Палову рэйсаў «Аэрофлота» з Масквы ў Менск 23 верасьня адмянілі на фоне атакі дронаў

Маскоўскі аэрапорт, архіўнае фота

Гэта ня першы падобны інцыдэнт у расейскай авіяпрасторы, атакі дронаў на Расею пачасьціліся ў 2025 годзе.

Расейская кампанія «Аэрофлот» адмяніла рэйсы з Масквы ў Менск, якія былі заплянаваны 23 верасьня на 00:20, 09:10 і 12:15, сьведчыць расклад авіяперавозчыка, піша «Позірк».

Акрамя таго, былі адмененыя палёты з Менска ў Маскву, якія плянаваліся на 01:00, 06:30, 11:40 і 14:45.

Рэйсы з Масквы ў 15:00 (са зваротным вылетам зь Менска ў 17:20), 18:40 (20:10) і 20:25 (22:55) застаюцца ў сіле.

У раскладзе «Белавія» і расейскага авіяперавозчыка «Победа», самалёты якіх таксама курсуюць паміж Менскам і Масквой, зьмен няма.

Абмежаваньні ў працы маскоўскага аэрапорта «Шереметьево» ўводзіліся зь вечара 22 верасьня. Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў аб зьбіцьці дзясятка ўкраінскіх бесьпілётнікаў, якія ляцелі на Маскву некалькімі хвалямі раніцай 23 верасьня.

У «Шереметьево» з-за абмежаваньняў быў перанесены вылет 45 рэйсаў, адменена 29 вылетаў. Прыбыцьцё 54 рэйсаў адкладзенае, яшчэ 10 рэйсаў на прылёт адменена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аэрофлот» працягвае адмяняць рэйсы пасьля хакерскага нападу, у тым ліку ў Менск
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці бясьпечна лётаць на самалётах зь Беларусі ў Расею. Тлумачыць авіяцыйны экспэрт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зноў скасавалі рэйс «Аэрофлота» зь Менску ў Маскву