Рашэньне ЗША зьняць санкцыі зь беларускага авіяперавозьніка «Белавія» было аднабаковым і не паўплывае на абмежаваньні, уведзеныя для Беларусі Эўрапейскім Зьвязам, заявіла Міністэрства замежных справаў Літвы.
«Рашэньне аб зьняцьці санкцый зь „Белавія“ — аднабаковае рашэньне адміністрацыі ЗША. Генэральная ліцэнзія № 11, выдадзеная Міністэрствам фінансаў ЗША, дазваляе ажыцьцяўляць апэрацыі зь „Белавія“, але актывы кампаніі застаюцца замарожанымі. Гэтае рашэньне ЗША не ўплывае на абмежавальныя захады, уведзеныя Эўрапейскім Зьвязам для Беларусі, у тым ліку „Белавія“, — заявіла Міністэрства замежных справаў у сваім адказе выданьню Delfi.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША паведаміў пра зьняцьце санкцыі зь «Белавія» і пра намер аднавіць працу амбасады ў МенскуПаводле зьвестак міністэрства, суб’ектам ЭЗ не дазваляецца падпісваць якія-небудзь пагадненьні з кампаніяй. Абмежаваньні на тавары, зьвязаныя з авіяцыйным сэктарам Беларусі, таксама застаюцца ў сіле. Акрамя таго, застаецца ў сіле рашэньне закрыць паветраную прастору Эўрапейскага Зьвязу для паветраных караблёў, якія эксплюатуюць беларускія авіяперавозьнікі, прынятае пасьля незаконнай вымушанай пасадкі пасажырскага самалёта Ryanair, што ляцеў з Атэнаў у Вільню ў 2021 годзе. Тады самалёт прызямлілі ў Менску, каб затрымаць апазыцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча.
„Ніводная з прычынаў, на падставе якіх ЭЗ пачаў уводзіць санкцыі супраць Беларусі, ня зьнікла — рэпрэсіі супраць насельніцтва, парушэньні правоў чалавека, фальсыфікацыя выбараў, інструмэнталізацыя міграцыі (да якой непасрэдна спрычынілася „Белавія“) і саўдзел у вайне на баку Расеі, якая ажыцьцяўляе ваенную агрэсію супраць Украіны», — заявіла літоўскае міністэрства.
11 верасьня ЗША зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Пра гэта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл. Гэта адбылося ў абмен на вызваленьне і выправаджэньне з радзімы 52 палітвязьняў, частка зь якіх амаль даседзела прысуджаныя тэрміны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці змогуць самалёты «Белавія» пасьля зьняцьця санкцый ЗША зноў лётаць у Эўропу: Тлумачэньне экспэрта