«Было некалькі спробаў яго ўгаварыць: і амэрыканскія дыпляматы, і жонка, і яшчэ нейкая жанчына. Мне далі пяць хвілін, гэта была апошняя спроба. Завялі туды, гэта адбывалася ў Беларусі, на памежным пераходзе. Ён адмовіўся. Ён лічыць, што Лукашэнка не вырашае ягонага лёсу. Ён будзе знаходзіцца там, дзе хоча, і пляваць ён хацеў „на вашага калгаснага лідэра“. Ён хоча знаходзіцца ў Беларусі», — перадаў словы Статкевіча яго паплечнік.
Пасьля таго як стала канчаткова зразумела, што Мікола Статкевіч ня зьменіць свайго рашэньня, яго павезлі ў невядомым накірунку. Паводле Вільскага, гэта рабілі людзі ў масках, якія ўвесь час знаходзіліся побач.
«Яны стаялі побач, за тры мэтры. Ніхто яму нічога не паведамляў, куды павязуць ці што. Скончыўся час, і мы пайшлі, яго павялі ў іншы бок. Усё», — сказаў Яўген Вільскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я са сваёй радзімы ня зьеду». Мікалай Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь пасьля вызваленьняХто такі Мікола Статкевіч
- Міколу Статкевічу 69 гадоў. Ён нарадзіўся на Случчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Менскае вышэйшае інжынэрнае зэнітна-ракетнае вучылішча, служыў у войску, абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
- У 1991 годзе выйшаў з КПСС і стаў адным з заснавальнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
- З 1995 года актыўна займаецца палітыкай, узначальваў БСДП (Народная Грамада), ладзіў акцыі пратэсту, за што неаднаразова арыштоўваўся і быў асуджаны.
- У 2010 годзе быў кандыдатам у прэзыдэнты. Пасля ўдзелу ў акцыі 19 сьнежня 2010 года асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, яго вызвалілі ў 2015 годзе.
- У траўні 2020 года быў затрыманы. 14 сьнежня 2021 года на закрытым судзе ў Гомлі асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі асаблівага рэжыму паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з ім асудзілі і іншых вядомых апанэнтаў улады. Пакараньне адбываў у калёніі ў Глыбокім, апошнія гады ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
- У 2020 годзе атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава.