Лукашэнка правёў яшчэ адну сустрэчу з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША і прапанаваў «вялікую зьдзелку» па «закладніках»

Джон Коўл, Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 11 верасьня 2025

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл, намесьнік Кіта Келага, быў на перамовах з Лукашэнкам 21 чэрвеня ў Менску, пасьля якіх вызвалілі 14 беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага.

Цяперашняя сустрэча прайшла ў Менску ў Палацы незалежнасьці, перадае БелТА.

Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць шэраг пытаньняў, «да якіх бакі падступаліся не аднойчы»:

«Па-першае, гэта ўвесь комплекс беларуска-амэрыканскіх адносін. Я прапаную таксама шчыра закрануць пытаньняў сытуацыі ў сьвеце ў кантэксьце інтарэсаў ЗША і Беларусі. Нікуды не адыдзем ад пытаньняў вайны і міру», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Як паведамляе БелТА, Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць пытаньне «закладнікаў», пра якіх згадваў нядаўна Дональд Трамп: «І калі Дональд настойвае на тым, што ён гатовы забраць да сябе гэтых усіх вызваленых, Бог з вамі, давайце паспрабуем выпрацаваць глябальную зьдзелку. Як любіць казаць спадар Трамп, вялікую зьдзелку».

Тэлеграм канал Пул Первого паведаміў, што Коўл перадаў Лукашэнку ліст ад Трампа.

У сваю чаргу, Лукашэнка падзякаваў Трампу «за намаганьні, якія ён робіць у напрамку ўсталяваньня міру ў розных пунктах плянэты».

БелТА паведаміла, што прадстаўнік Трампа заявіў Лукашэнку, што ЗША хочуць зноў адкрыць пасольства ў Менску.

Тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што ЗША зьнялі санкцыі з беларускай авіякампаніі «Белавія», пра гэта заявіў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных. Хто сярод іх?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлефанаваньне Трампа Лукашэнку: што гэта было? Аналіз Валера Карбалевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Трампа расказаў, як вёў перамовы з Лукашэнкам, вынікам якіх стала вызваленьне палітвязьняў