Расея адраджае «савецкую Эўравізію» ў рэтра-стылі, поўным настальгіі па «халоднай вайне»

Сьцягі краін-удзельніц «Интервидения»

Сьцісла

  • Расея аднавіла «Интервидение», песенны конкурс савецкіх часоў, у якім удзельнічаюць 22 дзяржавы
  • Крытыкі сьцьвярджаюць, што гэтая імпрэза служыць геапалітычным інструмэнтам, выяўляючы антызаходнюю пазыцыю Масквы і канкуруючы з «Эўравізіяй», у якой удзел Расеі забаронены з 2022 году
  • Расейскія чыноўнікі робяць акцэнт на «духоўных каштоўнасьцях», але крытыкі кажуць, што «Интервидение» — ня столькі музыка, колькі распаўсюджаньне ўплываў Масквы за мяжу
Расея адраджае «Интервидение», песенны конкурс савецкіх часоў, які калісьці падавалі як альтэрнатыву «Эўравізіі». Чыноўнікі называюць яго культурным абменам, але крытыкі бачаць у ім вяртаньне да «халоднай вайны» з мэтай распаўсюджваць уплывы Масквы.

Пра «Интервидение» піша Мерхат Шарыпжан, журналіст Радыё Свабода, які спэцыялізуецца на падзеях у былым Савецкім Саюзе.

Расейскія музыкі сталі непажаданымі на сцэне песеннага конкурсу «Эўравізія» з таго моманту, калі Масква пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе. З таго ж часу на «Эўравізію» не запрашаюць і Беларусь як саўдзельніцу расейскай вайны.

Але Расея хоча забясьпечыць артыстам месца для дэманстрацыі іхных талентаў у конкурсе, прасякнутым настальгіяй па халоднай вайне. Расея адраджае «Интервидение», песенны конкурс савецкіх часоў, які калісьці мусіў супрацьстаяць «Эўравізіі».

Арганізатары кажуць, што ў конкурсе, які яны называюць сьвятам культуры, возьмуць удзел прынамсі 22 краіны. Аднак крытыкі разглядаюць гэта як спробу адрадзіць геапалітычны інструмэнт на пацеху тым, хто прагне вярнуць Расеі ўплывы часоў халоднай вайны.

Беларусь на «Интервидении» прэзэнтуе сьпявачка Настасься Краўчанка з нумарам «Матылёк», які будзе выкананы разам з паветранымі гімнастамі.

Конкурс «Интервидение» ўпершыню праводзілі ў Чэхаславаччыне з 1965 па 1968 год як культурнае мерапрыемства Міжнароднай арганізацыі радыё і тэлевізіі OIRT — усходнеэўрапейскай сеткі радыё- і тэлетрансьлятараў. Імпрэзу рэклямавалі як сацыялістычную альтэрнатыву «Эўравізіі», і, хоць яна ніяк не магла канкураваць з папулярнасьцю іншага конкурсу, але мела палітычную вагу, дэманструючы ўяўную салідарнасьць краін Варшаўскай дамовы.

Интервидение

Конкурс быў адноўлены ў Польшчы ў 1977 годзе і спыніў сваё існаваньне ў 1980 годзе падчас эканамічнага крызісу і ўздыму руху «Салідарнасьць» у краіне.

Калі барадатая аўстрыйская сьпявачка Канчыта Вурст перамагла на «Эўравізіі» ў 2014 годзе, расейскія ўлады абвясьцілі аб плянах аднавіць конкурс як «альтэрнатыву барадатай „Эўравізіі“, але з гэтага нічога ня выйшла.


Your browser doesn’t support HTML5

Intervision: The Soviet Eurovision


Аднак цяпер «Интервидение» вяртаецца — пасьля дэкрэту аб гэтым расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Расейскія чыноўнікі называюць яго формай падтрымкі «міжнароднай культурнай і гуманітарнай супрацы», хоць крытыкі сьцьвярджаюць, што яго адраджэньне — гэта ня столькі музыка, колькі мэханізм пашырэньня міжнародных уплываў Масквы.

«Духоўныя каштоўнасьці»

Віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітрый Чарнышэнка ўзначальвае арганізацыйны камітэт, а першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Кірыенка кантралюе працэс. Фінал пройдзе на «Live Арена» ў Новаіванаўскім пад Масквой 20 верасьня.

Чарнышэнка раней заявіў, што «галоўная ўмова для краін-удзельніц — падзяляць нашыя духоўныя каштоўнасьці». Аднак Міхаіл Швыдкой, спэцыяльны прадстаўнік Пуціна ў міжнароднай культурнай супрацы, пазьней заявіў, што «Интервидение» адкрытае і для ўдзельнікаў зь «недружалюбных краін».

І ўсё ж большасьць краін, якія ўдзельнічаюць у фінале, адлюстроўваюць геапалітычную арыентацыю Масквы. Акрамя Расеі, гэта Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, Беларусь, Бразылія, Віетнам, Вэнэсуэла, Індыя, Кітай, Куба, Казахстан, Калюмбія, Катар, Кенія, Кыргызстан, Мадагаскар, Паўднёвая Афрыка, Саудаўская Аравія, Сэрбія, Таджыкістан, Узбэкістан, Эгіпет і Этыёпія.

Для Крамля ўдзел амэрыканскага выканаўцы Брэндана Гаўарда з Лос-Анджэлесу быў відавочным прапагандысцкім ходам, які дазваляў Маскве сьцвярджаць, што «Интервидение» больш інклюзіўнае, чым «Эўравізія». Але Гаўард адмовіўся ад удзелу ў апошні момант, спасылаючыся на няпэўныя сямейныя прычыны.

Тым часам у прэс-службе «Интервидения» сказалі, што амэрыканца на конкурсе заменіць сьпявачка з Аўстраліі Vassy. На сайце каонкурсу пішуць, што яна пераехала ў ЗША ў 2013 годзе. Як вынікае з адкрытай інфармацыі, Vassy (сапраўднае імя Васілікі Карагіёргас), апроч аўстралійскага, мае грэцкі пашпарт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстрыя перамагла на конкурсе песьні «Эўравізія 2025»

«Сучасныя рэаліі»

16 верасьня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у суправаджэньні Чарнышэнкі, Кірыенкі і Канстанціна Эрнста, генэральнага дырэктара расейскага дзяржаўнага «Першага каналу», правёў прэс-канфэрэнцыю ў Маскве, дзе назваў «Интервидение» «плятформай для ўмацаваньня ўзаемаразуменьня і культурных сувязяў».

Многім з тых, хто рос у Савецкім Саюзе і Ўсходняй Эўропе падчас «халоднай вайны», пэўныя заявы на прэс-канфэрэнцыі, калі чыноўнікі нападалі на заходнія каштоўнасьці, нагадвалі прамовы лідэраў камуністычных часоў.

«Мы адраджаем савецкае „Интервидение“, але трэба ўлічваць сучасныя аспэкты сытуацыі», — сказаў Лаўроў.

Яшчэ ён гаварыў пра важнасьць таго, што ён назваў пляцоўкамі, свабоднымі ад «дыскрымінацыі, навязваньня новых сучасных „прачытаньняў“», падкрэсьлена спасылаючыся на цырымонію адкрыцьця Алімпіяды ў Парыжы, у якую ўваходзіла інтэрпрэтацыя «Таемнай вячэры» Леанарда да Вінчы ў стылі кэмп з удзелам трансвэстытаў, што выклікала крытыку з боку кансэрватыўных і рэлігійных групаў.

«Мы толькі радыя, калі дапамагаем раскрывацца найлепшым натуральным чалавечым пачуцьцям, закладзеным Богам і бацькамі», — дадаў Лаўроў.

Кірыенка сказаў, што «Интервидение» «адкрыта для ўсіх», і заявіў, што многія артысты зь іншых краін, якія хацелі прыняць удзел, не змаглі гэтага зрабіць праз «палітычныя абмежаваньні». «Іхны выбар не супаў з думкай лідэраў адпаведных краін», — сказаў Кірыенка, не заглыбляючыся ў дэталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карнавалы і парады. У Швайцарыі адкрываецца 69-я «Эўравізія»

«Геапалітычная лёгіка»

Музычны блогер Андрэй Літвінаў, які нарадзіўся ў Казахстане і жыве ў ЗША, заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што «геапалітычная лёгіка „Интервидения“ выглядае яснай».

«Як і Савецкі Саюз у мінулым, сёньняшняя Расея зноў канфліктуе з Захадам, гэтым разам праз агрэсію супраць Украіны. Пасьля таго як у 2022 годзе Расею выключылі з „Эўравізіі“ за вайну, яна страціла адну з самых бачных у Эўропе пляцовак сваёй культурнай прысутнасьці», — сказаў ён.

Паводле Літвінава, адраджэньне «Интервидения» як інструмэнту мяккай сілы «дазваляе Маскве пазыцыянаваць сябе як культурнага лідэра альтэрнатыўнага блёку, прадстаўляючы некаторыя былыя савецкія рэспублікі і краіны глябальнага Поўдня».

Вядомы расейскі культурны крытык і музычны экспэрт Арцемій Троіцкі, які цяпер жыве ў эміграцыі ў Эстоніі, заявіў выданьню «Настоящее время», што ідэя аднаўленьня музычнага конкурсу часоў «халоднай вайны» — гэта «проста чарговы напамін, што пуцінская Расея вярнулася ў „савок“».

Троіцкі дадаў, што ў краіне, якая цярпіць ад карупцыі, правядзеньне «Интервидения» можа стварыць магчымасьці для неэфэктыўнага кіраваньня ці злоўжываньня мільёнамі даляраў дзяржаўных сродкаў, вылучаных на гэтую падзею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест «Эўравізіі» Расея праводзіць «Интервидение», у ім возьме ўдзел і Беларусь