Журналіст Свабоды Ігар Лосік вызвалены пасьля больш як пяці год за кратамі

Ігар Лосік, архіўнае фота

Цяпер Ігар Лосік знаходзіцца ў бясьпецы за межамі Беларусі. За кратамі ён правёў 1904 дні.

33-гадовы журналіст Свабоды — адзін з групы палітычных вязьняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, вызваленых 11 верасьня пасьля перамоваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і яго адміністрацыі з афіцыйным Менскам.

«Мы надзвычай удзячныя прэзыдэнту Трампу за тое, што ён дабіўся вызваленьня яшчэ аднаго сьмелага журналіста РСЭ/РС, несправядліва зьняволенага беларускімі ўладамі, — сказаў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус. — Мы таксама дзякуем дзяржсакратару Рубіё, намесьніку спэцыяльнага пасланьніка Джону Коўлу, літоўскаму ўраду і супольнасьці абаронцаў свабоды прэсы за іх няспынную падтрымку зьняволеных журналістаў РСЭ/РС. Ігар жахліва пакутаваў, таму што ён журналіст, які працаваў на РСЭ/РС. Гэты этап яго пакутлівага і абсалютна несправядлівага выпрабаваньня, які доўжыўся больш за пяць гадоў, нарэшце скончыўся».

Сёньняшняе вызваленьне адбылося пасьля таго, як адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа дамаглася вызваленьня з турмаў у Беларусі журналіста РСЭ/РС Андрэя Кузьнечыка ў лютым і былога журналіста РСЭ/РС Ігара Карнея ў чэрвені. Журналісты РСЭ/РC Фарыд Мэхралізадэ і Ніка Новак застаюцца несправядліва зьняволенымі адпаведна ў Азэрбайджане і Расеі.

У першым камэнтары Свабодзе Ігар Лосік распавёў, што ў палітвязьняў перад вызваленьнем прадстаўнікі беларускіх уладаў забралі пашпарты:

Яшчэ ўчора я быў у Наваполацку ў ШЫЗА. Яшчэ ўчора мне лілі хлёрку на падлогу. Там летам халодна вельмі. Спаў я на голай дошцы яшчэ ўчора. Не чакаў [вызваленьня].

Пасьля ранішняй праверкі прыйшлі, сказалі, зьбірай рэчы. Пасадзілі ў машыну, мех на галаву, наручнікі — і павезьлі ў «амэрыканку», у КДБ. І там нас было 13 чалавек — Мікола Статкевіч, Дашкевіч, Дзядок — шмат хто. Мы там правялі ноч.

І ўсе, хто там быў, — нас раніцай забралі і прывезьлі на мяжу.

І ўсе, хто быў у «амэрыканцы», у ва ўсіх скралі пашпарты.

То бок мы сюды прыехалі — ні ў каго няма пашпартоў. Забралі фатаздымкі, усе паперы, прыгаворы, сшыткі — забралі проста ўсё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных. Хто сярод іх?

Ігара Лосіка арыштавалі ў яго дома ў Баранавічах раніцай 25 чэрвеня 2020 году, за паўтара месяца да дня прэзыдэнцкіх выбараў. Суд у справе Ігара скончыўся ў сьнежні 2021 году. Журналіста судзілі разам з папулярным блогерам і патэнцыйным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеем Ціханоўскім, апазыцыйным палітыкам Міколам Статкевічам і іншымі вядомымі палітвязьнямі. Вынікам працэсу быў прысуд у выглядзе 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальваньні варожасьці».

Праваабарончыя арганізацыі прызналі крымінальную справу і прысуд Ігару Лосіку палітычна матываванымі, а яго самога — палітычным зьняволеным.

За больш чым пяць гадоў зьняволеньня Ігар двойчы абвяшчаў галадоўку і двойчы спрабаваў нанесьці сабе цялесныя пашкоджаньні, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду і прэсінгу ў калёніі. Большую частку зьняволеньня Лосік правёў у наваполацкай калёніі, адміністрацыя якой паўтара году не дазваляла палітвязьню камунікаваць з роднымі і атрымліваць перадачы. Паводле зьвестак ад былых зьняволеных, у калёніі Ігара часта каралі зьмяшчэньнем у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу).

Усе чатыры адвакаты Ігара Лосіка мусілі або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй. У кастрычніку 2022 году сілавікі арыштавалі жонку Ігара Дар’ю Лосік. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Дар’я ў інтэрвію тэлеканалу “Белсат” расказала пра справу мужа і ўмовы, у якіх яго ўтрымліваюць. Дар’ю абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі. У ліпені 2024 году яна выйшла на волю.

У красавіку 2025 году сілавікі затрымалі малодшага брата Ігара — 25-гадовага Мікіту Лосіка. Яго абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн» і асудзілі на тры гады абмежаваньня волі. У ліпені Мікіта Лосік змог зьехаць зь Беларусі на тэрыторыю краіны Эўразьвязу.

Дачцэ Ігара Лосіка Паўліне сёлета споўнілася 6 гадоў. На момант арышту Ігара ёй было крыху больш за год.

Вызваленьня Ігара Лосіка патрабавалі міжнародныя арганізацыі, урады і палітыкі дэмакратычных краін: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Рабочая група ААН, Эўрапарлямэнт, Хэльсынская камісія і Камісія правоў чалавека імя Тома Лантаса Кангрэсу ЗША і інш.

У траўні сусьветная кааліцыя мэдыяарганізацыяў One Free Press Coalition уключыла Ігара ў сусьветны топ-10 зьняволеных журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік — на выставе ў Празе, прысьвечанай савецкай акупацыі Чэхаславаччыны. ФОТА