Сьцісла:
- Лукашэнка апошнім часам неаднойчы заяўляў, што вызваленьне палітвязьняў на просьбу ЗША абавязкова мусіць суправаджацца іх дэпартацыяй.
- Паводле афіцыйнага наратыву беларускіх уладаў пратэсты 2020 году былі арганізаваныя ЗША, а іх удзельнікі былі выканаўцамі загадаў «заакіянскіх лялькаводаў».
- Дэпартацыя вызваленых палітвязьняў трактуецца ўладай як выдача арганізатарам тых пратэстаў іх агентаў.
- Гэтая лёгіка адпавядае лёгіцы леташняга абмену, арганізаванага Расеяй і ЗША, падчас якога заведамых агентаў расейскіх спэцслужбаў мянялі на расейскіх апазыцыянэраў. Крэмль трактаваў апошніх як агентаў Захаду.
Лукашэнка: «Забірайце да сябе, вязіце іх туды»
22 жніўня сёлета Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію мэдыякарпарацыі Кітаю распавёў пра сваю тэлефонную гутарку з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася 15 жніўня. Паводле Лукашэнкі, ён сказаў Трампу наконт вызваленьня палітвязьняў: «Хочаце паўтары ці дзьве тысячы (як яны там лічаць)? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разьлічваць на тое, што мы бандытаў выпусьцім, якія палілі, узрывалі, і яны гэта прызнаюць, ня варта. Мы іх выпусьцім, а яны зноў супраць нас будуць вайну весьці? Тут мяне грамадзтва не падтрымае».
Учора падчас сустрэчы з намесьнікам спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам Лукашэнка паўтарыў умову вызваленьня палітвязьняў: «І калі Дональд настойвае на тым, што ён гатовы забраць да сябе гэтых усіх вызваленых, Бог з вамі, давайце паспрабуем выпрацаваць глябальную зьдзелку. Як любіць казаць спадар Трамп, вялікую зьдзелку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка правёў яшчэ адну сустрэчу з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША і прапанаваў «вялікую зьдзелку» па «закладніках»Аднак варта заўважыць, што ў папярэднія хвалі вызваленьняў палітвязьняў пасьля «Плошчы-2006» і «Плошчы-2010» нікога зь іх не дэпартавалі. Пасьля 2020 году да 2025 году палітычных зьняволеных вызвалялі таксама, як правіла, без дэпартацыяў. Хіба за адзіным выключэньнем — у верасьні 2022 году дзякуючы высілкам амэрыканскіх дыпляматаў быў вызвалены і вывезены з краіны журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.
Вызваленьні ў 2006-2008 і 2011-2015 гадах адбываліся альбо з унутрыпалітычных матываў, альбо ў выніку перамоваў зь эўрапейскімі дыпляматамі. ЗША тады ў перамоўным працэсе наўпрост ня ўдзельнічалі.
Гэтак жа і вызваленьні ў 2021-2024 гадах былі пераважна альбо жэстамі на адрас калектыўнага Захаду (а не адказамі на канкрэтныя просьбы), альбо вызваленьнямі на просьбы эўрапейскіх краінаў (Натальлю Хершэ вызвалілі на просьбу Швайцарыі).
А ў выпадку просьбаў з боку амэрыканцаў умовай рабілася дэпартацыя. Гэтак было і з Грузьдзіловічам у 2022 годзе, і з усімі вызваленымі ў 2025 годзе, калі Дональд Трамп прыйшоў да ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Подпісу Лукашэнкі не паказалі. Заключныя фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча«Пратэстоўцы — агенты ЗША»
Гэты падыход здаецца невыпадковым. Паводле наратыву афіцыйнай прапаганды, пратэсты 2020 году былі натхнёныя, інсьпіраваныя і наўпрост арганізаваныя калектыўным Захадам, а дакладней, Злучанымі Штатамі. У межах гэтай трактоўкі эўрапейскія краіны былі на падхопе, памагатымі ў рэалізацыі плянаў Вашынгтону, а ўдзельнікі пратэстаў — агентамі ЗША, выканаўцамі загадаў «заакіянскіх лялькаводаў».
Выступаючы сёлета 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці Лукашэнка тлумачыў вызваленьне палітвязьняў, якое адбылося пасьля візыту спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Кэлага. І ён дакладна паўтарыў такі наратыў: «Гэта ня значыць, што мы гэтых бандытаў павыпускаем і яны заўтра нам узарвуць краіну. Гэта бандыты. Дзе яны знаходзяцца? Ведаеце. Хто ім грошы плаціць? Ведаеце. Калі б не плацілі, іх бы даўно ўжо не было».
Ці верыць ён сам у гэтую вэрсію? Часткова можа і верыць. Але гэта ў любым выпадку афіцыйная трактоўка і для свайго насельніцтва, і для замежжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра перамовы з спэцпрадстаўніком Трампа і прычыны пераносу вучэньняў «Захад-2025»І калі ЗША ўступалі ў перамовы наконт вызваленьня палітвязьняў, Менск гатовы быў весьці зь амэрыканцамі размову на гэты конт як пра вызваленьне «амэрыканскіх агентаў», якіх беларускі бок быў гатовы вярнуць тым, хто гэтых агентаў пасылаў на заданьне. Так і ніяк інакш.
Лукашэнка бярэ прыклад з Пуціна
Гэтая лёгіка, падобная да той, якой кіраваўся Крэмль падчас леташняга мэгаабамену вязьняў расейскіх, беларускіх, амэрыканскіх і эўрапейскіх турмаў. ЗША і іншыя заходнія краіны выдавалі Маскве яе заведамых агентаў. Масква выдавала Захаду як грамадзянаў заходніх краінаў, гэтак і расейскіх апазыцыянэраў. Некаторыя зь іх былі супраць сваёй фактычнай высылкі. Але ніхто іх не пытаўся, іх пасадзілі ў самалёт і вывезьлі ў Турэччыну, дзе рабіўся абмен. І палітычна зьдзелка трактавалася Крамлём як абмен расейскіх агентаў на амэрыканскіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі апазыцыянэр Яшын: Я хацеў, як Марыя Калесьнікава, парваць пашпарт на мяжыГэтак жа і Лукашэнка выбудоўвае зьдзелку з Трампам, як абмен розных дабротаў (адкрыцьцё амбасады, зьняцьцё санкцыяў з «Белавія») на амэрыканскіх агентаў. А тое, што гэта грамадзяне Беларусі, што некаторыя зь іх ня хочуць выяжджаць зь Беларус,і — для беларускай улады гэта няважна.
У гэтай схеме абавязковай дэпартацыі вызваленых палітвязьняў можна ўбачыць і пэўную ўнутрыпалітычную прагматыку. У прыгаданай прамове 1 ліпеня Лукашэнка ў пэўнай ступені апраўдваўся за вызваленьне палітвязьняў перад неназванымі «ястрабамі». І даводзіў ім, што такога кроку вымагаюць дзяржаўныя інтарэсы, а да таго ж небясьпека для сыстэмы ад гэтага вызваленьня мінімізаваная дэпартацыяй — «Дзе яны знаходзяцца? Ведаеце». За мяжой знаходзяцца. І сілавікі могуць не хвалявацца, што вызваленыя пачнуць ізноў «качаць краіну» знутры.
Але ўяўляецца, што ідэалягічная, наратыўная матывацыя тут больш важная. Агентаў высылаюць да іх гаспадароў, а не пакідаюць у краіне, дзе яны вялі сваю агентурную дзейнасьць — такая лёгіка наратыву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я са сваёй радзімы ня зьеду». Мікалай Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь пасьля вызваленьняГэта перагукаецца і з савецкім вопытам. Можна прыгадаць і знакаміты «філязофскі параход» 1922 году, і прымусовую высылку з СССР Аляксандра Салжаніцына. Пісьменьнік не хацеў выяжджаць са сваёй краіны. Аднак яго арыштавалі, абвінавацілі ў здрадзе радзіме, выдалі ўказ аб пазбаўленьні савецкага грамадзянства, 13 лютага 1974 году сілком пасадзілі ў самалёт, адвезьлі ў Заходнюю Нямеччыну і выштурхнулі з самалёту на трап аэрапорту Франкфурту-на-Майне.
Лукашэнка шмат што паўтарае з савецкіх практык. І прымусовыя дэпартацыі апанэнтаў — адна зь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Збор BySol на дапамогу выпушчаным палітзьняволеным значна перавысіў заяўленую суму