Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

09:57 22.4.2020

Лекар-рэаніматоляг: менскія рэанімацыі запоўненыя, афіцыйная статыстыка моцна заніжаная

«У нас трохі больш за 20 рэанімацыйных ложкаў. Пэрыядычна зьяўляюцца вольныя месцы. Пацыенты пастаянна паступаюць, мы як бы на мяжы магчымасьцяў, але два-тры ложкі на сёньня, калі я сыходзіў з працы, былі вольныя», — на ўмовах ананімнасьці лекар-рэаніматоляг аддзяленьня рэанімацыі расказаў, што адбываецца ў адным зь менскіх шпіталяў.

«„Кавідныя“ пацыенты пачалі да нас паступаць у канцы сакавіка, — кажа лекар. — Але як толькі дыягназ COVID-19 пацьвярджаўся, іх у нас забіралі ў шпіталі, якія ўжо былі перапрафіляваныя пад такіх пацыентаў. Але зь мінулага тыдня ўсе пазытыўныя застаюцца ў нас. Так што цяпер мы ўжо сталі запаўняцца, як лякарня з COVID-19.

Практычна ўсе аддзяленьні запоўненыя пнэўманіямі. Цяпер ідзе сартаваньне пацыентаў паміж аддзяленьнямі. У адны пераводзяцца каранавірусныя пнэўманіі, у іншыя — нявысьветленыя».

Чытаць далей >>

09:54 22.4.2020

Трамп: выдачу «грын-картаў» прыпыняць на 60 дзён

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп расказаў 21 красавіка аб рашэньні пра часовую забарону іміграцыі ў краіну: яе плянуюць увесьці на 60 дзён і найперш у дачыненьні ахвочых атрымаць «грын-карту». Указ можа быць падпісаны ўжо 22 красавіка.

Забарона ня будзе тычыцца турыстаў, студэнтаў і іншых уладальнікаў неіміграцыйных візаў. Указ будзе перагледжаны па заканчэньні 60-дзённага пэрыяду. У залежнасьці ад сытуацыі, забарона можа быць падоўжаная яшчэ на 60 дзён або на большы пэрыяд.

Паводле Трампа, рашэньне прадыктавана імкненьнем абараніць амэрыканскі рынак працы ад наплыву замежных рабочых. Крызіс, які выклікала пандэмія каранавірусу, прывёў да абвалу рынку працы.

08:13 22.4.2020

Лічбы на раніцу 22 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 2,55 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 819 тысяч у ЗША, 204 тысячы ў Гішпаніі, амаль 184 тысячу ў Італіі, 158 тысяч у Францыі, каля 148,5 тысячы ў Нямеччыне, 129 тысяч у Вялікай Брытаніі, звыш 95,5 тысяч у Турэччыне, каля 85 тысяч у Турэччыне, каля 84 тысяч у Кітаі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 177 674 чалавекі. Зь іх 45 343 у ЗША, 26 648 у Італіі, 21 282 у Гішпаніі, 20 796 у Францыі, 17 337 у Вялікай Брытаніі, 5998 у Бэльгіі, 5297 у Іране, 5086 у Нямеччыне, 4636 у Кітаі.
  • Выпісалі больш за 695 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,6 млн, зь іх больш за 57 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 21 красавіка, пацьверджаныя 6723 выпадкі​ COVID-19 (плюс 459 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 55 чалавек.​ Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
21:54 21.4.2020

Аўстрыя адной зь першых у Эўропе адкрые рэстараны

Канцлер Аўстрыі Сэбасьцян Курц абвясьціў у аўторак, 21 красавіка, што рэстараны і гатэлі ў краіне адкрыюцца з 15 траўня. Акрамя таго, пачынаючы з 15 траўня ў краіне паступова пачнуць адкрывацца школы.

Да гэтага, 1 траўня, у Аўстрыі адкрыюцца вялікія крамы, гандлёвыя цэнтры і цырульні.

Больш падрабязны плян выхаду з карантыну будзе прадстаўлены на наступным тыдні. Аднак, як папярэдзіў Курц, жыхары Аўстрыі павінны будуць па-ранейшаму выконваць дыстанцыю.

Аўстрыя пачала паступова здымаць абмежавальныя меры тыдзень таму, 14 красавіка. Тады ў краіне адкрыліся невялікія крамы плошчай да 400 квадратных мэтраў, крамы для садаводаў і крамы будаўнічых тавараў, а таксама сады і паркі.

20:32 21.4.2020

САЗ: каранавірус найхутчэй мае жывёльнае паходжаньне

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя выказвае меркаваньне, што каранавірус новага тыпу SARS-CoV-2 мае натуральнае, жывёльнае паходжаньне.

Як паведамляе DW, прадстаўнік САЗ Фадэла Чаіб заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Жэнэве, што ўся інфармацыя, якая вядомая на гэты момант, сьведчыць пра тое, што вірус ня быў створаны ў лябараторыі альбо нейкім падобным спосабам.

Фадэла Чаіб сказаў, што, найхутчэй носьбітам вірусу была жывёла, а менавіта кажан. Але пакуль нельга сказаць, якім чынам вірус пераадолеў відавы барьер і перайшоў да чалавека.

18:37 21.4.2020

У доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасьцямі на Магілёўшчыне выявілі каранавірус

У санітаркі Вясноўскага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця, што ў Глускім раёне на Магілёўшчыне, выявілі каранавірусную інфэкцыю. Кіраўніцтва кажа, што санітарна-эпідэміялягічная абстаноўка пад кантролем, інтэрнат працягвае працаваць.

Вядома, што ў інтэрнат выяжджаў з Магілёва інфэкцыяніст. Работніцу з каранавірусам шпіталізавалі. Дагэтуль яе на працы ня бачылі пяць дзён. Ці працавала яна ў інтэрнаце зь вірусам, суразмоўца пэўна казаць не бярэцца. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:35 21.4.2020

«Я ня ведаю, калі захварэў». Пагутарылі з хакеістам прэзыдэнцкай зборнай, у якога пацьвердзілі каранавірус

Хакеіст прэзыдэнцкай каманды Дзьмітры Мялешка хворы на пнэўманію і мае станоўчы тэст на COVID-19. На пытаньне, калі адчуў сябе дрэнна і калі яго паклалі ў лякарню, хакеіст адказваць ня стаў, спаслаўшыся на тое, што яму «і так цяжка». Ці гуляў ён разам з Аляксандрам Лукашэнкам?

«Была гульня, і ўсё, больш кантактаў у нас не было. У суботу я гуляў. Я ня ведаю, калі я захварэў», — сказаў хакеіст. У якой ён бальніцы, Мялешка не адказаў, сказаў толькі, што «самаадчуваньне нармальнае, стабільнае». Цалкам чытайце тут.

18:30 21.4.2020

Улады Докшыцаў закрылі школы, вучняў перавялі на дыстанцыйнае навучаньне

Ад 20 красавіка толькі вясковыя школы Докшыцкага раёну аднавілі працу. У школах Докшыцаў і Бягомлю перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне, вучні і настаўнікі выкарыстоўваюць электронныя журналы і дзёньнікі. Часова закрыць школы пастанавілі ў раённым штабе па барацьбе з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі. Калі вучням дазволяць пайсьці ў школу, невядома.

У вясковых школах Докшыцкага раёну цяпер школы наведвае каля 40% вучняў, паведамілі ў аддзеле адукацыі райвыканкаму. Бацькі і настаўнікі некаторых вясковых школ кажуць Свабодзе, што на заняткі ў першыя дні прыйшло ўсяго па некалькі чалавек. А ў некаторых клясах увогуле не было ніводнага вучня. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:26 21.4.2020

Прэс-сакратарка Лукашэнкі: «Прэзыдэнт ня будзе сыходзіць у ізаляцыю, аддаленку і іншае»

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла, што Аляксандар Лукашэнка ня будзе самаізалявацца ў сувязі з тым, што хакеіст прэзыдэнцкай хакейнай каманды заразіўся каранавірусам. Паводле Эйсмант, нядаўніх кантактаў з Лукашэнкам у хворага хакеіста не было.

«Прэзыдэнт ня быў і ня будзе сыходзіць у ізаляцыю, аддаленку і іншае», — дадала яна. На пытаньне, ці здаваў Лукашэнка тэст на каранавірус, яна адказала, што цяпер у гэтым няма неабходнасьці. Пра самаадчуваньне Лукашэнкі Эйсмант сказала: «Не дачакаецеся! Як пацьверджаньне (добрага самаадчуваньня Лукашэнкі. — РС) — глядзіце на працоўныя будні прэзыдэнта».

18:14 21.4.2020

A1 адкрыў дабрачынны рахунак для дапамогі мэдыкам

Мабільны апэратар А1 адкрыў кароткія дабрачынныя нумары для дапамогі мэдыкам. Пералічыць грошы можна з дапамогай USSD-запыту, SMS на кароткі нумар або з дапамогай мабільнай праграмы A1 banking. Пры адпраўцы USSD-запыту на нумар *222*19#, карыстальнік можа выбраць адну з трох сум — 2, 5 або 10 рублёў. Пры адпраўцы SMS на кароткі нумар 219 дабрачынны ўнёсак фіксаваны — 2 рублі. Максымальная сума ахвяраваньня праз A1 banking — 100 рублёў у месяц.

МТС дасьць мэдыкам безьліміт інтэрнэту, хвілін і планшэты для сувязі з калегамі

МТС плянуе даць безьлімітны інтэрнэт на хуткасьці да 1 Мбіт /сэкунду і 3000 хвілін ва ўсе сеткі краіны для мэдыкаў на карпаратыўных тарыфных плянах. Спэцыяльная прапанова будзе дзейнічаць з 4 траўня па 31 жніўня.

Таксама плянуюць перадаць мэдыкам 100 пляншэтаў для тэрміновай сувязі з калегамі і абмену інфармацыяй у рамках барацьбы з COVID-19.

17:42 21.4.2020

У Літве падчас карантыну 30 тысяч чалавек страцілі працу

Пра гэта перадае партал Delfi са спасылкай на выступ міністра сацыяльнай абароны і працы Лінаса Кукурайціса у Сэйме Літвы.

«З 16 сакавіка, калі быў аб’яўлены карантын, узровень беспрацоўя вырас з 9,3% да 11,1% — гэта значыць зарэгістравалася каля 30 тысячаў чалавек дадаткова», — сказаў міністар, маючы на ўвазе рэгістрацыю ў якасьці беспрацоўных.

Цяпер у Літве 265 тысяч чалавек праз Службу занятасьці шукаюць працу, і колькасьць зваротаў самазанятых асобаў у Службу павялічваецца, сказаў міністар.

17:19 21.4.2020

Паўтысячы працаўнікоў Прэзыдэнцкага палацу ў Індыі самаізаляваліся

Рам Нат Ковінд прымае ў палацы Аляксандра Лукашэнку, 2017 год
Рам Нат Ковінд прымае ў палацы Аляксандра Лукашэнку, 2017 год

Прыблізна 500 чалавек, якія працуюць у Прэзыдэнцкім палацы Індыі, самаізаляваліся пасьля інфармацыі, што адзін з супрацоўнікаў заразіўся каранавірусам SARS-CoV-2, паведамляе Reuters.

На сёньняшні дзень у Індыі зарэгістравана 18984 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі і 603 выпадкі сьмерці ад COVID-19.

Трывога ў прэзыдэнцкім палацы адбылася пасьля таго, як у нявесткі аднаго з супрацоўнікаў, які жыў у комплексе, пацьвердзіўся каранавірус.

Ані прэзыдэнт Рам Нат Ковінд, ані яго дарадцы не былі зьмешчаныя ў карантын, паколькі ня мелі кантакту з работнікам. Аднак сем’і супрацоўнікаў палаца маюць загад не пакідаць свае дамы.

У Індыі прэзыдэнт краіны выконвае сымбалічную ролю - поўная выканаўчая ўлада знаходзіцца ў руках прэм'ер-міністра.

17:17 21.4.2020

Як у Каліфорніі пратэставалі супраць карантыну. ВІДЭА

Сотні дэманстрантаў сабраліся каля Капітолія Каліфорніі, патрабуючы, каб губэрнатар Гэйвін Ньюсам аслабіў жорсткія абмежаваньні на выхад з дому, нягледзячы на заклікі самога губэрнатара да стрыманасьці.

Сама меней 100 аўтамабіляў кружылі вакол Капітолія ў Сакрамэнта, бесьперапынна сыгналячы, у той час як ня менш за 200 дэманстрантаў мітынгавалі з плякатамі, выступаючы супраць шматтыднёвага карантыну, які паралізаваў эканоміку.

16:31 21.4.2020

«Атлянт»: «Было 7 хворых на каранавірус. Сытуацыя трывожная, але мы трымаемся»

На менскім заводзе лядоўняў «Атлянт» паведамілі, што сярод працаўнікоў прадпрыемства зьявіліся новыя хворыя на каранавірус. «Сытуацыя трывожная, бо трэба прызнаць, што такія, хто захварэў, ёсьць, але мы трымаемся», — сказаў намесьнік гендырэктара «Атлянта» Аляксандар Машко.

Telegram-канал «Баста» напісаў, што захварэлі і цяпер на бальнічным 59 працаўнікоў заводу. Намесьнік гендырэктара «Атлянта» назваў Свабодзе іншыя лічбы.

«Усяго ў нас было 7 такіх, хто захварэў на каранавірус. Пра 4 стала вядома яшчэ два тыдні таму, і яшчэ 3 зьявіліся цягам двух апошніх тыдняў, у тым ліку працаўнік з галоўнага канвэера, пра якога ўчора стала вядома, што ў яго тэст станоўчы. Але зь першых чатырох ва ўсіх стан ужо добры. Была невялікая тэмпэратура, але цяпер папраўляюцца. І плюс на самаізаляцыі цяпер 29 кантактаў першага ўзроўню», — сказаў Аляксандар Машко. Цалкам чытайце па спасылцы>>

15:06 21.4.2020

Чэмпіянат Беларусі па валейболе ўпершыню завяршылі безь пераможцаў

Беларуская фэдэрацыя валейболу 20 красавіка вырашыла датэрмінова спыніць чэмпіянат Беларусі сярод мужчынскіх і жаночых камандаў.

Спаборніцтвы спыніліся без вызначэньня пераможцаў і прызёраў у сэзоне 2019-2020. Пытаньне, якія каманды будуць прадстаўляць Беларусь у Эўракубках будзе фэдэрацыя валейболу будзе прымаць пазьней сумесна з Эўрапейскай канфэдэрацыяй валейболу.

14:17 21.4.2020

«Чаму я мушу купляць сродкі засьцярогі за свае грошы?» Як ляўрэаты прэміі «Людзі Свабоды» перажываюць пандэмію

Штогод з 2017-га Свабода вызначае найбольш актыўных у грамадзкім жыцьці людзей, да думкі якіх нам цікава прыслухацца і сёньня, у складаныя часы пандэміі каранавірусу.

Мы зьвярнуліся да ляўрэатаў прэміі «Людзі Свабоды» Ларысы Жыгар, Святланы Коржыч, Алы Берналь і Аляксандры Чычыкавай. Чытайце інтэрвію па спасылцы>>

14:15 21.4.2020

15 беларусаў, якія паправіліся ад каранавірусу, сталі донарамі плязмы крыві для хворых

Першыя 15 чалавек, якія перахварэлі на COVID-19, ужо сталі донарамі плязмы. Яна дапаможа лячыць тых хворых з каранавірусам, якія цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Такую мэтодыку дапамогі пацыентам цяпер укараняюць спэцыялісты беларускага РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій.

У Менску забор імуннай плязмы будуць праводзіць і ў цэнтры трансфузіялёгіі на базе 6-й гарадзкой клінічнай лякарні. Таксама ў найбліжэйшыя дні працэдуру плянуюць пачаць праводзіць і ўсе абласныя цэнтры трансфузіялёгіі. Сёньня забор плазмы ўжо праводзяць на абласной станцыі пераліваньня крыві ў Віцебску.

14:12 21.4.2020

Каты хварэюць цяжэй. Ці небясьпечны каранавірус для хатніх гадаванцаў?

«Многія сысуны могуць хварэць на каранавірусныя інфэкцыі, — кажа доктарка-вэтэрынар Вольга Шымко. — Буйная рагатая жывёла, сабакі, каты. Але гэтыя інфэкцыі відаспэцыфічныя, то бок у катоў каціны вірус, у сабак сабачы. Ад аднаго віду да другога вірус не перадаецца».

Паводле доктаркі, жывёла можа быць пераносчыкам новага каранавірусу, але толькі мэханічна. «Вірусныя часьцінкі могуць трапляць на паверхню цела жывёлы, яна пры гэтым не хварэе і не выдзяляе вірус у навакольнае асяродзьдзе».

Вольга Шымко паўтарае, што каты цяжэй пераносяць каранавірус, чым іншыя віды жывёлаў. Цалкам чытайце тут.

14:11 21.4.2020

Кампаніі Парку высокіх тэхналёгіяў пералічылі Міністэрству здароўя 2 млн рублёў

Паўсотні кампаніяў-рэзыдэнтаў беларускага Парку высокіх тэхналёгіяў пералічылі грошы на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, расказвае Dev.by. Сума гэтых пераводаў большая за 2 млн рублёў. Найбольшыя сумы пералічылі Currency, Easybrain і Melsoft (звыш 250 тысячаў рублёў кожная), Fli і Vizor (па 100 тысяч), IBA IT Park (75 тысяч).

Акрамя таго, шматлікія кампаніі робяць буйныя грашовыя пераводы асобным лякарням. Напрыклад:

  • Service Desk («дачка» БПС-Сбербанку) — каля 290 тысяч рублёў 6-й менскай лякарні;
  • Melsoft — 100 тысяч рублёў Таварыству лябараторнай мэдыцыны і абсталяваньне на 80 тысяч Рэспубліканскаму цэнтру арганізацыі мэдычнага рэагаваньня;
  • Vizor — 110 тысяч рублёў Таварыству лябараторнай мэдыцыны і 50 тысяч Беларускаму таварыству Чырвонага крыжа;
  • Belka Games — 130 тысяч рублёў Менскай гарадзкой інфэкцыйнай лякарні;
  • Itransition з UNICEF — па 100 тысяч даляраў на праект барацьбы з каранавірусам і падтрымкі дзяцей, падлеткаў і іх сем’яў...

Некаторыя кампаніі дапамагаюць не грашыма, а канкрэтнымі прадметамі, неабходнымі мэдыкам, і віртуальнымі паслугамі:

  • EPAM і Wargaming перадалі мэдыкам 700 тысячаў рэсьпіратараў. EPAM пры тым перадала мэдыкам яшчэ 100 тысяч масам і 10 тысяч камбінэзонаў, падтрымала інфармацыйную пляцоўку Covidby.info — зрабіла сайт і чат-бот для пошуку інфармацыі пра каранавірус;
  • «АртБіяТэх» распрацавала набор ПЦР-тэстаў на COVID-19, атрымала дазвол на 5 тысяч дасьледаваньняў ад Мінздароўя;
  • Rakuten Viber разам з Сусьветнай арганізацыя здароўя выпусьцілі чат-бот для барацьбы з дэзынфармацыяй пра каранавірус;
  • Flo зрабілі чат-бот, які дапамагае адсочваць сымптомы, падобныя да каранавірусу;
  • Currency запусьціла для карыстальнікаў сваёй крыптабіржы магчымасьць пералічыць Мінздароўя грошы празь перавод крыптавалюты.
14:09 21.4.2020

Баварыя скасавала праз каранавірус сьвята піва Oktoberfest

Улады нямецкай зямлі Баварыя заявілі, што ў сувязі з пандэміяй каранавірусу адмяняюць сёлетні міжнародны фальклёрны фэстываль Oktoberfest у Мюнхэне, які мусіў прайсьці з 19 верасьня па 4 кастрычніка.

Фэстываль зьбірае штогод каля шасьці мільёнаў удзельнікаў на двухтыднёвыя народныя гуляньні і выпіваньні, якія прыносяць даход для гораду большы за 1 мільярд эўраў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG