Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

12:02 16.4.2020

На 6 лікёра-гарэлачных заводах Беларусі цяпер выпускаюць антысэптыкі

Лікёра-гарэлачныя заводы ў кожнай з шасьці абласьцей наладзілі выпуск дэзынфэкцыйных сродкаў. Разьлітыя ў бутэлькі антысэптыкі адпраўляюць у РУП «Белфармацыя».

Інфармацыю пра гэта Свабодзе пацьвердзілі на саміх заводах.

Антысэптыкі цяпер выпускаюць у наступных гарадах і вёсках: Багушэўск (Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці), Бродніца (Іванаўскі раён Берасьцейскай вобласьці), Клімавічы (Магілёўская вобласьць), Любань (Менская вобласьць), Гомель і Горадня. Усе гэтыя прадпрыемствы ўваходзяць у холдынг «Менск Крышталь Груп».

Да нядаўняга часу вытворчасьць антысэптыкаў была толькі на Горадзенскім лікёра-гарэлачным заводзе. Для астатніх пяці прадпрыемстваў гэта новая прадукцыя. За кароткі тэрмін заводы распрацавалі рэцэптуру, прайшлі сэртыфікацыю і атрымалі ліцэнзію на выпуск антысэптыкаў.

Для ўсіх заводаў выпуск дэзынфэкцыйныя сродкаў пакуль застаецца дадатковай вытворчасьцю. Але з ростам попыту тут гатовыя павялічваць іх выпуск.

11:07 16.4.2020

Крамы, кнігарні, музэі. У Нямеччыне істотна паслабляюць карантын

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель анансавала паступовае паслабленьне карантынных захадаў, уведзеных для стрыманьня каранавірусу.

Пачынаючы з наступнага тыдня, як сказала Мэркель, могуць аднавіць працу крамы плошчай да 800 квадратных мэтраў. Незалежна ад памеру, могуць адкрыцца аўтасалёны, кнігарні, велакрамы, дазваляецца праца музэяў, бібліятэк і архіваў, заапаркаў і батанічных садоў.

Але большасьць абмежаваньняў на сацыяльныя кантакты захаваюцца сама меней да 3 траўня. Мэркель таксама рэкамэндавала насіць ахоўныя маскі ў грамадзкіх месцах. Канцлерка падкрэсьліла, што дзякуючы жорсткім мерам удалося дамагчыся далікатнага прамежкавага посьпеху і цяпер неабходна яго захаваць.

З 4 траўня ў Нямеччыне могуць аднавіць працу школы, цырульні, але буйныя грамадзкія падзеі, рэлігійныя службы будуць немагчымыя да канца жніўня. Бары, кафэ, рэстараны, кіназалы і музычныя пляцоўкі таксама пакуль застануцца закрытымі.

У Нямеччыне на сёньняшні дзень зарэгістравана прыкладна 127 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам і больш за 3200 сьмерцяў ад COVID-19.

11:05 16.4.2020

Па-ранейшаму толькі адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў ходзіць на сэсію ў масцы. ФАТАФАКТ

На чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў​ прысутнічаюць 104 дэпутаты са 110.

Паседжаньне 16 красавіка пачалося з прыняцьця заявы з нагоды 75-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Яе дэпутатам прадставіла былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч.

Як перадае карэспандэнт Свабоды з Авальнай залі, са 104 прысутных на паседжаньні дэпутатаў толькі адзін карыстаецца мэдычнай маскай. Гэта Тэнгіз Думбадзэ, які ў такім выглядзе быў і на папярэднім паседжаньні 9 красавіка.

Разам з тым у будынку Палаты прадстаўнікоў прынятыя захады бясьпекі. У холе і памяшканьнях можна апрацаваць рукі антысэптыкам, журналістам мераюць тэмпэратуру. Супрацоўнікі апарату выкарыстоўваюць маскі, у Авальную залю па-ранейшаму могуць трапіць толькі фота- і відэакарэспандэнты.

11:03 16.4.2020

Дзяржкантроль: маскі прадаюць у 89,2% аптэк. Пошук у аптэках: ёсьць у 7,6%

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі 15 красавіка заявіў, што ў аптэках Беларусі «значна палепшылася» сытуацыя з «таварамі падвышанага попыту»: мэдычнымі маскамі і антысэптыкамі.

Паводле Дзяржкантролю, у канцы сакавіка і пачатку красавіка праверкі ў 283 аптэках паказалі, што аптэчная сетка мела праблемы з забесьпячэньнем мэдычнымі маскамі і антысэптычнымі сродкамі: маскі нібыта былі толькі ў 17% правераных аптэк, антысэптыкі ў 38,5%.

Цяпер Дзяржкантроль сьцьвярджае, што сытуацыя палепшылася. Маніторынг Дзяржкатролю 13 красавіка, праведзены ў 1081 аптэцы, паказаў, што мэдычныя або санітарна-гігіенічныя маскі ёсьць у 964 аптэках (89,2%), антысэптыкі на сьпіртавой аснове — у 893 (82,6%).

Па стане на раніцу 16 красавіка 103.by знаходзіць тавар «мэдычная маска» («санітарна-гігіенічных» сярод тавараў няма) у 284 аптэках Беларусі з 3740 наяўных у базе. Гэта 7,6%, у тузін разоў менш за выяўленае Дзяржкантролем. У Менску 103.by знаходзіць маскі ў 51 аптэках з 860, гэта 5,9%.

Але сытуацыя з маскамі сапраўды палепшылася, што відаць і ў пошуку Tabletka.by — сэрвіс знаходзіць ужо не дзясяткі, а сотні аптэк з маскамі ў продажы.

Яшчэ 8 красавіка 103.by паказаў, што мэдычныя маскі прадаваліся ў 6% аптэк па Беларусі і 0,6% у Менску, а Tabletka.by знайшоў розныя віды масак толькі ў некалькіх дзясятках аптэк.

11:01 16.4.2020

Міністар здароўя загадаў выпісаць хворых на COVID-19 у лёгкай форме і лячыць іх дома

Міністэрства аховы здароўя Беларусі выдала загад аб мэдычнай дапамозе пацыентам, хворым на COVID-19 у лёгкай форме і з так званай нешпітальнай пнэўманіяй.

У адпаведнасці з дакумэнтам, шпіталям загадана:

  • Зацьвердзiць парадак хатняй дапамогі пацыентам зь няцяжкай формай пнэўманіі, не зьвязанай з інфэкцыяй COVID-19, а таксама пацыентам з каранавірусам у амбуляторных умовах;
  • Начальнікам упраўленьняў аховы здароўя выканкамаў, галоўным дзяржаўным санітарным лекарам абласьцей і Менску загадана выпісваць кантактаў першага ўзроўню зь лякарняў у амбуляторныя ўмовы. У тым ліку, калі яшчэ няма выніку лябараторнага дасьледаваньня, зробленага на сёмы дзень ад кантакту з носьбітам інфэкцыі COVID-19;
  • Арганізаваць дапамогу кантактам першага ўзроўню, выпісаным са шпіталяў для далейшага лячэньня ў амбуляторных умовах, рабіць лябараторныя дасьледаваньні ў вызначаныя тэрміны;
  • Арганізаваць дапамогу пацыентам з інфэкцыяй COVID-l9 без сымптомаў і зь лёгкім цячэньнем хваробы ў амбуляторных умовах;
  • Аказаць мэдычную дапамогу ў хатніх умовах пацыентам зь нешпітальнай пнэўманіяй у няцяжкай форме;
  • Забясьпечыць мэдработнікаў, якія дапамагаюць пацыентам з інфэкцыяй COVID-19 і зь нешпітальнай пнэўманіяй у амбуляторных умовах, сродкамі індывідуальнай засьцярогі з улікам эпідэміялягічнай сытуацыі.
11:00 16.4.2020

Кароткія стрымы, гейміфікацыя, квізы і бонусы. Спыталі ў школьнікаў, якой дыстанцыёнкі яны хочуць

Беларускім школьнікам у гэтым годзе быццам бы пашанцавала: замест аднаго тыдня вясновых канікул яны адпачываюць ужо трэці. І тае бяды — калі б прычынай ня быў каранавірус.

Афіцыйнай інфармацыі наконт дыстанцыйнага навучаньня ў беларускіх школах няма. Зноў працягнуць канікулы? Выпускнікі ня лічаць, што гэта выйсьце. Яны расказалі Свабодзе, якой бачаць дыстанцыёнку ў школах і чаму яе трэба ўвесьці.

Што кажуць самі вучні >>

10:56 16.4.2020

Дзе ў Беларусі паніка. Разважае Сяргей Дубавец

У гэтыя дні асабліва ўражвае кантраст паміж рэальным жыцьцём людзей і дзяржаўным тэлевізарам зь яго галоўным героем.

З аднаго боку, людзі з уласнай ініцыятывы зьбіраюць грошы на барацьбу з пандэміяй, шыюць маскі, кормяць мэдыкаў… З другога — тэлевізар, які распавядае не пра іх, а «змагаецца з панікай», якой нідзе, апроч гэтага самага тэлевізара, няма. І галоўны змагар, які адмаўляе пандэмію і ў гістэрычных выразах («жраць што будзем, надзелі наморднікі, шляюцца па вуліцах»), робіць ня што іншае, як спрабуе пасеяць гэтую самую паніку. Сьледам за ім тое самае робіць і ягоная экіпа.

Нарэшце, зьяўляецца пік гістэрыкі — сацыяльная рэкляма «Семеновна, нам всем пи…»

10:54 16.4.2020

Войскі NATO пабудавалі 25 палявых шпіталяў для хворых з каранавірусам

Кіраўнікі Паўночнаатлянтычнага альянсу пры ўдзеле прадстаўнікоў Эўразьвязу акрэсьлілі шляхі дапамогі ўладам саюзных краін.

Міністры абароны краін NATO правялі экстраную відэаканфэрэнцыю, на якой абмеркавалі спосабы барацьбы з распаўсюдам COVID-19. Акрамя найвышэйшага генэралітэту, у сустрэчы бралі ўдзел вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў вонкавай палітыцы і бясьпецы Жазэп Барэль, а таксама чальцы ўрадаў Швэцыі і Фінляндыі, якія не ўваходзяць у ваенны блёк. Ад ЗША ўдзельнічаў міністар абароны Марк Эспэр, які выйшаў на сувязь з Брусэлем са свайго офісу ў Пэнтагоне.

Па словах генэральнага сакратара NATO​ Енса Столтэнбэрга, галоўнымі пытаньнямі на парадку дня былі каардынацыя магчымасьцяў альянсу для задушэньня пандэміі.

«Вайскоўцы з краін Паўночнаатлянтычнага альянсу ажыцьцявілі больш за 100 місій для перавозкі мэдпэрсаналу і абсталяваньня. Забясьпечана будаўніцтва 25 палявых шпіталёў. Пастаўлена больш за 25 тысяч ложкаў. Больш за 4 тысячы вайскоўцаў накіравалі ў падтрымку цывільных арганізацый», — паведаміў Столтэнбэрг.

10:53 16.4.2020

Трамп: ЗША прайшлі пік захваральнасьці на COVID-19

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў на брыфінгу ў Белым доме 15 красавіка: статыстыка сьведчыць аб тым, што краіна пераадолела пік заражэньняў каранавірусам і паабяцаў ужо ў чацьвер, 16 красавіка, прадставіць «новыя асноўныя прынцыпы» будучага аднаўленьня эканамічнай дзейнасьці ў ЗША.

«Бітва працягваецца, але дадзеныя сьведчаць аб тым, што краіна прайшла пік новых заражэньняў, — сказаў Трамп. — Хоць мы мусім захоўваць пільнасьць, ясна, што нашая рашучая стратэгія працуе».

«Пікам эпідэміі» ў розных крыніцах называюць розныя падзеі: спыненьне росту колькасьці новых выяўленых выпадкаў вірусу за дзень, росту новых сьмерцяў за дзень або спыненьне росту колькасьці хворых проста цяпер — «актыўных выпадкаў». Ніводная з гэтых падзеяў не дае гарантыі, што пасьля таго, што палічылі пікам, адпаведны паказьнік не пачне расьці зноў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка казаў пра «пік эпідэміі» ў краіне 31 сакавіка, калі ў краіне пацьвердзілі 152 выпадкі COVID-19 і адну сьмерць (пасьля высьветлілася, інфікаваныя паміралі і раней). Пасьля той заявы колькасьць інфікаваных у Беларусі вырасла ў 25 разоў, прызналі ўжо 36 сьмерцяў.

У ЗША цяпер працягвае расьці колькасьць штодзённых сьмерцяў ад COVID-19 (толькі за 15 красавіка — 2482) і колькасьць «актыўных выпадкаў» (566 859 на 16 красавіка), але з пачатку красавіка колькасьць новых выпадкаў COVID-19 на дзень трымаецца ў межах 25–34 тысяч.

Доктар Дэбора Біркс з рабочай групы Белага дома​ адзначыла апошняе, але рэкамэндавала амэрыканцам працяваць практыку сацыяльнага дыстанцыянаваньня і выконваць рэкамэндацыі мэдыкаў.

10:52 16.4.2020

Старт футбольнага першынства сярод жанчын адкладзены: футбалісткі мелі кантакт з носьбітамі COVID-19

Беларуская фэдэрацыя футболу адклала старт чэмпіянату краіны сярод жаночых камандаў, першы тур якога павінен быў стартаваць 16 красавіка.

«Рашэньне прынялі ў сувязі з тым, што некалькі футбалістак, якія бяруць удзел у турніры, кантактавалі з магчымымі носьбітамі вірусу COVID-19. У адпаведнасьці з рашэньнем ураду, такія асобы ад 8 красавіка павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі», — гаворыцца на сайце фэдэрацыі.

У той жа час першынство сярод мужчынскіх камандаў працягваецца: 16-18 красавіка пройдуць матчы пятага туру. У выходныя пачнуцца спаборніцтвы ў першай і другой лігах, у барацьбу ўступяць амаль чатыры дзясяткі камандаў.

10:50 16.4.2020

Месяц таму суседзі Беларусі ўвялі карантын. Як гэта паўплывала на распаўсюд COVID-19?

Краіны Эўропы пачынаюць аслабляць карантынныя захады. Уведзеныя месяц таму абмежаваньні даюць свой плён — прырост новых выпадкаў COVID-19 зьменшыўся. У Польшчы ў два разы, а ў Чэхіі — у пяць.

Тлумачым, калі і як суседзі Беларусі ўводзілі карантын і якая там сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу сёньня.

Чытаць далей >>

10:20 16.4.2020

Цяжарная брытанская мэдсястра памерла ад COVID-19, але дзіця выжыла

У нядзелю ў Лютанскім і Данстэйблскім шпіталі ў Вялікай Брытаніі памерла цяжарная мэдсястра Мэры Аг‘еўа Аг’японг. Прадстаўнік шпіталя, дзе жанчына працавала пяць гадоў, паведаміў, што «у дзіцяці ўсё добра».

У шпіталі растлумачылі, што ня могуць даць дадатковай інфармацыі. 7 красавіка Мэры Аг‘еўа Аг’японг трапіла ў шпіталь з пазытыўным вынікам на COVID-19.

Кіраўнік фундацыі шпіталя Дэвід Картэр распавёў, што яна была «фантастычнай мэдсястрой і цудоўным прыкладам таго, што мы адствойваем у нашай фундацыі»

«Нашыя думкі і глыбокія спачуваньні родным і блізкім Мэры ў гэты сумны час», — дадаў ён.

08:14 16.4.2020

Лічбы на раніцу 16 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 2 мільёнаў выпадкаў COVID-19: 644 тысячы ў ЗША, 180 тысяч у Гішпаніі, 165 тысяч у Італіі, амаль 148 тысяч у Францыі, звыш 134,5 тысячы ў Нямеччыне, каля 98,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, звыш 83 тысяч у Кітаі, 76 тысяч у Іране, 69 тысяч у Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 134 632 чалавекі. Зь іх 28 529 у ЗША, 21 645 у Італіі, 18 812 у Гішпаніі, 17 167 у Францыі, 12 868 у Вялікай Брытаніі, 4777 у Іране, 3346 у Кітаі.
  • Выпісалі 510,5 тысячы пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,438 млн, зь іх каля 51 тысяча ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 15 красавіка, пацьверджаныя 3728 выпадкаў​ COVID-19, памерлі 36 чалавек, за суткі выяўленыя 447 новых выпадкаў. Колькі шпіталізаваных, колькі выпраўленых на лекаваньне дамоў і колькі выпісаных здаровымі, паведамляць перасталі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
21:54 15.4.2020

«Бабулі ўваскрасаюць». На ОНТ патлумачылі свае відэаролікі пра каранавірус

Тэлеканал ОНТ выпусьціў відэаролікі «Паніка горш, чым каранавірус!» і «Каранавірус. Любіце бабулю на адлегласьці!», якія выклікалі багата нэгатыўных рэакцый. Спыталі ў стваральнікаў, што яны хацелі сказаць.

21:53 15.4.2020

«Сыравіну набываюць у Кітаі і Індыі». Чаму з продажу зьніклі некаторыя замежныя і беларускія лекі

З продажу зьніклі некаторыя замежныя лекі ад ціску, беларускі «Флустоп» і парацэтамол. Мы даведаліся, з чым гэта можа быць зьвязана і ці хопіць усім лекаў і сродкаў засьцярогі.

21:29 15.4.2020

Менгарвыканкам задарма выдзеліў мэдыкам яшчэ адзін гатэль

Менгарвыканкам выдзеліў для сталічных мэдыкаў гатэль «Айти Тайм», разьлічаны на 200 месцаў, піша Tut.by. Туды будуць засяляць лекараў, якія кантактуюць з хворымі на каранавірус, каб не пазаражалі дома сваякоў.

Менгарвыканкам 8 красавіка выдзеліў для сталічных мэдыкаў першы гатэль «Іст Тайм», разьлічаны на 250 чалавек. На 15 красавіка гатэль засялілі на 68%.

Для лекараў арганізавалі бясплатны трансфэр

Гатэль «Айти Тайм» знаходзіцца на вуліцы Купрэвіча, 4 каля Парку высокіх тэхналёгіяў. Каб лекарам не прыйшлося езьдзіць у шпіталі на грамадзкім транспарце, КУП «Мiнсксанаутатранс» вылучыла 6 аўтобусаў.

«Мы папрасілі кожную больніцу перадаць нам графікі лекараў, якія пражываюць у гатэлі, і цяпер возім іх на працу паводле раскладу», — сказаў дырэктар «Мiнсксанаутатранс» Анатоль Дастанко.

Як арганізавалі жыцьцё мэдыкаў у першым гатэлі?

Як і плянавалася, лекараў расьсяляюць па аднаму ў нумар, каб яны менш кантактавалі адзін з адным. У кожным нумары прадугледжана душавая кабіна. Кухні ў нумары няма. Бясплатнае трохразовае харчаваньне мэдыкам дастаўляюць індывідуальна: супрацоўнікі гатэлю пакідаюць ежу ў пакетах у холе каля кожнага нумару і папярэджваюць жыхара стукам у дзьверы. Плястыкавы посуд пасьля ежы мэдыкі пакідаюць у тых жа пакетах каля дзьвярэй — іх забірае пэрсанал.

Паводле намесьніка дырэктара «Гасцініцы сталіцы» Уладзімера Дубоўскага, штат гатэлю «Іст Тайм» павялічваць не прыйшлося — для мэдыкаў працуюць каля 30 чалавек пэрсаналу.

Дубоўскі таксама распавёў, што яны і далей плянуюць расьсяляць мэдыкаў па аднаму, каб было менш верагоднасьці заразіць адзін аднаго. Таму людзей стараюцца засяляць так, каб на паверсе, напрыклад, жылі супрацоўнікі толькі адной больніцы. Але рызыка камунікацыі мэдыкаў мінімальная, бо яны прыходзяць у нумары і сьпяць.

21:14 15.4.2020

У Грузіі для барацьбы з COVID-19 закрылі чатыры гарады

Улады Грузіі цалкам блякуюць чатыры найбуйнейшыя гарады краіны, каб прадухіліць пашырэньне каранавірусу новага тыпу.

Па распараджэньні прэм'ер-міністра Георгія Гахарыі, падразьдзяленьні ўзброеных сіл і часткі спэцпрызначэньня МУС увечары ў сераду пачалі атачаць Тбілісі, Руставі, Кутаісі і Батумі. На працягу дзесяці дзён вайскоўцы і паліцыянты будуць блякаваць усе ўезды і выезды з гарадоў.

Прэмʼер-міністар растлумачыў неабходнасьць такіх жорсткіх мер хуткім ростам ліку інфікаваных за апошнія суткі і жаданьнем зьнізіць мабільнасьць насельніцтва, каб прадухіліць кантакты людзей у велікодныя дні.

19:11 15.4.2020

Нармальнае жыцьцё пасьля COVID-19... У чэрвені?

У сьвеце ўсё менш аптымізму наконт таго, што крызыс, выкліканы каранавірусам, завяршыцца да чэрвеня, і жыцьцё нармалізуецца да таго часу. Паглядзіце, як памяняліся настроі ўсяго за месяц.

17:23 15.4.2020

Што цяпер робяць стуардэсы, машыністы, акторы? Спыталі ў беларусаў, якія часова ня маюць працы праз каранавірус

Афіцыйна карантын у Беларусі ня ўведзены, улады сьцьвярджаюць, што ў ім няма неабходнасьці. Гэта не замінае некаторым арганізацыям і ўстановам адпраўляць сваіх супрацоўнікаў у вымушаныя адпачынкі.

Адной зь першым адправілі на неафіцыйны карантын віцебскі тэатар імя Якуба Коласа, неўзабаве пасьля сьмерці актора тэатру Віктара Дашкевіча, у якога знайшлі каранавірус. У адпачынак да 26 красавіка адправілі ўсю трупу, працуе толькі адміністрацыя. Як сказала Свабодзе акторка тэатру Ірына Цішкевіч, ёй разам з калегамі далі аплатны адпачынак.

«Зразумела, гэта адаб’ецца на нас фінансава. Калі ты выходзіш з адпачынку, то першы час грошай няма. Ніхто з нас ня быў падрыхтаваны, каб вось цяпер трапіць у такую сытуацыю. Ня ведаю, што будзе далей. Я яшчэ працую ў гімназіі, у тэатральнай студыі. Там просяць пісаць „за свой кошт“. Вакацыі ў школах працягнулі на трэці тыдзень, што далей будзе, таксама невядома. Вось так. Нейкі прыбытачак быў невялічкі, зараз і яго ня будзе», — расказвае Ірына. Цалкам чытайце па спасылцы>>

16:52 15.4.2020

У Літве паслабляюць карантын. Што гэта значыць

15 красавіка на пасяджэньні ўраду Літвы было прынятае рашэньне аб зьмякчэньні абмежаваньняў для часткі бізнэсу — зможа працаваць малы бізнэс, калі зможа гарантаваць неабходную бясьпеку, паведамляе DELFI.

Адкрыцца змогуць невялікія крамы, уваход у якія знаходзіцца з вуліцы (крамы ў гандлёвых цэнтрах пакуль будуць зачыненыя), а таксама пастаўшчыкі бытавых і рамонтных паслугаў, калі ўваход у памяшканьне будзе з вуліцы, і ёсьць магчымасьць рэгуляваць паток кліентаў.

У сераду быў абвешчаны сьпіс тых, хто трапіў пад паслабленьне карантыну. Гэта крамы, якія гандлююць прадуктамі харчаваньня (у гандлёвых цэнтрах таксама), вэтэрынарныя кабінэты, крамы заатавараў, аптэкі, оптыкі, крамы артапэдычных тавараў; харчовыя рынкі і іншыя публічныя гандлёвыя месцы; гандаль расадай, саджанцамі, насеньнем, угнаеньнямі на вуліцы, не на рынках, у спэцыялізаваных месцах; інтэрнэт-гандаль пры дастаўцы тавараў фізычным або юрыдычным асобам на дом / у офіс або пры іх выдачы ў спэцыяльных пунктах.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG