Amnesty International назвала сытуацыю з Статкевічам «гвалтоўным зьнікненьнем»

Мікола Статкевіч на мяжы Беларусі і Літвы. 11 верасьня 2025 году

Вызвалены з калёніі палітзьняволены Мікалай Статкевіч зьнік пасьля адмовы пакінуць Беларусь, ягоным лёсам занепакоеная міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Рэагуючы на адмову ўладаў Беларусі раскрыць лёс і месца знаходжаньня нядаўна вызваленага з турмы апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які вырашыў застацца ў Беларусі, Марыя Гур’ева, старшы супрацоўнік Amnesty International, заявіла:

«Пастаянная адсутнасьць інфармацыі пра лёс і месцазнаходжаньне Мікалая Статкевіча выклікае глыбокую занепакоенасьць. Яго ня бачылі з таго часу, як яго даставілі на мяжу зь Літвой, дзе ён адмовіўся ад высланьня пасьля вызваленьня з турмы. Гэта выклікала асьцярогу, што ўлады Беларусі вярнулі яго ў турму. Для гэтага ёсьць зразумелы і просты тэрмін: гвалтоўнае зьнікненьне.

Месца знаходжаньня Мікалая Статкевіча павінна быць неадкладна раскрытае, яго бясьпека гарантаваная, а яго далейшае ўтрыманьне пад вартай павінна быць спыненае. Яго ніколі не павінны былі саджаць у турму, а таксама пазбаўляць права заставацца ў сваёй краіне».

Улады Беларусі павінны спыніць выкарыстоўваць людзей, зьняволеных з палітычных матывах, у якасьці разьменных манэт на міжнароднай арэне. Яны мусяць неадкладна і безумоўна вызваліць усіх зьняволеных за спробу рэалізаваць свае правы чалавека. І яны не павінны нікога прымушаць да высланьня, — гаворыцца ў заяве Amnesty International, якую атрымала Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 год за кратамі. За што Лукашэнка адпраўляў Міколу Статкевіча ў турму і на колькі

Мікалая Статкевіча вызвалілі з турмы 11 верасьня 2025 году ў рамках палітычнай угоды, згодна з якой 52 зьняволеныя выйшлі на волю ў абмен на зьняцьце санкцыяў ЗША зь беларускага дзяржаўнага авіяперавозьніка «Белавія».

Пры гэтым улады Беларусі спрабавалі прымусіць усю групу пакінуць Беларусь, даставіўшы 52 чалавекі да літоўскай мяжы. Аднак Статкевіч адмовіўся пераходзіць мяжу, заявіўшы: «Я буду працягваць змагацца!», перш чым вырвацца з аўтобуса, у якім яго перавозілі разам зь іншымі былымі зьняволенымі, у нэўтральнай зоне. Запісы з камэраў відэаназіраньня паказваюць, што яго зноў затрымалі людзі ў масках, якія падышлі зь беларускага боку.

Афіцыйнага пацьверджаньня месца знаходжаньня Статкевіча ўлады не далі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І адзін у полі воін». Валер Карбалевіч пра фэномэн Міколы Статкевіча

Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі

Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.

Выправаджэньне (выдварэньне)?

Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.

Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;

або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.

Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.

Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.