Аэрапорты Капэнгагену і Осла на некалькі гадзін спынялі палёты праз дроны

У аэрапорце Капэнгагену падчас спыненьня руху самалётаў. 22 верасьня 2025 году

Паліцыя праводзіць інтэнсіўнае расьсьледаваньне.

Аэрапорт Капэнгагену, самы загружаны ў скандынаўскім рэгіёне, заявіў, што зноў адкрыўся ў аўторак раніцай пасьля таго, як з прычыны дронаў там спынілі ўсе ўзьлёты і пасадкі амаль на чатыры гадзіны. Нарвэскі аэрапорт Осла таксама зноў адкрыўся пасьля закрыцьця сваёй паветранай прасторы празь бесьпілётнік, піша Reuters.

«Паліцыя пачала інтэнсіўнае расьсьледаваньне, каб вызначыць, што гэта за дроны, — сказаў журналістам намесьнік памочніка камісара паліцыі Капэнгагену Якаб Гансэн. — Дроны зьніклі, і мы ніводнага зь іх не затрымалі», — дадаў ён.

Гансэн сказаў, што ўлады Даніі й Нарвэгіі будуць супрацоўнічаць, каб вызначыць, ці ёсьць сувязь паміж двума інцыдэнтамі.

Паветраная прастора аэрапорту Осла ў Нарвэгіі была зноў адкрытая а 3:22 раніцы, паведаміў прадстаўнік нарвэскага апэратара аэрапорту Avinor.

Яна была закрытая з поўначы праз дрон, усе рэйсы перанакіравалі ў бліжэйшы аэрапорт.

Дацкая паліцыя ў панядзелак паведаміла, што два ці тры вялікія дроны былі заўважаныя ў палёце каля аэрапорту Капэнгаген, таму ён быў закрыты для руху.

Паводле зьвестак службы сачэньня за палётамі FlightRadar, аэрапорт спыніў працу ў панядзелак а 20:26. Каля 50 рэйсаў былі перанакіраваныя ў альтэрнатыўныя аэрапорты, паведаміў FlightRadar на X.

Пасля паўторнага адкрыцьця аэрапорт Капэнгагену заявіў, што затрымкі і некаторыя скасаваньні вылетаў будуць працягвацца, і заклікаў пасажыраў зьвяртацца ў свае авіякампаніі.

Закрывалі аэрапорт пасьля сэрыі збояў у эўрапейскіх аэрапортах апошнімі днямі.

Кібэратака ў мінулую пятніцу вывела з ладу сыстэмы рэгістрацыі і пасадкі, якія пастаўляе Collins Aerospace, падразьдзел RTX, што паўплывала на працу аэрапортаў Лёндану, Бэрліну і Брусэлю. Цягам выходных і ў панядзелак наступствы гэтага працягвалі перашкаджаць падарожжам па ўсім рэгіёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве паведамілі, колькі разоў вайсковая авіяцыя Расеі парушала правілы палёту над Балтыкай за апошнія сем дзён
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія закрывае паветраную прастору над мяжой зь Беларусьсю і Расеяй