Вялікая Брытанія пашле зьнішчальнікі Typhoon на патруляваньне межаў NATO і Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Іх задачай будзе ўдзел у супрацьпаветранай абароне Польшчы ад магчымых пагрозаў з боку расейскіх бесьпілётнікаў.

Улады Вялікай Брытаніі пацьвердзілі, што брытанскія зьнішчальнікі Typhoon будуць удзельнічаць у апэрацыі NATO «Ўсходні вартавы» для ўмацаваньня ўсходніх межаў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Пра гэта 15 верасьня заявіла Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, аб’яўляючы ў пятніцу аб пачатку місіі «Ўсходні вартавы», назваў Вялікую Брытанію ў ліку яе ўдзельнікаў, але падрабязнасьцяў тады не паведаміў.

Як гаворыцца ў паведамленьні брытанскага ведамства, зьнішчальнікі Typhoon далучацца да абароны Польшчы «празь некалькі дзён пасьля неразважлівага і небясьпечнага ўварваньня расейскіх бесьпілётнікаў у паветраную прастору Польшчы — самага значнага на сёньня парушэньня паветранай прасторы альянсу прэзыдэнтам Пуціным». Каля 20 расейскіх бесьпілётнікаў уварваліся ў польскую паветраную прастору ў часе нападу на Ўкраіну ў ноч на 10 верасьня. Расея адмаўляе, што гэта былі ейныя бесьпілётнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына ўпершыню перакінула ў Польшчу пяць сваіх зьнішчальнікаў

Як гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны, зьнішчальнікі Typhoon пачнуць выконваць задачы над Польшчай ужо днямі. Падкрэсьліваецца, што Брытанія ўзяла на сябе гэтыя абавязаньні ў выніку кансультацыяў, ініцыяваных Польшчай у рамках 4-га артыкулу Паўночнаатлянтычнае дамовы.

У паведамленні не гаворыцца, колькі зьнішчальнікаў будуць удзельнічаць у місіі. Раней паведамлялі, што патруляваць паветраную прастору Польшчы будуць два самалёты F-16 Даніі, тры францускія зьнішчальнікі Rafale і чатыры нямецкія Eurofighter.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі 14 верасьня ўхваліў разьмяшчэньне войскаў NATO на тэрыторыі краіны. Як паведамляе Бюро нацыянальнай бясьпекі, гэтае рашэньне тычыцца апэрацыі «Ўсходні вартавы», распачатай сумесна з краінамі-ўдзельніцамі вайсковага хаўрусу для ўзмацненьня аховы ўсходніх межаў Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румынію заляцеў расейскі дрон. На ягоны перахоп падымалі два зьнішчальнікі