Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў упэўненасьць у тым, што трохбаковая сустрэча паміж ім і прэзыдэнтам Украіны і расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным адбудзецца. Адначасова Трамп заявіў пра «незразумелую нянавісьць» паміж Зяленскім і Пуціным, з-за якой, паводле яго слоў, яны не могуць правесьці сустрэчу сам-насам.
«На гэтым тыдні ў вайне паміж дзьвюма краінамі загінула больш за восем тысяч салдат, крыху больш у Расея, бо калі ты агрэсар, ты губляеш больш... Я хачу спыніць забойствы. Я думаў, што спыніць гэтую вайну будзе лёгка. Але аказалася, што гэта складана. Нянавісьць паміж Зяленскім і Пуціным незразумелая. Мне, напэўна, давядзецца размаўляць, яны ненавідзяць адзін аднаго», — сказаў ён падчас размовы з журналістамі перад вылетам у Вашынгтон 14 верасьня.
«Перамовы будуць — назавіце гэта самітам ці проста сустрэчай, ня мае значэньня. Але мне, напэўна, давядзецца (прыняць удзел — рэд.). Яны так ненавідзяць адзін аднаго, што ледзьве могуць размаўляць. Яны проста ня могуць размаўляць адзін з адным», — дадаў прэзыдэнт ЗША. Трамп не ўдакладніў, калі можа адбыцца сустрэча.
Ён таксама ў чарговы раз раскрытыкаваў Эўропу за занадта слабыя санкцыі супраць Расеі і куплю ў яе нафты.
«Эўропа — мой сябар, але яны купляюць нафту ў Расеі. Я не хачу, каб яны гэта рабілі. Санкцыі, якія яны ўжываюць, недастаткова жорсткія. Я гатовы ўвесьці санкцыі, але яны павінны ўзмацніць свае... Я гатовы рухацца наперад, але яны таксама павінны гэта зрабіць. Я думаю, што яны гэта зробяць. Але зараз яны толькі кажуць, а не дзейнічаюць. У рэшце рэшт, яны купляюць нафту ў Расеі. Мы не купляем нафту ў Расеі. А яны купляюць шмат. Гэта ня зьдзелка», — сказаў Трамп.
13 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гатовы ўвесьці «сур’ёзныя санкцыі» супраць Расеі, калі ўсе краіны NATO зробяць тое ж самае і перастануць купляць расейскую нафту.
Прэзыдэнт ЗША таксама прапанаваў краінам альянса ўвесьці тарыфы ў памеры 50–100% на імпарт з Кітая.
Прэзыдэнт Зяленскі падтрымаў гэтую пазыцыю і заклікаў партнэраў «перастаць шукаць апраўданьні» для санкцый супраць расейскай нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп запатрабаваў ад NATO перастаць купляць расейскую нафту