Мінздароўя Беларусі: Каранавірус выявілі ў 80 дзяцей і 10 цяжарных
Паводле зьвестак на 14 красавіка, агулам у Беларусі зарэгістраваны 3281 выпадак каранавірусу, 33 пацыенты памерлі. На апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх знаходзяцца 57 чалавек. Сярод хворых 10 цяжарных жанчын і 80 дзяцей.
У адрозьненьне ад курцоў, цяжарныя не адносяцца да групы рызыкі па COVID-19 наўпрост. Цяпер няма зьвестак пра тое, што цяжарныя больш схільныя захварэць COVID-19 або памерці ад хваробы. Але кожная цяжарная пацыентка мусіць разгляадацца як «пацыентка высокай рызыкі», асабліва пасьля 24 тыдняў цяжарнасьці, бо ў гэты час зьмяняецца імунітэт і фізыялягічныя асаблівасьці цела.
Цяпер дасьледаваньні фіксуюць у інфікаваных рызыкі невыношваньня цяжарнасьці (2% вядомых выпадкаў на малых тэрмінах), затрымкі разьвіцьця дзіця (10%) і датэрміновых родаў (39%).
Пацьверджаньняў таго, што грудное малако можа перадаць вірус да дзіцяці, няма, але жанчынам на лячэньні рэкамэндуюць не карміць дзяцей грудзьмі, калі яны лечацца ад вірусу (каб не перадаць лекі да дзіцяці). Апрацоўваць грудзі антысэптыкам перад кармленьнем нельга.
Наведваньне жаночых кансультацыяў рэкамэндуюць абмежаваць, але не забараняюць, нягледзячы на эпідэмію.
У радзільнях, запэўнівае Міністэрства аховы здароўя, да прыёму родаў у інфікаваных гатовыя. Паказаньняў да скасаваньня так званых індывідуальных родаў няма. Абмежавалі толькі так званыя партнэрскія роды і наведваньне пацыентак у радзільнях (але перадачы прымаюцца). Нейкіх надзвычайных паказаньняў да кесарава сячэньня пры COVID-19 няма.
Хатнія роды, мяркуюць у Мінздароўя, нясуць больш рызыкі, чым роды ў лякарні нават ва ўмовах пандэміі каранавірусу.
Яшчэ «два-тры тыдні» па 340–360 выпадкаў на дзень. Прагноз Мінздароўя па COVID-19 у Беларусі
Падчас жывой трансьляцыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі 14 красавіка намесьніца міністра Алена Богдан заявіла, што ў Беларусі ў апошнія 3 дні штодзень рэгіструюць прыблізна 340–360 новых выпадкаў COVID-19, і гэтыя лічбы не мяняюцца (гэта значыць, што распаўсюд вірусу не паскараецца).
У Мінздароўя Беларусі чакаюць, што такая сытуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў». Такім чынам, ніжняя мяжа «прагнозу Богдан» — 4760 новых выпадкаў, верхняя — 7560 новых выпадкаў у бліжэйшы час. Агульная колькасьць выпадкаў, такім чынам, можа неўзабаве дасягнуць 8041–10841 выпадкаў. На чым грунтуецца такі прагноз, акрамя статыстыкі апошніх дзён, намесьніца міністра не сказала.
New York Times: Атака на сыстэму аховы здароўя ў ЗША стала «адметнай рысай» кіраваньня Пуціна
Дэзынфармацыя ў сфэры аховы здароўя, якая ўжо цягам дзесяцігодзьдзя распаўсюджваецца з Расеі пры падтрымцы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, пасеяла ў ЗША шырокую разгубленасьць, нанесла шкоду важным грамадзкім інстытутам і паспрыяла распаўсюду сьмяротных хваробаў. Да такіх высноваў прыходзіць журналіст The New York Times Уільям Дж. Броўд у расьсьледаваньні «Доўгая вайна Пуціна супраць амэрыканскай навукі». Падрабязьней па спасылцы>>
«Пнэўманія, але тэст на каранавірус рабіць адмовіліся». Сваякі вязьняў Бабруйскай калёніі патрабуюць захадаў бясьпекі
Адразу некалькі вязьняў 5-га атраду Бабруйскай калёніі № 2 скардзяцца на дрэннае самаадчуваньне. Да ранейшых сымптомаў прастуды, такіх як кашаль і насмарк, дадалася рвота. Сваякі зьняволеных непакояцца, ці не пачатак гэта эпідэміі, і наракаюць, што вязьні дагэтуль не атрымалі паўнавартаснага лячэньня.
Пра гэта Свабодзе расказала Натальля Касьцяневіч, чый муж адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі. Ён пачаў хварэць на прастуду больш за месяц таму: кашаль, тэмпэратура. У сакавіку вязьня паклалі ў турэмны шпіталь, пра хваробу, якую ён перанёс, напісалі, што гэта была правабаковая пнэўманія. Аднак ад аднаго зь лекараў ён чуў, што пнэўманія ў яго была двухбаковая. Тэст на каранавірус яму рабіць адмовіліся.
«Учора муж званіў ужо з атраду. Кажа, што сытуацыя там стала нават горшай. Вельмі шмат вязьняў хварэюць, кашляюць, адчуваюць сябе дрэнна. Да сымптомаў прастуды дадалася рвота, але ніхто гэтага, па ягоных словах, ня лечыць, бо ня ведаюць, што гэта за хвароба. Усе непакояцца, ці не каранавірус», — кажа Натальля Касьцяневіч. Цалкам чытайце па спасылцы >>
Мінздароўя Беларусі: Каранавірус выявілі ў 80 дзяцей і 10 цяжарных
У Беларусі ў 80 дзяцей дыягнаставана каранавірусная інфэкцыя. У большасці хвароба праходзіць у лёгкай форме. Пра гэта падчас брыфінгу паведамілі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя. Акрамя таго, паводле іх словаў, на каранавірус захварэлі 10 цяжарных жанчын.
УЭФА пракамэнтавала футбольны чэмпіянат Беларусі падчас пандэміі
Радыё Свабода зьвярнулася да Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА) з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю з працягам футбольнага чэмпіянату Беларусі.
У прэсавай службе УЭФА далі наступны адказ:
«Кожная нацыянальная асацыяцыя аўтаномная і прымае рашэньні аб унутраных спаборніцтвах на падставе рэкамэндацый і рашэньняў, прынятых адпаведнымі нацыянальнымі ўладамі. УЭФА ня мае паўнамоцтваў прыпыняць унутраныя лігі». Ад дадатковых камэнтароў прадстаўнікі УЭФА адмовіліся.
Віцебскі гарвыканкам адкрыў дабрачынны рахунак для дапамогі мэдыкам
Па ініцыятыве Віцебскага гарвыканкаму «ў сувязі са складанай эпідэміялягічнай сытуацыяй, прыняцьцем дадатковых мер па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюджваньня ВРВІ, у тым ліку выкліканых COVID-19», адкрыты дабрачынны рахунак для дапамогі мэдыцынскім работнікам у барацьбе з каранавірусам, паведамляе сайт гарвыканкаму.
Грошы будуць разьмяркоўваць у адпаведнасьці з патрэбай канкрэтных бальніц горада для арганізацыі харчаваньня мэдпэрсаналу, набыцьця неабходных сродкаў індывідуальнай абароны, лекавых прэпаратаў, вырабаў мэдыцынскага прызначэньня.
Рэквізыты дабрачыннага рахунку:
р / c BY21BLBB36420390380994001003, УНП 390380994, дырэкцыя ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласьці, БІК банка BLBBBY2X, атрымальнік плацяжу: Дзяржаўная ўстанова аховы здароўя «Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка».
Музычны анлайн-маратон «Дабрыня» ў падтрымку беларускіх мэдыкаў
16 красавіка з 10:00 да 20:00 пройдзе музычны дабрачынны онлайн-маратон «Дабрыня» са зборам грошай для закупкі і вытворчасьці сродкаў абароны для беларускіх мэдыкаў: спэцыялізаваных масак з фільтрамі, ахоўных шчыткоў і касьцюмаў.
Да дабрачыннай акцыі, якую арганізавала «Новае радыё» і Xiaomi, далучацца музыкі Аня Шаркунова, VAL, Макс Лорэнс, Nuteki, UZARI, Litesound, Дзіма Камінскі, HOMIE, ARSI, КейСі, Parade of Planets, Ягор Кан, Mikita, SOBOL, Lima Osta, Кірыл Гуд, Vassel & Rooby, DJ MIKIS і іншыя. Трансьляцыя будзе даступная на сайце dobrolive.by, youtube-канале Xiaomi Belarus, у сацыяльнай сетцы УКантакце Xiaomi Беларусь кам’юніці, Instagram @xiaomibelarus і twitch dobrolive_by.
Падтрымаць маратон можна
- праз USSD-запыт пры падтрымцы фонду «Дабрыня» (МТС *227*27 #, А1 *222*27 #, life :) *222*27 #
- праз АРІП / мабільны банк: з картак фізычных асобаў, рэзыдэнтаў РБ (шлях: дабрачыннасьць, грамадзкія абʼяднаньні -> Іншыя грамадзкія абʼяднаньні -> Дабрыні Мясцовы фонд -> Ахвяраваньне) альбо па кодзе паслугі 4483121
- для юрыдычных асобаў — па тэлефоне +37529 500 88 00 ці email: info@fonddobra.by
Польшча пачне здымаць абмежаваньні, выкліканыя каранавірусам, 19 красавіка
Польшча 19 красавіка пачне паступова здымаць абмежаваньні, уведзеныя ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу, паведамляе Reuters. Як гаворыцца ў заяве польскага ўраду, першым крокам будзе паслабленьне абмежаваньняў для крамаў.
Мітрапаліт Павел: «Устрымайцеся ад наведваньня храма, не хадзіце на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу». УЖЫВУЮ
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, што БПЦ пачула прызыў патрыярха ўсяе Русі Кірыла ўстрымацца ад наведваньня храмаў у гэты складаны пэрыяд.
«Я пачуў выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, што храмы закрываць ня будуць. Так, там будуць богаслужэньні. Але я яшчэ раз заклікаю: ўстрымайцеся, пабудзьце дома! Маліцеся дома», — заклікаў мітрапаліт Павел.
Таксама мітрапаліт Павел папрасіў вернікаў не хадзіць на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу:
«Я хацеў бы заклікаць Вас устрымацца. Паверце, Госпад чуе нашы малітвы. Таму лепш і на Вялікдзень, і на Радаўніцу памаліцца дома. Бог Вас пачуе», — сказаў мітрапаліт Павел.
Больш за 10 супрацоўнікаў хуткай дапамогі ў Менску заразіліся каранавірусам, — Tut.by
Больш за 10 супрацоўнікаў 9-й падстанцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі на вуліцы Захарава ў Менску заразіліся каранавірусам, паведамляе Tut.by са спасылкай на некалькіх крыніц, не зьвязаных паміж сабой. Сярод тых, хто заразіўся, — фэльчары і лекары, якія выяжджаюць на выклікі, дыспэтчары, якія гэтыя выклікі разьмяркоўваюць, кіраўніцтва падстанцыі. Яшчэ каля 15 чалавек знаходзяцца на бальнічным. Астатнія брыгады працягваюць працаваць.
Паводле трох іншых крыніц, выпадкі заражэньня ёсьць сярод супрацоўнікаў апэратыўнага аддзелу, куды паступаюць усе выклікі, і кіраўніцтва станцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі Менску. Усе яны — разам зь 9-й падстанцыяй — знаходзяцца ў адным будынку на розных паверхах. Чытаць цалкам тут >>
Мінздароўя расказвае пра распаўсюд каранавірусу ў Беларусі. УЖЫВУЮ
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 14 красавіка ладзіць жывую трансьляцыю брыфінгу з удзелам намесьніцы міністра Алены Богдан, а таксама акушэрамі і геніколягамі. Тэмай заяўленыя пытаньні пра COVID-19, пэдыятрыю і гінекалёгію.
«Апошні карантын-дысыдэнт». Расейскія тэлеканалы пра паводзіны Лукашэнкі падчас пандэміі
Беларусь застаецца адным з рэдкіх месцаў, дзе не ўвялі карантыну з прычыны каранавірусу. Гэта выклікае цікавасьць у іншых краінах, у тым ліку ў Расеі.
Свабода паглядзела, як на апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра каранавірус рэагуюць расейскія тэлеканалы. Чытайце па спасылцы >>
Беларусы супраць каранавірусу. Менскія бары просяць падтрымкі
Беларусы працягваюць штодня змагацца з каранавірусам сваімі сіламі і дапамагаць у гэтым мэдыкам. А Свабода працягвае пісаць пра новыя добрыя ініцыятывы.
Ініцыятыва ByCovid19 пашырылася. Цяпер валянтэры ёсьць ва ўсіх абласных гарадах, а таксама ў Бабруйску.
Зьявіўся Тэлеграм-канал «Добрыя словы мэдыкам Беларусь». Каб адправіць сваю падзяку, трэба запоўніць гэтую форму.
Бізнэсовец Андрэй Гусараў запусьціў збор для дапамогі мэдыкам на Ulej.by.
На MolaMola зьявіўся збор на спэцахоўныя сродкі для мэдыкаў Івацэвічаў. Патрымаць можна тут.
У Гомлі зьбіраюць грошы на дапамогу пажылым людзям. Дапамога патрэбна для куплі масак, пальчатак, рэсьпіратараў, антысэптыкаў, а таксама харчоў (крупаў, шакаляду, тушаніны, макароны, алею, пячэньня, цукру, кансэрваў і г.д.).
Да ініцыятывы «Ссабойка доктару» далучылася так шмат кавярняў, што немагчыма сабраць іх разам. На MolaMola ёсьць асобны разьдзел, прысьвечаны гэтаму збору. Проста выберыце, каму хочаце дапамагчы.
На Ulej.by зьявілася магчымасьць падтрымаць бары, якія праз каранавірус згубілі наведнікаў.
«Я ведаю, што захварэю». Гутарка з экстраным хірургам, які цяпер змагаецца з каранавірусам
Хірург 10-й менскай лякарні Валер Машэль стаў інфэкцыяністам, каб супрацьстаяць эпідэміі каранавірусу ў Беларусі.
Яшчэ два тыдні таму хірург 10-й менскай лякарні Валер Машэль працаваў у звычайным рэжыме. Бывала, даставаў кулю з чалавека (праўда, пнэўматычную) ці прымаў пацыента, які прынёс у тэрмакубку ўласны палец. Але звычайна меў справу з апэндыцытамі і панкрэатытамі.
Раптам давялося перапрафілявацца ў інфэкцыяніста, які лечыць COVID-19. Цяпер, кажа доктар, ён жыве так: праца, гатэль, адукацыя, праца.
Свабода сустрэлася зь лекарам, каб даведацца, як каранавірус прымусіў яго пакінуць апэрацыйную.
Памерламу журналісту «Медиа-Полесья» паставілі дыягназ «пазабальнічная двухбаковая пнэўманія»
13 красавіка журналіста «Мэдыя-Палесься» Васіля Мацкевіча пахавалі побач з маці ў вёсцы Завідчыцы Пінскага раёну, пішуць ягоныя калегі.
46-гадовага Васіля Мацкевіча шпіталізавалі зь цяжкім дыханьнем у ноч на 11-га, узялі тэст на каранавірус за тры дні да таго. Раніцай 11 красавіка ён памёр. 12 красавіка сястры памерлага паведамілі, што тэст на COVID-19 у яго адмоўны.
Да пахаваньня родзічы ня ведалі, ад чаго памёр Васіль Мацкевіч. Толькі 13 красавіка ім выдалі заключэньне з дыягназам «нешпітальная двухбаковая полісэгмэнтарная пнэўманія».
У памерлага засталіся 18-гадовы сын-студэнт і стары бацька. Сын Адам на пахаваньні ня змог прысутнічаць — ён у інфэкцыйнай лякарні ў Малоткавічах Пінскага раёну. Менавіта пра яго былі апошнія словы Васіля Мацкевіча: «Беражы Адама». Мацкевіч зьбіраў грошы на апэрацыю сыну, але не пасьпеў набраць патрэбную суму.
Рэдакцыя «Мэдыя-Палесься» адкрыла на Molamola.by збор грошай на дапамогу ягонай сям’і. Усіх неабыякавых просяць ахвяраваць грошы як даніну павагі памерламу і ягонай справе.
Ужо 33 памерлі. У Беларусі прызналі 3281 выпадак COVID-19, плюс 362 за дзень
Паводле Мінздароўя, на раніцу 14 красавіка:
- 3281 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістравана агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў гэта выпісаных і памерлых);
- 2444 шпіталізаваныя, а ў астатніх «хвароба працякае ў лёгкай форме і яны лекуюцца амбуляторна»;
- зь іх 57 «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьць пацыентаў у цяжкім і крытычным стане);
- 33 памерлі, і міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя былі «з шэрагам хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксаваныя 362 выпадкі за дзень і 4 сьмерці за дзень;
- колькі «паправіліся і выпісаныя» пасьля лячэньня, міністэрства цяпер не паведамляе — днём раней пісалі, што такіх было 203, значыць, цяпер ня больш за 634 хворых выпраўленыя дамоў, а агулам ня больш за 3045 пацыентаў застаюцца на лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй дома ці ў шпіталі (у сьвеце гэта завецца «актыўнымі выпадкамі»);
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 71 875 тэстаў, у правядзеньні якіх задзейнічалі 17 лябараторыяў.
«З 27 дзяцей у групу ходзяць трое». Што адбываецца ў дзіцячых садках Менску, дзе ў супрацоўнікаў выявілі COVID-19
Паводле падлікаў Свабоды, такіх садкоў у сталіцы пакуль пяць. Прынамсі чатыры зь іх працягваюць працаваць.
Пра першы выпадак каранавірусу ў пэрсаналу дзіцячага садка Менску стала вядома 30 сакавіка. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёну Менску Людміла Філіповіч пацьвердзіла Свабодзе, што каранавірус выявілі ў адной з супрацоўніц садка №566.
Праз два дні пасьля гэтага партал Tut.by паведаміў пра выпадак захворваньня ў садку №398 у Фрунзенскім раёне. Яшчэ празь некалькі дзён зьявілася інфармацыя пра падазрэньне на каранавірус у супрацоўніцы дзіцячага садка №455, разьмешчанага ў Маскоўскім раёне Менску. Пасьля — у садку №434 у Савецкім раёне.
Апошняе на гэты момант паведамленьне пра выпадак захворваньня ў дзіцячым садку зьявілася ў пятніцу 9 красавіка. Чацьвёртай установай стаў дзіцячы садок №479 у Заводзкім раёне. Як пісаў Tut.by, каранавірус знайшлі адразу ў двух супрацоўнікаў.
Зьвязацца з садком №434 раніцай 14 красавіка не ўдалося. Ды астатнія чатыры дашкольныя ўстановы працягваюць працаваць. У тым ліку садок №479.
У Кітаі дазволілі выпрабаваць на людзях яшчэ дзьве магчымыя вакцыны ад каранавірусу
Улады Кітаю ўхвалілі тэсты раньняга этапу на людзях для дзьвюх экспэрымэнтальных вакцынаў, якія могуць ужывацца супраць новага каранавірусу SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19. Вакцыны распрацоўваюць пэкінская кампанія Sinovac Biotech і Ўханьскі інстытут біялягічных прадуктаў, зьвязаны зь дзяржаўнай Кітайскай нацыянальнай фармацэўтычнай групай.
Яшчэ ў сакавіку Кітай ухваліў клінічныя выпрабаваньні яшчэ адной «вакцыны-кандыдата» ад кампаніі CanSino Bio і Акадэміі вайсковых мэдычных навук. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як у Злучаных Штатах кампанія Moderna ў супрацы з Нацыянальным інстытутам здароўя абвясьціла аб пачатку тэстаў на людзях сваёй вакцыны.
Сусьветная арганізацыя здароўя на момант публікацыі заяўляе, што не вядома ніякіх лекаў і вакцынаў, якія б маглі прадухіліць або вылекаваць COVID-19. Хворым могуць хіба здымаць сымптомы. Ды 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі нібы «мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
Губэрнатар Нью-Ёрка: найгоршы этап пандэміі мінуў
Падчас штодзённага прэс-брыфінгу губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома паведаміў, што атрымалася «ўзяць пад кантроль распаўсюджваньне інфэкцыі». Мяркуючы па ўсім, «найгоршае ў мінулым, калі мы будзем працягваць дзейнічаць разумна», сказаў губэрнатар.
У той час, як колькасьць памерлых у штаце ад COVID-19 перавысіла 10 тысяч чалавек, колькасьць сьмяротных выпадкаў пачала зьніжацца, лік пацыентаў, шпіталізаваных з дыягназам COVID-19, таксама пайшоў на спад.
Губэрнатар лічыць, што амаль поўнае прыпыненьне эканамічнай актыўнасьці, закрыцьцё школ і ўнівэрсытэтаў, карантынныя захады дапамаглі стрымаць распаўсюд каранавірусу.
Адначасова Эндру Куома паведаміў, што ён сурольна з губэрнатарамі шасьці суседніх штатаў рыхтуе плян паступовага аднаўленьня працы фірмаў і прадпрыемстваў. Дэталі пляну пакуль невядомыя, але ён пачне ажыцьцяўляцца толькі пасьля маштабнага тэставаньня жыхароў штатаў з тым, каб атрымаць яснае ўяўленьне аб узроўні заражэньня.
Ня выключана, што першымі да працы змогуць вярнуцца тыя, хто перахварэў на COVID-19 і атрымаў імунітэт да гэтай інфэкцыі. Нічога не гаворыцца пра тое, калі гэты плян пачне ажыцьцяўляцца.