Больш за 35 000 хасыдаў падчас вайны зноў прыехалі ва ўкраінскі горад Умань, каб адзначыць габрэйскі Новы год

Сёлета Рош га-Шана будзе адзначацца з 22 па 24 верасьня. З-за гэтага ў Умані ўзмоцненыя захады бясьпекі. Архіўнае фота

У горадзе Умані знаходзіцца магіла цадзіка (праведніка) Нахмана, заснавальніка так званага брацлаўскага кірунку хасыдызму.

Больш за 35 000 хасыдаў ужо прыбылі ў Умань Чаркаскай вобласьці, каб адзначыць Рош га-Шана, габрэйскі Новы год, паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Паводле яго слоў, прыбыцьцё паломнікаў ва Ўкраіну праз мяжу з ЭЗ і Малдовай назіраецца ўжо некалькі тыдняў, але асноўная колькасьць прыбыла ў апошнія пяць дзён, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Паводле нашых ацэнак, за апошнія некалькі тыдняў заяўкі на ўезд ва Ўкраіну падалі больш за 35 000 хасыдскіх паломнікаў, большасьць зь якіх падарожнічалі арганізаванымі групамі. Былі і адмовы ва ўезьдзе», — сказаў Дземчанка.

Паводле яго слоў, адмовы былі зьвязаны з праблемамі з дакумэнтамі або наяўнасьцю забароны на ўезд ва Ўкраіну, якая была выдадзена раней.

Сёлета Рош га-Шана адзначаецца з 22 па 24 верасьня. З-за гэтага ў Умані ўзмоцнены захады бясьпекі.

У Умані знаходзіцца магіла цадзіка (праведніка) Нахмана, заснавальніка так званага брацлаўскага кірунку хасыдызму, адна з самых шанаваных сьвятынь і месца паломніцтва прадстаўнікоў гэтага кірунку. Усе габрэі гэтага кірунку хасыдызму лічаць сваім абавязкам хаця б раз у жыцьці наведаць магілу цадзі Нахмана і вераць, што Новы год, калі яны сустрэнуць яго ў сьвята Рош га-Шана ў Умані, абавязкова будзе для іх шчасьлівым. У мінулым годзе ў Умань прыбыло больш за 33,5 тысячы пілігрымаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 11 тысяч хасідаў прыехалі ва ўкраінскую Умань на сьвята, нягледзячы на пагрозу расейскіх нападаў