Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:12 17.4.2020

«Хто ня хоча, хай пішуць заявы». Беларускія школьнікі пачнуць вучыцца з 20 красавіка

Беларускія школьнікі пачнуць займацца 20 красавіка, піша БелТА са спасылкай на міністра адукацыі Ігара Карпенку. Прэс-сакратарка Мінадукацыі Людміла Высоцкая патлумачыла Свабодзе, што рашэньне тычыцца «ўсіх школаў без выключэньня». «А калі хто ня хоча вадзіць дзяцей у школу, гэта іх права, хай пішуць заявы», — дадала яна.

Канец навучальнага году Мінадукацыі не плянуе пераносіць.

14:53 17.4.2020

Аштрафавалі двух парушальнікаў «самаізаляцыі»

Як расказаў на брыфінгу 17 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, «кантактаў першага ўзроўню» з пачатку эпідэміі выявілі каля 30,5 тысячы, наведалі дома 23,7 тысячы зь іх.

Выявілі 701 парушэньне рэжыму самаізаляцыі, у дачыненьні 7 асобаў распачалі адміністрацыйныя працэсы, аштрафавалі двух чалавек на 2 базавыя велічыні (54 рублі) кожнага.

Максымальная сума штрафу за парушэньне самаізаляцыі — 30 базавых велічыняў (810 рублёў). За парушэньні патрабаваньняў санітарных нормаў, якія прывялі да захворваньня або сьмерці іншых людзей, прадугледжана крымінальная адказнасьць.

Межы Беларусі штодзень перасякаюць 3000–5000 дальнабойнікаў, ёсьць транзытныя калідоры. Больш за 100 дальнабойнікаў адміністрацыйна пакаралі за розныя парушэньні.

14:52 17.4.2020

90 супрацоўнікаў «хуткай» у Менску заразіліся каранавірусам, па краіне ня менш за 419 інфікаваных мэдыкаў

Як паведаміў на брыфінгу 17 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, на ўчорашні дзень, 16 красавіка, у Беларусі было пацьверджана агулам 419 выпадкаў заражэньня каранавірусам мэдыкаў. Цяпер праводзіцца аналіз апошніх зьвестак, лічбы заражаных на сёньня невядомая, растлумачыў міністар.

Агулам па краіне на 16 красавіка 419 мэдыкаў заразіліся новым каранавірусам.

На «хуткай дапамозе» ў Менску 90 выпадкаў, зь іх выязны склад — 26, астатнія — апарат кіраваньня і гаспадарчы пэрсанал. Цяжкіх выпадкаў няма.​

У Асіповічах пацьвердзілі 12 выпадкаў заражэньня каранавірусам сярод мэдыцынскіх работнікаў (вірус завёз адзін з мэдыкаў, які езьдзіў за межы гораду). Усе ня ў цяжкім стане. Усяго ў Асіповічах 32 выпадкі заражэньня COVID-19.

У Менску сьмяротных выпадкаў сярод мэдыкаў ня выявілі, у Віцебску «праводзіцца расьсьледаваньне» і «канчатковага дыягназу няма».

«Выпадак з „хуткай дапамогай“ — гэтая сытуацыя не зьвязаная з каранавіруснай інфэкцыяй», — дадаў Каранік, не ўдакладніўшы, які выпадак мае на ўвазе.

Міністар адзначыў, што заражэньні апарату кіраваньня могуць быць зьвязаныя з тым, што «мы аддаём перавагу многія пытаньні зьбірацца абмяркоўваць».

14:43 17.4.2020

Лукашэнка: «За мяжой ня ведаюць, як мы наогул жывём тут і як змагаемся»

Аляксандар Лукашэнка 17 красавіка заўважыў, што «часам, у тым ліку за мяжой» выказваюцца нараканьні, што ў Беларусі не змагаюцца з каранавірусам «так, як усе».

«У той жа час ня ведаючы пра тое, як мы ўвогуле жывём тут і як змагаемся, асабліва нашыя родныя браты на ўсходзе ўжо так заклапочаныя, — казаў Лукашэнка. — Таму ні ў якім разе расслабляцца ня трэба. Ня тое што сяброў, а нават тых, хто спачувае, у нас у сьвеце вельмі мала.

Ня тым шляхам пайшлі, ці бачыце. Каб ісьці шляхам Беларусі, трэба мець сыстэму. А сыстэму, нават у постсавецкіх рэспубліках, акрамя нас, разбурылі спрэс. Інфэкцыйныя лякарні зьнішчылі, спэцыялісты разьехаліся, мікрабіёлягаў, вірусолягаў, эпідэміёлягаў ніхто не рыхтаваў. Зараз пажынаюць плады. І ў нас камяні кідаюць».​

Паводле Лукашэнкі, беларускі шлях барацьбы з каранавірусам — «гэта вельмі цяжкая і затратная праца», «не ізалюючы людзей, не выпісваючы пропускі, як Маскву спынілі наогул цалкам — мы гэтым шляхам не пайшлі».

«Што дзіўна, як я пажартаваў, што трактар вылекуе, — дзякуй Богу, у вёсцы ў нас усё жывыя-здаровыя», — дадаў Лукашэнка.

Колькасьць хворых асобна ў гарадзкой і сельскай мясцовасьці ў Беларусі не паведамлялася.

«Глядзіце эканоміку, каб у нас не павалілася вытворчасьць, — параіў Лукашэнка. — Пнэўманія сыдзе, а хлебушак-та патрэбны. Я нават не турбуюся за вёску. Мы спрацуем. А прамысловасьць... Бо вакол усё спынілася».

13:48 17.4.2020

ЗША выдзеляць больш за $500 мільёнаў іншым краінам на барацьбу з COVID-19

Злучаныя Штаты па-ранейшаму ачольваюць намаганьні міжнароднай супольнасьці ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу, а таксама ў аказаньні гуманітарнай дапамогі пацярпелым краінам, нягледзячы на тое, што ім самім даводзіцца змагацца з эпідэміяй на сваёй тэрыторыі.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Зьнешнепалітычнае ведамства ЗША падкрэсьлівае, што Вашынгтон выдзеліў каля 508 мільёнаў даляраў на дапамогу дзясяткам краін па ўсім сьвеце. «Гэтыя сродкі павінны падтрымаць найважнейшую дзейнасьць у стрымліваньні распаўсюду захворваньня, такую як кампаніі своечасовага інфармаваньня насельніцтва, водазабесьпячэньне, прафіляктыка і кантроль над інфэкцыйнымі захворваньнямі ў мэдычных установах», — адзначаюць у Дзярждэпартамэнце.

13:18 17.4.2020

Як дэмакратыя атрымала перамогу на першых у сьвеце «каранавірусных выбарах»

У Паўднёвай Карэі 15 красавіка прайшлі парлямэнцкія выбары. Гэта былі першыя ў сьвеце агульныя выбары падчас пандэміі каранавірусу.

У іх узялі ўдзел больш за 29 мільёнаў чалавек (66% ад усіх выбарцаў), што стала самай высокай выбарчай яўкай у краіне за апошнія тры дзесяцігодзьдзі.

У 300-мандатны Нацыянальны сход карэйцы выбралі 253 дэпутатаў у мажарытарных акругах і 47 дэпутатаў з партыйных сьпісаў. Перамогу на выбарах атрымала кіроўная лібэральная Дэмакратычная партыя, якая ў кааліцыі з кансэрватыўнай Аб’яднанай партыяй будучыні кантралюе 180 мандатаў.

Чытаць падрабязна >>

13:10 17.4.2020

Экс-трэнэр зборнай Беларусі пра футбол падчас каранавірусу: «Рызыкоўнае відовішча»

Вядомы ў мінулым футбаліст і трэнэр Анатоль Байдачны ў інтэрвію Свабодзе нагадвае спартовым чыноўнікам і ўладам Беларусі, што футбол — усяго толькі гульня, і ня варта рызыкаваць здароўем і жыцьцём людзей, арганізоўваючы матчы падчас разгулу каранавірусу. Чытайце інтэрвію па спасылцы >>

13:09 17.4.2020

Дзе ў Беларусі лечаць COVID-19. Мапа лякарняў

Чытайце па спасылцы>>

13:08 17.4.2020

Мінабароны расказала пра стан здароўя вайскоўца з каранавірусам і ізаляцыю яго таварышаў па службе

Стан інфікаванага з 72-га вучэбнага цэнтру ў вайсковым гарадку Печах пад Барысавам «стабільны з тэндэнцыяй да паляпшэньня». Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Міністэрстве абароны. 15 красавіка маладога чалавека шпіталізавалі ў Галоўны вайсковы клінічны мэдцэнтар Узброеных сіл з дыягназам «пнэўманія».

«Яму адразу ж зрабілі тэст на наяўнасьць каранавіруснай інфэкцыі, учора мы атрымалі станоўчы вынік», — сказала прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік.

16 красавіка ізалявалі ўсіх, хто служыў з хворым — каля 100 чалавек. Цяпер яны знаходзяцца на палігоне ў намётавым мястэчку. Паводле Натальлі Гаўрусік, у ізаляцыі вайскоўцы прабудуць як мінімум 14 дзён, нават калі ўсе будуць «бадзёрыя і здаровыя».

13:06 17.4.2020

72 выпадкі каранавірусу пацьвердзілі ў Докшыцах. Стала вядомая статыстыка зь Віцебшчыны

Інфармацыю пра колькасьць хворых на COVID-19 у Віцебскай вобласьці агучылі ў абласным штабе супрацьдзеяньня пашырэньню каранавірусу. У Докшыцкім раёне афіцыйна пацьвердзілі наяўнасьць 72 пацыентаў з COVID-19.

У іншых раёнах наступная колькасьць хворых COVID-19:

13:05 17.4.2020

Палітыка Лукашэнкі да каранавірусу гуманная і асэнсаваная, — прафэсар Ёфэ

Прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту, аўтар кнігі пра Аляксандра Лукашэнку Рыгор Ёфэ тлумачыць, чаму ён падтрымлівае стаўленьне беларускага кіраўніка да каранавірусу, крытыкуе Радыё Свабода і адказвае на пытаньне, ці лічыць ён магчымым «палацавы пераварот» у Беларусі.

Сьцісла:

  • Я даўно «запляміў» сябе апалягетыкай беларускага лідэра, і не адмаўляю, што паважаў і паважаю Аляксандра Лукашэнку.
  • У беларускіх умовах карантын і поўнае абмежаваньне на рух людзей можа прынесьці больш нэгатыўных наступстваў, чым сам па сабе каранавірус.
  • У шэрагу краінаў палітыкі пайшлі на повадзе ў панічных настрояў насельніцтва.
  • З Аляксандрам Рыгоравічам хапае людзей, якія ня могуць адрозьніць форму ад зьместу

Інтэрвію цалкам чытайце па спасылцы>>

13:04 17.4.2020

Чыгунка пачала разьмяшчаць пасажыраў з улікам сацыяльнай дыстанцыі

Новая схема дзейнічае з 15 па 29 красавіка. Яе ўвялі «ў сувязі зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй». Пры гэтым цэны на квіткі не мяняюцца.

Цяпер у купэйных вагонах будуць разьмяшчацца ня больш за два пасажыры на купэ, у пляцкартных — ня больш за тры ў адным адсеку. Для пасажыраў, якія аформілі праязныя дакумэнты ў адной замове, дазваляецца продаж і 3-х, і 4-х месцаў у купэ пры ўмове, што дагэтуль у ім не было прададзена ніводнага месца.

Пры афармленьні білетаў у вагоны зь месцамі для сядзеньня схема рассаджваньня пасажыраў залежыць ад іх канфігурацыі: 2+2 ці 3+2. У двухмесным шэрагу пасажыр займае месца ля акна, у трохмесным — адзін пасажыр каля акна, а другі — празь месца ля праходу (сярэдні шэраг застаецца вольным).

13:02 17.4.2020

Вялікая Брытанія падоўжыла карантын яшчэ на тры тыдні

У Вялікай Брытаніі агульнанацыянальны карантын, уведзены раней з прычыны пандэміі каранавірусу, вырашылі падоўжыць яшчэ на тры тыдні. Міністар аховы здароўя Мэт Гэнкак ня выключыў, што, калі абмежаваньні зьняць занадта рана, то гэта можа прывесьці да рэзкага пагаршэньня сытуацыі. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства краіны Дамінік Рааб заявіў, што паслабленьне захадаў нанясе шкоду як здароўю грамадзян, так і нацыянальнай эканоміцы.

12:08 17.4.2020

Кітай даставіў у Беларусь у якасьці дапамогі 100 тысяч тэстаў на COVID-19

17 красавіка ў Беларусь прыбыў другі рэйс з гуманітарным грузам мэдычных тавараў для барацьбы з эпідэміяй COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Першы самалёт прызямліўся на аэрадроме ў Мачулішчах 1 красавіка. Агульная сума дапамогі Беларусі ад кітайскіх кампаній перавысіла 1,6 мільёна даляраў.

«Прыбыў гуманітарны груз з Пэкіну. Самалёт даставіў звыш 30 тон грузу: экспрэс-тэсты, лекі, рэсьпіратары, маскі, акуляры, спэцкасьцюмы і іншыя сродкі індывідуальнай засьцярогі», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Удакладняецца, што беларускія мэдустановы неўзабаве атрымаюць 100 тысяч кітайскіх тэстаў на COVID-19.

12:06 17.4.2020

Лукашэнка: з наступнага тыдня трэба пачынаць вучыцца ў школах

Аляксандар Лукашэнка 17 красавіка наведвае Лідзкі раён. Падчас паездкі ён расказаў кіраўніку Горадзенскага аблвыканкаму, што ў сытуацыі з каранавірусам «замігцеў праменьчык надзеі».

Лукашэнка таксама заявіў пра навучаньне ў школах, дзе працягваюцца вакацыі:

«Трэба акуратна глядзець за людзьмі і з нагоды адукацыі, школаў і іншага, трэба пачынаць вучыцца, —казаў ён. — Але павольна, спакойна. У вёсцы няма праблемаў, ну і трэба ж разумець, што мы дзетак кормім, і ўсе на пасяўной, куды падзець дзяцей? І праблем там няма. ВРВІ ўжо скончыліся».

Паводле Лукашэнкі, дзе могуць займацца ў школах, «хай займаюцца».

«Калі ў горадзе недзе, то тыдзень павінен пайсьці на павольнае ўцягваньне дзяцей да канца тыдня пасьля Вялікадня ў адукацыйны працэс. Трэба паступова пачынаць вучыцца. Трэба раскручваць гэты працэс».

У беларускіх установах адукацыі не абвяшчалі карантыну ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Але двойчы працягвалі школьныя вакацыі: тыя пачаліся 30 сакавіка і плянаваліся да 4 красавіка, але былі працягнутыя спачатку да 11-га, затым да 18-га ўключна. Цяпер школьнікі маюць выйсьці на заняткі ў панядзелак, 20 красавіка.

12:03 17.4.2020

У Грузіі закрылі могілкі і забаранілі карыстацца легкавымі аўтамабілямі

17 красавіка а 12:00 у Грузіі праз распаўсюд каранавірусу цалкам забароняць рух легкавога транспарту. Пра гэта абвясьціў прэс-сакратар прэм’ер-міністра краіны Іраклій Чыкавані.

Забарона працягнецца да канца рэжыму надзвычайнага становішча, 21 красавіка, і не закране грузавых перавозак, у тым ліку машын дыстрыбуцыі. У звычайным рэжыме працягнуць працаваць аптэкі, прадуктовыя крамы і службы дастаўкі.

«Акрамя таго, абавязковым становіцца нашэньне мэдыцынскіх масак у закрытых грамадзкіх месцах», — абвясьціў Чыкавані.

Ва ўрадзе афіцыйна паведамілі і аб часовым закрыцьці могілак.

У Грузіі з прычыны пандэміі каранавірусу абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча да 21 красавіка, улады плянуюць яго працягнуць да 10 траўня.

12:00 17.4.2020

Лукашэнка пра каранавірус: «Сёньня маленькі праменьчык надзеі замігцеў​»

«Самае галоўнае — мы пакуль спраўляемся, — заявіў Лукашэнка пра каранавірус. — Сёньня маленькі праменьчык надзеі замігцеў. Асабліва ў Менску. У нас ужо больш вызвалілася ложкаў, чым мы шпіталізавалі людзей. Самае галоўнае — не дапусьцілі ўсплёску».

Паводле Лукашэнкі, Горадзенская вобласьць «па заразе лепш за іншыя вобласьці выглядае», але «расслабляцца ні ў якім разе нельга», бо «гэты COVID-19 ператварыўся ў палітыку».

Міністэрства аховы здароўя ад пачатку не паведамляла сытуацыю з распаўсюдам COVID-19 па раёнах Беларусі, ад 14 красавіка перастала паведамляць і распаўсюд па абласьцях і колькасьць шпіталізаваных пацыентаў (хворых у лёгкай форме выпраўляюць дамоў).

Цяпер вядома толькі, што ў Беларусі зафіксавалі на 16 красавіка 4204 выпадкі каранавірусу, прызналі 40 сьмерцяў ад яго. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

Лукашэнка заяўляў пра «пік эпідэміі» ў краіне 31 сакавіка, калі ў краіне пацьвердзілі 152 выпадкі COVID-19 і адну сьмерць (пасьля высьветлілася, інфікаваныя паміралі і раней). Пасьля той заявы колькасьць інфікаваных у Беларусі вырасла ў 27 разоў.

11:58 17.4.2020

Навукоўцы змаглі забіць вірус SARS-CoV-2 у клетках толькі пры 92°. Тут лазьня не ўратуе

Францускія навукоўцы з Унівэрсытэту Правансу ў Марсэлі апублікавалі папярэднія вынікі дасьледаваньня ўплыву нагрэву на новы каранавірус, які выклікае хваробу COVID-19. Дасьледаваньне яшчэ не прайшло рэцэнзаваньне, таму зьвесткі нельга лічыць на 100% надзейнымі.

Навукоўцы пішуць, што ўзялі аналізы зь вірусам SARS-CoV-2 ад хворых пацыентаў зь нямецкай лябараторыі, трымалі яго ў стэрыльных прабірках і ў клетках пячонкі малпы, спрабавалі забіць вірус рознымі спосабамі нагрэву. Пры 15-хвілінным нагрэве да 92°C атрымалася істотна скараціць колькасьць жывых адзінак вірусу — на 99,9999%.

У дасьледаваньні спрабавалі таксама награваць вірус да 56°C цягам 30 хвілінаў і да 60°C цягам гадзіны. Але высьветлілася, што нават пасьля гэтага некаторыя штамы былі здольныя размнажацца, калі знаходзіліся ня ў чыстым асяродзьдзі, а ў нестэрыльных прабірках з жывёльнымі клеткамі.

Хоць гэтае дасьледаваньне не прайшло рэцэнзаваньня іншымі навукоўцамі, а іншых надзейных пра тэмпэратуры і новы каранавірус не праводзілася, Сусьветная арганізацыя здароўя па-ранейшаму папярэджвае: ні знаходжаньне ў цяпле, ні на марозе, ні ў гарачай ваньне не забівае вірус у чалавечым целе.

«Вашая звычайная тэмпэратура цела застаецца каля 36,5–37°С, незалежна ад тэмпэратуры ванны ці душу», — падкрэсьлівае WHO. А пры такой тэмпэратуры цела вірус SARS-CoV-2 выжывае, размнажаецца і перадаецца іншым.

11:56 17.4.2020

У кітайскім Ухані пералічылі памерлых ад каранавірусу, атрымалася на 50% больш

Цэнтар кантролю і прадухіленьня каранавірусу ў кітайскім горадзе Ўхань выдаў 17 красавіка «паведамленьне аб выпраўленьні» колькасьці выпадкаў COVID-19 і сьмерцяў, выкліканых вірусам.

У паведамленьні прызнаецца яшчэ 325 выпадкаў каранавірусу і 1290 дадатковых сьмерцяў. Такім чынам, колькасьць ахвяраў ва Ўхані вырасла на 50%, з 2579 да 3869 чалавек.

Як тлумачыць цэнтар, выпраўленьне зрабілі пасьля поўнага збору зьвестак у клініках, лякарнях, прытулках, ізаляцыйных пунктах, турмах, дамах састарэлых, а таксама іншых установах і супольнасьцях, пацярпелых ад эпідэміі.

Прычыны памылкі Цэнтар тлумачыць тым, што на раньняй стадыі эпідэміі рэзкі рост колькасьці хворых выклікаў брак мэдычных рэсурсаў і «неадэкватнасьць» лячэньня — некаторыя пацыенты ня трапілі ў лякарні і памерлі дома. Прызнаюцца выпадкі запозьненага рэагаваньня, прапушчаныя выклікі і ложныя пацьверджаньні, перадача няпоўных зьвестак рознымі ведамствамі.

11:56 17.4.2020

Мы гуляемся ў дактароў, якія шукаюць лекі ад вірусу». Натхняльныя парады пра самаізаляцыю зь дзіцем ад мастачкі Волі Кузьміч

Мастачка Воля Кузьміч стварае сьвет мабільных гульняў. Яна працуе ў ІТ-кампаніі, а яшчэ вельмі любіць ілюстраваць кнігі і рабіць арт-праекты.

Адмыслова пад карантынныя часы Воля стварыла сэрыю дзіцячых кніг-размалёвак «Як прыручыць». Кожны ахвотны можа спампаваць тры кнігі ў фармаце А4, раздрукаваць і пачаць размалёўваць.

«Ужо чацьвёрты тыдзень, як з прычыны распаўсюду вірусу мы перайшлі на аддаленую працу. З намі дома застаўся Леў, і пошук новых заняткаў для яго — сапраўдны выклік», — расказвае Воля.

Як яна спраўляецца >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG