Каранавірус не перашкода. Рэспубліканскі суботнік пройдзе 25 красавіка
Рэспубліканскі суботнік пройдзе 25 красавіка. Такое рашэньне прынята пастановай Савета Міністраў ад 16 красавіка 2020 году № 233. Адзначаецца, што суботнік «на добраахвотнай аснове» могуць правесьці на працоўных месцах або добраўпарадкаваць гісторыка-культурныя каштоўнасьці, тэрыторыі населеных пунктаў, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лягеры да летняга сэзону.
Паказваем у 3D: што адбываецца, калі вы кашлянеце ў памяшканьні
У Беларусі запусьцілі анлайн-сэрвіс маніторынгу сымптомаў і верагоднасьці заражэньня COVID-19
У Беларусі зьявіўся анлайн-сэрвіс для штодзённага маніторынгу сымптомаў і вызначэньня верагоднасьці заражэньня каранавірусам COVID-19. Сыстэму распрацавала кампанія Grin IT, рэзыдэнт беларускага Парку высокіх тэхналёгій.
Сэрвіс SENS MD бясплатны, на ім можна прайсьці апытаньне-дыягностыку, адказаўшы на пытаньні пра хранічныя захворваньні і наяўнасьць розных сымптомаў, па выніках якога вам паведамляюць, у якой групе рызыкі вы знаходзіцеся, і даюць парады, што рабіць далей. Таксама сайт дазваляе карыстальніку ў далейшым штодня фіксаваць свае сымптомы, адсочваць іх дынаміку і атрымліваць рэкамэндацыі. Падрабязьней тут.
Як пандэмія COVID-19 адаб’ецца на глябальных пастаўках прадуктаў харчаваньня? Вось што мы ведаем
Каранавірус ужо пусьціў сусьветную эканоміку пад адхон, і дзясяткі мільёнаў людзей не працуюць, а заводы ад Уханю па Баварыю і Мічыган прыпыняюць працу. Што гэта значыць для ежы, якую мы ямо?
Што адбываецца, калі людзі, якія зьбіраюць садавіну і гародніну, хварэюць альбо ідуць на карантын? Што адбываецца, калі людзі, якія пакуюць бульбу і цыбулю ў скрынкі і грузяць іх у грузавікі, ня могуць працаваць? Што адбываецца, калі пшаніцу нельга перамалоць і адправіць у пякарні? Ці можам мы сутыкнуцца з усясьветным недахопам прадуктаў харчаваньня ў бліжэйшыя месяцы? Чытайце па спасылцы >>
«Гэта паветра зь мікробамі». 4-гадовы хлопчык тлумачыць, што такое каранавірус і як ад яго засьцерагчыся
У 4-гадовага Давіда Трафімовіча ў садку выявілі каранавірус. Хлопчыка адправілі дахаты, а на наступны дзень да яго прыехалі дактары і ўзялі мазок на аналіз. У інтэрвію Свабодзе Давід патлумачыў, чаму, на яго думку, ён ня ходзіць у садок, што такое каранавірус і як ад яго засьцерагчыся.
«Палохалі, што дзіця можа заразіцца і займець пнэўманію». Гісторыі жанчын, якія нарадзілі ў часы каранавірусу
Шмат цяжарных хварэюць на пнэўманію, бранхіт, ВРВІ. Дактары стараюцца, але, акрамя лячэньня, ім даводзіцца яшчэ і супакойваць парадзіх, якія адмаўляюцца лячыцца ці рабіць рэнтген. Самаізалявацца не атрымліваецца — прыбіральня ў бясплатных палатах знаходзіцца ў канцы калідора.
Свабода сабрала некалькі гісторый жанчын, якія нядаўна нарадзілі. Чытайце па спасылцы >>
Вядучыя інфэкцыяністы кансультуюць мэдыкаў, якія працуюць з хворымі на COVID-19, праз адмысловы сайт
З інцыятывы вядучых інфэкцыяністаў краіны створаны сайт Covid19center.by, на якім супрацоўнікі Менскай гарадзкой клінічнай лякарні, катэдраў БДМУ і БелМАПА абяцаюць кансультаваць мэдыкаў з усёй Беларусі, якія непасрэдна лечаць пацыентаў з COVID-19.
Кожны лекар краіны можа зь любой прылады апэратыўна зьвязацца з адмыслоўцамі і атрымаць кваліфікаваную параду, як дзейнічаць у няпростай сытуацыі. Падрабязьней чытайце тут.
У лідзкай кампаніі пацьвердзілі выпадак захворваньня каранавірусам
У горадзе Ліда Горадзенскай вобласьці пацьвердзілі выпадак захворваньня каранавірусам. Інфармацыя пра імавернае заражэньне каранавірусам у лідзкай арганізацыі першапачаткова зьявілася ў акаўнце lida.nash.gorod у Instagram.
У прыёмнай прадпрыемства «Ліпласт-СПб», якое займаецца вытворчасьцю вырабаў з плястыку, пацьвердзілі адзін выпадак каранавірусу.
Супрацоўніца паведаміла, што чалавек, які захварэў, адчувае сябе досыць добра, прадпрыемства апрацавала санэпідэмстанцыя.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
На ўезьдзе ў Пінск зьявяцца пасты кантролю
Для кантролю за перавозкай кіроўцаў і пасажыраў на ўезьдзе ў Пінск будуць дзяжурыць экіпажы ДАІ з мэдычнымі супрацоўнікамі. Яны будуць глядзець, ці няма ў людзей сымптомаў каранавірусу, а таксама сачыць за тым, каб кантакты 1-га і 2-га узроўняў не парушалі правілаў самаізаляцыі, піша Пінскі гарвыканкам.
Для чаго гэта зрабілі: для папярэджаньня распаўсюду караавіруса прах кантактаваньне зь людзьмі зь іншых рэгіёнаў.
Чыноўнікі раяць пінчукам без крайняй неабходнасьці:
- не наведваць месцы масавага знаходжаньня людзей;
- не выяжджаць за межы Пінску, асабліва ў Лунінецкі раён.
Лукашэнка лічыць, што каранавірус стане добрым урокам для тых, хто паліць, і наркаманаў
Аляксандар Лукашэнка перакананы, што занепакоенасьць у грамадзтве з нагоды распаўсюду каранавірусу будзе добрым урокам для тых, хто мае шкодныя звычкі.
«Для наркаманаў і курцоў гэта добры ўрок. Мы гэта бачым па цяжкіх захворваньнях на пнэўманію, асабліва абцяжараную каранавірусам. Гэта добры ўрок — падумаць аб тым, як арганізоўваць сваё жыцьцё пасьля так званай пандэміі», — заявіў Лукашэнка. Цалкам чытайце тут.
У сувязі з пандэміяй гарачую ваду ў гарадах Беларусі адключаць ня будуць
Адключаць гарачую ваду ў траўні ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй ня будуць, заявіў падчас сумеснага брыфінгу Міністэрства аховы здароўя Беларусі 16 красавіка першы намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.
Паводле Генадзя Трубілы, міністэрства «будзе рэкамэндаваць, каб ваду пачалі адключаць не з 11 траўня, а перанесьлі травеньскія адключэньні на больш позьні тэрмін – напрыклад на верасень, перад запускам ацяпленьня».
Эфэктыўнасьць ня большая за 10%. Генпракуратура загадала спыніць вытворчасьць масак бяз фільтраў
Генэральная пракуратура Беларусі накіравала старшыні канцэрну «Беллегпрам» і міністру аховы здароўя загад аб скасаваньні парушэньняў заканадаўства пры рэгістрацыі і вытворчасьці мэдыцынскіх масак, у якім патрабуе:
- забясьпечыць рэгістрацыю і вытворчасьць масак з абавязковым ужываньнем фільтраў, якія забясьпечваюць бактэрыялягічны бар’ер,
- спыніць выпуск масак без фільтравальнага кампанэнту — як для ўстановаў аховы здароўя, так і для продажу ў аптэках,
- распрацаваць новы тэхнічны нарматыўна-прававы акт, які рэглямэнтуе якасныя характарыстыкі вырабаў мэдыцынскага прызначэньня.
Паводле Генпракуратуры, цяпер канцэрн «Беллегпрам» вырабляе маскі паводле СТБ (Нацыянальны стандарт Беларусі), распрацаванага 19 гадоў таму, які сярод патрабаваньняў да санітарна-гігіенічных вырабаў зьмяшчае толькі патрабаваньні да матэрыялу маскі і дызайну, але ў ім няма крытэраў эфэктыўнасьці маскі, а таксама іх клясыфікацыі. Маскі, якія вырабляе «Беллегпрам», неэфэктыўныя, адзначаюць у Генпракуратуры: на думку спэцыялістаў-эпідэміёлягаў, узровень іх эфэктыўнасьці не перавышае 10%.
Беларусь перагнала Ўкраіну ў колькасьці выяўленых выпадкаў каранавірусу
Беларусь выйшла на другое месца сярод постсавецкіх краінаў у колькасьці выяўленых пацыентаў, у каго пацьверджаны каранавірус COVID-19. Больш выпадкаў зарэгістравана толькі ў Расеі.
Паводле Міністэрства аховы здароўя на 16 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 4204 пацыенты з каранавірусам. Ва Ўкраіне — 4161, у Расеі — 27 938. Ва ўсіх іншых краінах — менш за 2000 выпадкаў. Такім чынам, у Беларусі колькасьць выяўленых пацыентаў з каранавірусам складае 442 чалавекі на мільён. Ва Ўкраіне — 99 выпадкаў на мільён чалавек.
Другі месяц на карантыне. Ва Ўкраіне лічаць, што пазьбеглі гішпанскага сцэнару
Першыя карантынныя абмежаваньні ва Ўкраіне ўвялі 12 сакавіка, калі зьявілася інфармацыя аб інфікаваньні каранавірусам траіх грамадзян. Цягам наступнага тыдня ў краіне прыпынілі міжнародныя і ўнутраныя транспартныя зносіны, закрылі межы. Празь месяц ва Ўкраіне лябараторна пацьвердзілі ўжо 4161 выпадак захворваньня на COVID-19, у тым ліку 116 — сьмяротных.
Што адбываецца ў краіне цяпер, ці плянуюць працягваць карантын, як рэагуюць на яго ўкраінцы, ці хапае сродкаў засьцярогі — пра гэта і іншае чытайце па спасылцы>>
Інфікаваныя 116 дзяцей. Мінздароўя расказвае пра распаўсюд COVID-19 у Беларусі. УЖЫВУЮ
Сьцісла:
- 116 дзяцей хворыя
- Экспрэс-тэсты закупілі, але ў продажы іх пакуль ня будзе
- Санаторыі ў Беларусі працягваюць працу, ніводзін не закрыты на карантын
Дапаўняецца, цалкам чытайце тут.
40 памерлі. У Беларусі прызналі 4204 выпадкі COVID-19, плюс 476 за дзень
Міністэрства аховы здароўя апублікавала 16 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 16 красавіка:
- 4204 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў яе выпісаных і памерлых);
- колькі хворых шпіталізавалі, колькі адправілі дамоў хворымі і колькі выпісалі здаровымі, перасталі паведамляць, але з ранейшых зьвестак можна зрабіць выснову, што на самаізаляцыю адправілі нейкую колькасьць інфікаваных, да 634 чалавек на 14 красавіка;
- 65 пацыентаў «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьці пацыентаў у цяжкім і крытычным стане);
- 40 памерлі, міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя мелі «шэраг хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксавалі 476 новых выпадкаў і 4 сьмерці за дзень;
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 81 246 тэстаў у 24 лябараторыях, у тым ліку прыватных;
- у ліку інфікаваных 116 дзяцей, зь іх ніводнага ў цяжкім стане або на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Які наказ пра каранавірус атрымалі дэпутаты ад кіраўніка Палаты прадстаўнікоў
«Вам ня трэба ўмешвацца ў працу мясцовых органаў» і «людзі павіны бачыць, што сытуацыя знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка краіны, ураду» — з такім наказам зьвярнуўся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў яе кіраўнік Уладзімер Андрэйчанка 16 красавіка падчас другой сэсіі. Цалкам чытайце тут.
Тысячы аўтамабілістаў пратэставалі ў ЗША супраць забароны выхаду з дому
Дэманстранты ў штаце Мічыган вывелі тысячы аўтамабіляў да будынка Капітолія ў сталіцы штату, горадзе Лансінгу, пратэстуючы супраць указа губэрнатара Грэтхэн Уітмэр, які абавязвае жыхароў заставацца дома для процідзеяньня пандэміі каранавіруса, піша Голас Амэрыкі.
«Страціш свабоду аднойчы – страціш яе назаўжды», – абвяшчаў лёзунг на камэрцыйным фургоне.
«Бясьпека без свабоды – гэта турма», – абвяшчаў іншы, усталяваны на газоне перад Капітоліем.
Сама Грэтхэн Уітмэр заявіла ў сераду, што яна паважае права на пратэст, але лічыць, што многія дэманстранты падвяргаюць сябе і іншых рызыцы заражэньня COVID-19.
Адной карцінкай: колькасьць памерлых ад COVID-19 на 100 тыс чалавек
У абсалютных лічбах па колькасьці сьмерцяў ад COVID-19 ЗША апярэджваюць усе краіны, але ў пераліку на колькасьць насельніцтва краіны Заходняй Эўропы страцілі больш людзей.
Міністар фінансаў расказаў, ці хопіць у краіне грошай на барацьбу з каранавірусам
Пытаньне пра гэта Максіму Ермаловічу задала 16 красавіка дэпутатка ад Горадні Ірына Луганская. Міністар фінансаў, адказваючы на пытаньне Луганскай, заявіў, што на гэты момант грошай у краіне на забесьпячэньне працы мэдыкаў дастаткова.
«У выпадку неабходнасьці будуць праведзеныя ўдакладненьні ў дзяржаўны бюджэт», — сказаў Ермаловіч.
Задаць пытаньне, якое непасрэдна не датычыла парадку дня, дэпутатцы Луганскай дазволіў Уладзімер Андрэйчанка.
«Часы ў нас ваенныя, таму можам адысьці ад рэглямэнту», — сказаў ён.
Таксама ў міністра фінансаў Ермаловіча дэпутат Гайдукевіч запытаўся пра захады, накіраваныя на дапамогу бізнэсу ў сувязі са складанай эканамічнай сытуацыі. Па словах міністра, у гэты момант такія захады прапрацоўваюцца. У першую чаргу, паводле міністра, дапамогу атрымае сфэра турызму і іншыя, хто пацярпеў ад пандэміі найбольш.