыю да нашай аўдыторыі, але таксама расказваць літоўцам пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Мусім сыходзіць з таго, што ў нас зь Літвой ня толькі агульнае мінулае, але і агульная будучыня», — сказала Ірына Новік.

Журналісты Hrodna.life сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што іншыя беларускія журналісты ў выгнаньні. Сярод іх ня толькі фінансавыя клопаты, але і недахоп крыніцаў інфармацыі, боязь людзей называць свае імёны, ананімнасьць журналістаў, якія хвалююцца за сваякоў на радзіме. Але гэта можна пераадолець, калі мэдыя зрабіла сабе добрае імя, лічыць Ірына.

«Калі ёсьць рэнамэ, то вялікай праблемы ў ананімнасьці няма. Нашы козыры — гэта брэнд і мова, таму людзі нам давяраюць і бяз подпісаў. У нас нібы ёсьць нейкая дамова з чытачамі. Захаваліся крыніцы, чытачы нам пішуць да гэтага часу. Вядома ж, карэктуем тэматыку. Цяпер для нас надышоў час чалавечых гісторый. Шукаем у тэматыцы тое, што аб’яднае інтарэсы эмігрантаў і суайчыньнікаў у Беларусі. Як вынік — часта нашы матэрыялы перадрукоўваюцца вялікія мэдыя», — кажа Ірына Новік.

На яе думку, сакрэт захаваньня добрай якасьці беларускай журналістыкі — захаваньне яе маральнасьці.

«Вельмі важна, што гэта быў адказ на запыт карыстальнікаў. Людзі хочуць этычнай журналістыкі. Так, шмат хочуць гарачых навінаў, але хочуць найбольш, каб было справядліва. Гэта вельмі важна».

24 беларускія мэдыя ў выгнаньні далучыліся да Пагадненьня аб самарэгуляваньні незалежнага мэдыясэктару, прынятага летась у БАЖ. Журналісты абралі Раду па этыцы, якую ўзначальвае Надзея Белахвосьцік.

Журналістка мяркуе, што гэта дапамагае трымаць высокую якасьць беларускіх СМІ, якія працуюць за мяжой. Але гэтае рэнамэ ўсё складаней падтрымліваць, мяркуе Надзея.

«Тое, што было зроблена ў Беларусі 20-30 гадоў таму, яшчэ працуе на нас, але колькі гэта будзе яшчэ працягвацца? Бо прыходзяць новыя пакаленьні, якія менш чытаюць, у тым ліку нас. У маладых няма звычкі чытаць незалежныя мэдыя, а прапагандысцкая машына ў Беларусі дзейнічае, літаральна перамолвае гэтыя пакаленьні. Баюся, для іх ужо сытуацыя нармальнасьці, калі давяраюць прапагандзе. Яшчэ ёсьць праблемай тое, што мы, жывучы ў эміграцыі, аддаляемся ад аўдыторыі на радзіме. Прыкладам, я не бачыла трэцяй лініі мэтро ў Менску і ня ведаю, як у ёй арыентавацца. Нібыта гэта асабістае, гэта драбяза, але ўсё ж і не драбяза».

Рэдактар выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч згодны з трывогамі калегі, але ўсё ж заклікае не перабольшваць небясьпеку адрыву ад Беларусі.

«Па самых сьціплых ацэнках мы, мэдыі ў выгнаньні даходзім да 40% аўдыторыі Беларусі, а мо і больш. Гэта значна больш за тое, чаго дамагліся расейскія мэдыі ў эміграцыі, дзе ахоп можа 10-15%. Так, нам ёсьць над чым працаваць, ёсьць што шліфаваць», — сказаў Старыкевіч і прывёў у прыклад конкурс «Вольнае слова», у журы якога ён уваходзіць у гэтым годзе.

Паводле Аляксандра, шмат якія аўтары прадставілі на конкурс «завялікія тэксты». А ў іншых аспэктах журналістыкі ў беларускай за мяжой тыя ж прыкметы, што і паўсюль: сытуацыя, калі на памылкі зьвяртаюць больш увагі, чым на дасягненьні. Але гэта звычайная рэч, — мяркуе Аляксандр Старыкевіч.

На канфэрэнцыі таксама былі абмеркаваныя праблемы бясьпекі беларускіх журналістаў, якія працуюць у выгнаньні. Падчас дыскусіі гучала, што гэтыя праблемы — агульны міжнародны трэнд. З выгнаньнямі, дэпартацыямі, перасьледам сваякоў журналістаў на іх радзіме сутыкаюцца ў шмат якіх краінах сьвету. Сумна, што апошнім часам да вядомых «гарачых» краінаў як Беларусь, Расея, Туркмэністан, Кітай, М’янма ды іншыя далучаюцца і тыя, якія лічыліся адносна бясьпечнымі для журналістаў: Індыя, Турэччына, Грузія. Таму, паводле ўдзельнікаў канфэрэнцыі, як ніколі падвышаецца важнасьць журналісткай салідарнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Ігара Ільяша асудзілі на 4 гады турмы за камэнтары і інтэрвію мэдыя